***
Прафесар быў легендай супраціву, адсядзеў пяць год у часы ранняга ПэРэЭлю, два гады ў часы позняга і нарэшце быў, як ён казаў, на заслужаным адпачынку.
Адпачынкам ён называў факультатыўны семінар, па тэорыі палітычнага дзеяння, які існаваў пры ўніверсітэце. Семінар ён трымаў дзеля асалоды і гаварыў там усё, што думаў. І ўсё, што лічыў патрэбным.
Гаварыў зусім не пра тое, пра што пісалі газеты і паведамляла тэлевізія.
Ды і ягоныя слухачы былі іншымі, чым палякі, якія дагэтуль сустракаліся Багдану.
Мы звыкла лічым, працягнуў ён тады, што, каб дзейнічаць, каб перамагчы і застацца ў рэальнасці, мы мусім выскачыць з свайго ўяўлення. І патрапіць у свет, якім ён ёсць насамрэч.
Праблема толькі ў тым, што ніхто не ведае, якім свет ёсць сам у сабе, без нашага ўяўлення. І ці ён сапраўды існуе, у такой якасці.
Таму, выскачыўшы са свайго ўяўлення пра свет, палітык імкнецца патрапіць у адзін з іншых светаў, а менавіта ў той, які існуе ва ўяўленні звычайных людзей.
Зразумець і прыняць чалавека не ў яго высокіх і рэдкіх формах, а ў самых паспалітых, нізкіх, часам нават агідных.
Палітыкі — праз усю чалавечую гісторыю — гэта тыя, хто ведае гэты свет, і хто хоча на яго ўплываць. Альбо кантраляваць. І нават, чаму не, ім валодаць — гэта ўвогуле іх залатая мара.
Тут прафесар зрабіў паўзу і паглядзеў на ўсіх пераможна.
Але сёння гэты свет не проста вывучаецца і даследуецца. А ствараецца.
Палітыка, сапраўдная палітыка, адбываецца цяпер не на агорах, і не на барыкадах, а ў цішыні сакрэтных лабараторый, дзе праектуецца свет звычайнага чалавека, ягоныя думкі, эмоцыі, каштоўнасці.
І тое, што вы бачыце вакол сябе, што прадстаўляе сябе як трэш, кіч, масавая культура, і хоча, каб яе лічылі стыхійнай, народнай, — чымсьці натуральным, — насамрэч, гэта тонкі і высокатэхналагічны прадукт, зроблены на замову.
І яшчэ, запомніце, сказаў прафесар, раптоўна мяняючы тэму.
Стаўцеся сур’ёзна да грошай і маёмасці.
Хаця б дзеля таго, што сёння не бывае бедных дэмакратый.
Не таму, што бедныя не ў стане дамовіцца, запачаткаваць пэўныя працэдуры.
Проста дэмакратыі сёння — гэта кансэнсус тых, хто багатыя.
Бедных туды проста не прымаюць.
***
Першай рэакцыяй была нязгода, унутраны супраціў. І не толькі таму, што ўсё гэта было занадта канспіратыўна, а да таго ж і неяк зусім абстрактна, інтэлігенцкія штучкі, а трэба ведаць, што канкрэтна рабіць — сёння, заўтра, паслязаўтра.
Багдан інтуітыўна адчуў, што канкрэтнага далей можа быць шмат. Але адчуў таксама, што іх месца ў гэтай карціне свету не надта пачэснае.
І ўсё ж атмасфера была ўтульная, амаль хатняя.
Адразу знайшоўся экземпляр рыдара, Палітычная тэорыя — ад Арыстоцеля да Жыжэка, а яшчэ побач сядзела Агнешка, якая пачала апекавацца ім, паказвала, што трэба глядзець і на якіх старонках.
І ён расслабіўся, дазволіў сабе забыцца, і далей нават не асабліва ўслухоўваўся ў сэнс, занатоўваючы для сябе толькі самыя важныя думкі.
Канечне, сакрэтныя лабараторыі, гэта ўжо на мяжы фола. Але яму, напэўна, можна гаварыць такія рэчы — стары, крыху звар’яцелы прафесар, амаль як у кіно.
І гэта ўсё ж такі ўніверсітэт, а не мітынг.
І не партыйная сустрэча, дзе заўсёды прыходзілася выбіраць словы, каб не адпужнуць патэнцыйных саюзнікаў.
Да таго ж, Агнешка яму спадабалася.
***
Прафесар быў відавочна правым, але большасць студэнтаў ягонага семінара складалі скрайне левыя, нават анархісты.
У яго была свая версія таго, што адбываецца. Зрэшты, гэта больш выглядала не на версію, а на дыягназ. Ён выклаў яго ў кнізе, што выйшла пару год таму ў невялікім нішавым выдавецтве і выклікала сапраўдны скандал.
Кніга называлася Гнілая мадэрнасць і выйшла з прысвячэннем Зыгмунду Баўману, старому сябру. У прадмове дырэктар выдавецтва пісаў, што ў польскай традыцыі не было анічога падобнага ад Анджэя Фрыча Маджэўскага, і што ўсё, пра што піша прафесар, паасобку нібыта і вядомае, але мала хто адважваецца дайсці да канца з гэтымі пасылкамі.
У рэцэнзіях, праўда, асцярожна намякалі, што прафесар зайшоў занадта далёка, а ў кулуарах проста круцілі пальцам каля скроні.
Ён пачынаў не ад Маджэўскага, а ад Арыстоцеля.
Усе ведаюць яго апісанні палітычных рэжымаў, пісаў прафесар у прадмове, але не зважаюць на самае важнае. На сувязі ўсяго з усім. І на кірунак пераходаў.
Арыстоцель намякае на тое, што чалавечае грамадства падлеглае часу — і таму непазбежна старэе, псуецца, загнівае.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу