*
Эвалюцыя адбываецца ў кірунку, у якім я магу ўсё больш і — наадварот — усё больш не магу. За абсягамі акрэсленай рэчаіснасці настойліва вымалёўваецца абсяг, дзе ўсё і нішто азначаюць адно і тое ж.
*
Структура часу, як і структура ДНК, уяўляе двайную спіраль: адна вядзе ў будучыню, другая - у мінулае, адна - уверх, другая - уніз. Гэтая двайная спіраль відаць і на старажытных сімвалах: кадуцэй Гермеса абвіваецца дзвюма вужакамі.
*
Вада і агонь, якія пярэчаць адно аднаму, мірацца на чалавеку: і вада ачышчае яго, і агонь таксама.
*
Вечнасць — не доўгі час, інакш яе насельнікамі былі б адно камяні і бронза, а новая якасць жыцця і часу, і творыцца яна жывымі людзьмі.
*
Калі палітыка — мастацтва магчымага, то само мастацтва — мастацтва немагчымага.
*
Як сляды на снезе не падобныя на таго, хто іх пакідае, так і той, хто іх пакідае, не падобны на таго, чыім следам ён з'яўляецца сам,- на сваю сутнасць.
*
Вобраз, як шыбіна ў акне: калі празрыстая – не заўважаецца, калі заўважаецца — не празрыстая. У мастацтве асноўнае не сам вобраз, а яго здольнасць быць празрыстым, прапускаць праз сябе тое, чым ён сам не з'яўляецца, быць «праз-вобразам».
*
Чалавек мысліць тою сваёй іпастассю, якая і сама яшчэ творыцца. Таму і магчыма, таму і мае сэнс творчасць, што разам з задуманым творам дзейсніцца яшчэ адзін твор — творца.
*
Адна немагчымасць — гэта толькі немагчымасць.
Але сума немагчымасцяў дазваляе ўзнікнуць новаму стану рэчаў — магчымасці.
*
У вершы, што кажацца,- здзяйсняецца. Паэзія — здзейсненая мова.
*
Рассыпаны на паперы жмені слоў.
I я нічым не магу ім дапамагчы.
І яны, і я чакаем хвалі, якая б прыйшла і зрушыла іх, і надала ім змест і мэту.
Без хвалі, што настае, няма ні твора, ні творцы.
*
Здзяйсненні загадзя ведаюць нас, і пры сустрэчы з самым здзейсненым творам, з шэдэўрам, узнікае ўражанне, што сустракаешся з нечым даўно знаёмым.
*
Чалавек шукае сваё месца ў свеце і мае каардынату, якой не мае свет.
«Добраму чалавечку добра і ў запечку, а благой благаце кепска і на куце»,— кажа прыказка.
Добра не там, дзе нас няма, а там, дзе мы ё с ц ь.
*
Калі Бог надзяліў чалавека жыццём, чалавеку захацелася ўведаць і мэту жыцця, і тады Бог надзяліў яго гэтаксама і смерцю.
*
Скласці правільна словы — скласці ўзор самой рэчаіснасці, і якраз з узорамі рэчаіснасці мае справу паэзія.
*
Чалавек — вечны пярэдадзень таго, кім ён становіцца.
Апошняга чалавека няма, ён заўсёды перадапошні.
*
Перапісваю чарнавік. Потым, перапісаўшы, пачынаю наноў перапісваць перапісанае: нейкае, падобнае на капрыз, незадавальненне штурхае гэта рабіць.
Не тая папера, не тая самапіска, не той настрой почырку — усе гэтыя драбніцы замінаюць выявіцца і распазнацца задуме. Яна залежыць ад іх, і яны патрабуюць, каб з імі лічыліся як з модусамі, што маюць дачыненне да з'явы творчасці.
*
Адлегласць — гэта тое, што аддзяляе чалавека ад рэчаіснасці і адначасова лучыць яго з ёю.
У ёй — і ёю — зберагаецца мера, дзякуючы якой рэчаіснасць мае самую сябе, а чалавек самім сабой ёсць.
Калі яна парушаецца, тады рэчы мяняюць аблічча і «кожны анёл жахлівы», як некалі ў Р. М. Рыльке.
*
З'явы, што ў сваіх абсягах пярэчаць адна адной, маюць вынесены за межы абсягаў цэнтр і з ім суадносяцца.
Але суадносяцца па-рознаму, і ў гэтай «па-рознасці» значэнне кожнай з'явы.
*
Узоры для творчасці не ў здзейсненым табою ці некім, а ў самім няздзейсненым: адно тыя сцежкі, якімі ніхто не хадзіў, вядуць да мэты, і адно тая мэта, якое ніхто да цябе не асягаў, памятае цябе.
*
Новае слова настае з невымоўнасці і, перад тым як вымавіцца, адбірае ў таго, каму яно сябе давярае, мову: яно павінна вымавіцца с а м о.
*
Кожны раз, калі чалавецтва набліжалася да сваёй чарговай мяжы, адбывалася трансмутацыя архетыпаў ці, інакш кажучы, гібель багоў.
Ёй, гэтай гібеллю багоў, суправаджаецца, якой бы яна ні была, эвалюцыя чалавецтва.
*
Пасля практыкаванняў у замежных мовах так добра пісаць па-свойму — на мове, якую ведаеш ты і якая, галоўнае, ведае цябе.
*
Будучыня не бывае змрочнай: калі змрочная — не будучыня.
Будучыня не бывае не шчаслівай: калі не шчаслівая — не будучыня.
*
Паэзія — прыкладная тэалогія: яна не вядзе гаворкі пра Бога, але ён вымаўляецца ў ёй.
Ва усякім натхнёным слове, няхай яно і не пра Бога,— Бог;
ва усякім завучаным і панылым, няхай яно і пра Бога,— яго няма.
Читать дальше