Яны не сустракаліся ўтрох цэлую вечнасць. З таго моманту, як усё пайшло наперад, занадта хутка, каб думаць і азірацца.
Зрэшты, шмат з кім ён не бачыўся дзесяцігоддзямі.
Некалькі год таму ён выпадкова перастрэў Эву Дамініку. На вуліцы. Адну. Яны міла ўсміхнуліся адно аднаму, здалёк памахалі рукамі — і разышліся. Але раптоўна ў сэрцы зашчыміла, накаціла ўспамінам, і ён вярнуўся, дагнаў, доўга выбачаўся. Запрасіў у кавярню, замовіў віскі і чырвонага, дарагія стравы.
Гаварыў многа, спачатку весела, нават крыху занадта. А потым раптоўна засумаваў, нечакана для сябе прызнаўся, што ўсё шэра і безнадзейна, і ён трымаецца з апошніх сіл.
Яна сядзела і слухала. У пэўны момант узяла яго за руку, як дзіцёнка. А потым сказала: шкада, што мы тады так хутка разбегліся, па сваіх кармах.
І што цяпер з намі няма Францішка.
Ён ведае, як уздымацца.
***
Можа быць, Францішак меў рацыю, і тое, што адбываецца, тлумачыцца не адсюль?
Нашэсце “галодных духаў”? Ён спрабаваў прыгадаць іх размову ў інтэрнаце. Францішак расказваў пра аднаго шведа, які амаль усё жыццё быў геніяльным інжынерам, а скончыў тым, што хадзіў па Лондане і размаўляў з анёламі.
Яны распавялі яму пра розныя рэчы. Пра неба і зямлю, пекла і рай, пра Бога.
Пра тое, што мяжа паміж гэтай і той рэальнасцю вельмі тонкая, і што больш за ўсё трэба баяцца галодных духаў, якія не ведаюць, што яны памёрлі і якія харчуюцца негатывам, адмоўнымі чалавечымі эмоцыямі.
І калі мы дазваляем сабе патануць у іх, духі злятаюцца, як крумкачы на поле бітвы.
Ён раптоўна падумаў, што еўрапейская палітыка і ёсць сёння такім полем бітвы. І пакуль выйграюць тыя, хто ў стане сабраць іх найбольш.
Краіна Еўропа: карабель, абцяжараны тамасам, злымі і галоднымі духамі, паволі апускаецца на дно акіяна гісторыі.
***
Трэба пачаць усё спачатку, падумаў ён: з простых, ясных рэчаў, у якіх немагчыма памыліцца.
Напрыклад, выкладаць гісторыю. У школе. У невялікім мястэчку пад Менскам.
Мець свой дом. З садам і невялікім гародчыкам.
Садзіць бульбу і гуркі, разам з усімі. Раз на год фарбаваць плот.
Нарэшце ўзяць шлюб і нарадзіць дзетак.
Укарэніцца, урасці ў глебу. Стаць часткай ландшафту: як старое дрэва альбо лясная дарога, што вядзе да крыніцы. А можа быць, нават і сваёй, маленькай легендай.
***
Так, лясная дарога. Яна ўсё ж такі сканчалася не тут, мусіў быць яшчэ адзін кавалак шляху. Можа быць, самы важны.
Ён адарваўся ад успамінаў і зноў угледзеўся ў раздарожжа наперадзе. Завёў рухавік і крануўся. Машына сама выбрала кірунак, направа, у гушчар, туды, дзе амаль нічога не праглядалася.
3.
Месца было прыўкраснае. Як быццам яго стварылі адмыслова. Як сюды патрапіў, ён не памятаў. Ехаў, арыентуючыся на інтуіцыю, на ўнутранае пачуццё, заварочваў, калі здавалася гэта вартым. Што дзіўна, амаль заўсёды знаходзіўся працяг, выглядала, што дарога не скончыцца ніколі, так што ён амаль з палёгкай выбраўся на невялікую, зарослую травой і хмызам, забалочаную на ўскрайку паляну.
Далей дарогі не было.
Але быў пах, які за доўгія гады вандровак Багдан пазнаваў беспамылкова. Пахла вадой. Наперадзе мусіла быць лясное возера. І калі пашэнціць, з крыніцай.
Сапраўды, усё так і было, Багдан пакінуў машыну і, прадраўшыся праз хмызняк, убачыў сцежку, якая вяла далей. Пад нагамі хлюпала і калыхалася, было крыху страшна. Сцежка відавочна была кладкай, і вельмі даўняй. Ён зрабіў кій і прамацваў дарогу, бо часам яна абрывалася, сыходзіла пад ваду, і тады прыходзілася ўзважваць кожны крок наперад.
Але пах вёў напрасткі, і ўрэшце ён выйшаў на зарослы рэдкім лесам сухі ўзгорак.
Наперадзе адкрылася возера, празрыстае і ўтульнае. Яно было забалочанае толькі з аднаго, далёкага боку. З іншых вада выходзіла ў пералесак, сухі, чысты, з некалькімі пясчанымі пляжамі.
Гэта было тое, што ён шукаў. Тое, што яму снілася апошнімі месяцамі.
Адзіная праблема — сюды не было як пад’ехаць. Трэба пакідаць машыну і перацягваць рэчы па кладцы. Па якой і аднаму было ісці небяспечна. І ўсё ж — пасля невялікага роздуму — ён адважыўся.
Выбраў для стаянкі невялічкую палянку між соснамі, на ўзвышшы. Выцягнуў з машыны раскладанкі: крэсла і столік, перацягнуў на выспу, разам з прыпасамі. Паставіў намёт, вызначыў месца для вогнішча.
З дровамі тут не было праблемы: сухадрэвіны ляжалі паўсюль, не трэба было нават кудысьці ісці. За паўгадзіны ён зрабіў запас на тыдзень, а можа, і больш.
Распаліў вогнішча, хаця асаблівай патрэбы не было.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу