Звычайнае як бы не падупадае зменам, яно заўсёднае, і таму выпадае з поля ўвагі.
Бог — нешта настолькі незвычайна звычайнае, што яго немагчыма распазнаць і запомніць.
*
Дарогі доўжацца — і чалавек ніколі не можа напэўна сказаць, кім ён ёсць і кім становіцца.
Але менавіта таму, што яны доўжацца, ён заўсёды ёсць тым, кім становіцца.
*
З «траякага» хлеба, пра які гаворыць айчынная прыказка,— з чорнага, белага і ніякага, мастак выбірае той, што выпадае з ужытку,— ніякі.
Ніякі — хлеб для душы, і ім значнае мастацтва.
*
Прароцтва абвяшчае тое, што ўжо нейкім чынам недзе ё с ц ь, і верш таксама складаецца таму, што нейкім чынам ён ужо недзе ё с ц ь.
Ёсціна — ісціна, і верш — падобны на стралу працяжнік між імі.
*
Крыза — творчая сітуацыя: яна вызваляе ад таго, ад чаго ты сам вызваліцца не ўмееш,— ад набыткаў.
*
Шкамуты паперы і на іх нататкі — неразборлівыя, у некалькі слоў, нібыта для некага, хто зможа аднойчы іх прачытаць і дадумаць, а можа, нават разгарнуць у твор.
Чытаю, дадумваю, разгортваю, але і сам твор, урэшце, заўсёды таксама нататка, і, напісаны для чытача, ён, урэшце, таксама напісаны нібы для некага, для таго, хто здолее яго дадумаць да дна і да краю, а яшчэ лепш да бездані і бяскраю, бо ў падтэксце любога твора — яны.
*
Лішні клопат апраўдваць свае хібы і віны, і нават апраўдвацца за іх — лішні.
Пакідай, наставай, змяняйся — і ўсё не ўласцівае табе адпадзе, і ўсё заблытанае развяжацца.
*
Задума — вестка: яна пабыла ў канцы і вярнулася ў пачатак, каб зараз весці з сабою твор па адно ёй вядомых сцежках.
*
Твор вынікае з галавы аўтара тады, калі вынікае са збегу — відавочных і невідавочных — акалічнасцяў.
Ён імі абумоўлены, і тое, што не спраўдзілася тады, калі задума вабіла і падступалася, але адкладалася на потым, потым ужо не спраўдзіц-ца, а калі спраўдзіцца, дык па-іншаму.
*
Пытанне ладкуе і парадкуе размытае і размаітае, і тое, што аб'яўляецца як адказ, у выніку яно самое.
Нібы магічнае люстэрка, адказ можа ўбачыць усё на свеце, калі пытанне скажа яму — што.
*
Свет — палатно, на якім чалавек малюе сваё аблічча.
Ён бачыць, які ён, і бесперастанку ўдакладняе — удасканальвае — намаляванае.
А дасканалым яно стане тады, калі палатно стане чыстым.
*
Паэт мысліць тым, што вымаўляецца; філосаф вымаўляецца тым, што мысліць.
*
Мясціны, дзе некалі быў, паглыбіліся ў мінулае і ахінуліся ў немату. Яны сталі выспамі і час ад часу настойліва клічуць мяне — што я там пакінуў?
Нічога, апроч сваёй прысутнасці, а яна хоча перажывацца наноў, і ніякіх гадоў не хопіць, каб яе перажыць дарэшты.
*
Па сутнасці, верш пішацца з «канца».
Да таго, як ён выявіцца і замацуецца ў радках, у полі інтуіцыі ён ужо існуе як нешта цэласнае і завершанае.
Кіруючыся да гэтай цэласнасці і завершанасці, якраз і творыцца верш — нібы ўспамінае сябе самога.
*
Чалавек жыве знікаючы і ўзнікаючы, і шлях яго перарывісты.
Вось ён хваля: у ёй ён сябе аддае, і вось ён карпускула: у ёй ён сябе збірае.
*
У кожнай паразе чалавек пакідае частку самога сябе, частку, з якой ён з'яднаны сваёю істотай і ад якой проста так адасобіцца не можа.
Але параза, у якой ён здолее пакінуць усяго сябе,— перамога.
*
Тое, што ёсць т у т, укладаецца ў словы, якія ўкладаюцца ў слоўнікі.
Для таго, што ёсць т а м, слоў няма, але ў слоў, што нейкім чынам дакрануліся да таго, што ёсць т а м,— асаблівая дастатковасць.
*
Зайграй,зайграй, хлопча малы,
I ў скрыпачку і цымбалы,
А я зайграю ў дуду...— гэта Паўлюк Багрым.
Сваім адзіна ўцалелым вершам ён выявіў сам дух беларушчыны, і як, паводле Дастаеўскага, з Гогалеўскага «Шыняля» выйшла руская літаратура, так з гэтага Багрымавага верша дзіўным чынам выйшлі і адгукнуліся яму Багушэвічава «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», Купалава «Жалейка», Цётчына «Скрыпка беларуская», Коласавы «Песні-жальбы».
А калі згадаць той, другі, адваротны бок чалавечага існавання, што мае справу з «адваротнымі», сле ўсё роўна сваімі і нават больш чым сваімі істотамі — каршунамі, кажанамі ды ваўкалакамі, то Багрым паўстае папярэднікам і містычнага Купалы, і міфалагічнага Багдановіча, і няўцешнага Гаруна, і апанаванага пан-лесам Сыса...
Невытлумачальным папярэднікам.
I яшчэ адно — вектар: «Пайду ў свет, у бездарожжа...» Айчынная паэзія, каб выказаць невыказнае, увесь час будзе шукаць шляхі ў «бездарожжа».
*
Паводле хрысціянскай, ды і не толькі, тэалогіі Бог трохадзіны, і якраз праз іпастась Бога-Сына у гэтую мадэль уваходзіць ці, прынамсі, здольны ўвайсці, дзейснячы свой шлях, чалавек.
Читать дальше