— Ау, хлопцы, што гэта вы тут робіце? — пачуўся зусім побач дзявочы голас. Лаўцы азірнуліся — да іх падплывала дзяўчына. Лёгка, па-сабачы падграбаючы, адфыркваючыся ад хваль, яна наблізілася і стала на ногі метры за тры ад хлопцаў. Вада даходзіла ёй да клубоў, аднак гэта не замінала разгледзець, што была яна надзвычай прывабная. Яна проста свяцілася прыгажосцю. Тонкі, першы загар смугліў цела, доўгія, распушчаныя валасы цесна апляталі плечы, акруглялі твар, які, здавалася, увесь занялі вялізныя вочы... Русалка, дый годзе.
— Ракаў ловім, не бачыш...— незадаволена і незразумела груба буркнуў у адказ Уладзя і асцярожна дастаў з вады чарговага небараку. Пры гэтым аніколькі не зморшчыўся, хоць рак да крыві парэзаў клюшнёю руку.
- Ой, як цікава! А можна мне паглядзець? — мяккім голасам, які ў цесныя абдымкі браў сэрца і не адпускаў, не прагаварыла, а праспявала дзяўчына.
- Чаму ж не... Калі хочаш, і сама паспрабуй злавіць.
- Не-е, стра-ашна... Я такая баязлівая...
Юрасю дзяўчына спадабалася — ажно дух заняло. «Кажуць пра каханне з першага погляду — можа, яно й бывае такім»,— падумаў Юрась. Ен стаяў моўчкі, пазіраў на дзяўчыну, лавіў голас, які так пасаваў ёй, і здзіўляўся, як ва Уладзі язык паварочваецца нешта адказваць, перамаўляцца з ёю. Юрась зірнуў на сябра і ўбачыў, што той не менш за яго заварожаны, зачараваны дзяўчынаю. А яна была ўжо зусім побач, па той бок чоўна, і ўзіралася ў ягонае дно, па якім поўзалі ў вадзе, счапіўшыся па двое, па трое, ракі, збіваліся ў страшныя, ад настаўленых ва ўсе бакі клюшняў, купкі. Дзяўчына схілілася над чоўнам, і Юрасю стала не па сабе — такая прыцягальная сіла зыходзіла ад яе. Сэрца затахкала, забілася часценька, бы на экзамене, перад тым як білет цягнуць. А калі Юрась заўважыў, як выглядваюць з-пад невялікага купальнага станіка яе маленькія, востранькія грудзі, то сэрца зайшлося ў стогне, і ледзь не страціў прытомнасць... Юрась не разумеў, што з ім адбываецца, ён не мог стрымліваць свае пачуцці, аддаўся ім і млеў ад прысутнасці невядомае дзяўчыны.
Хлопцы злавілі яшчэ з дзесятак ракаў, перакідваючыся з дзяўчынаю нейкімі нікчэмнымі словамі. А потым пачалі збірацца «дамоў», да свайго намёта. Юрась улез у човен, сабраў у вядро ракаў.
- Вы паплывеце ўжо? — весела, нават неяк шчасліва спытала дзяўчына.
- Так...— толькі й прамовіў Юрась.
- А куды? Ці далёка?
- Вунь на мысок наш, да намёта,— кіўнуў галавою некуды ўдалеч Уладзя.
- Ой, а можна мне з вамі, ага? Я ведаю: вы ракаў варыць будзеце! А я так хачу іх пакаштаваць...
- А ты што, адна тут?
- Не-е, з бацькамі. Але яны супраць не будуць. Я зараз ім памахаю.
Дзяўчына ўзняла ўгару тонкую і гнуткую, нібы лебядзіная шыя, руку, плаўна правяла ёю па паветры, як па вадзе, і крыкнула: «Эге-гей!»
На беразе, ад жоўтага польскага намёта, ля якога стаялі новенькія чырвоныя «Жыгулі», адразу ж, быццам чакаўшы гэтага знаку, адарвалася постаць жанчыны ў паласатым купальніку.
- Мама-а! — звонка крыкнула дзяўчына.— Можна, я з хлопцамі пакатаюся? Тут, недалёка...
Жанчына памахала ў адказ рукою: можна, можна. Дзяўчына спрытна і лёгка забралася ў човен і сказала:
— Мяне завуць Гэля. А вас? Хлопцы назваліся.
Уладзя ўзяўся за вёслы, і Юрасю давялося сесці на лаўцы побач з Гэляю. I праз колькі хвілінаў ён пашкадаваў пра тое... бо што гэта было за выпрабаванне! Юрась не бачыў анічога вакол, вочы засціў туман, які наплываў аднекуль знутры. Усім целам адчуваў ён Гэлю, і толькі Гэлю. А калі яна незнарок апякала яго сваім дотыкам альбо дыханнем... Што і казаць, што і тлумачыць... Адно добра: прыхапілі хлопцы з сабою ў човен сёе-тое з апраткі, і Юрась падняў і своечасова накінуў сабе на калені кашулю, а то — сораму не абабрацца б.
Гэля весела шчабятала ўсю дарогу і, здавалася, анічога не заўважала. Распавядала пра сябе. Яна з бацькамі прыехала сюды, на Сяляву, за Барысаў, на адпачынак з Мінска. Бацька яе вядомы прафесар, філолаг, выкладчык універсітэта. Яна й прозвішча назвала: Бойка, ці што... Яны тут упершыню, і ім надта падабаецца. I возера, і вада, і лес, поўны ягадаў і грыбоў... А вам?
Хо! Юрась і Уладзя былі даўнімі наведнікамі гэтых мясцінаў. Ужо трэці год запар, у чэрвені, пад час сесіі, прыязджалі яны сюды, каб падрыхтавацца да чарговага экзамена: пачытаць на прыродзе падручнікі, а заадно палавіць ракаў, рыбу, пазагараць і пакупацца... А можа, й наадварот.
- Здорава прыдумалі! — сказала Гэля.— Я таксама вучуся, але ў нас аніхто да такога не дадумаўся. Ведаеце што,— прапанавала раптам яна,— а бярыце наступным разам мяне з сабою, ага?
Читать дальше