Жаданне было новым: такога ён не памятаў, хаця патрапляў у розныя сітуацыі. Ён падаў і падымаўся, але ніколі не дазваляў сабе расклейвацца, ішоў наперад.
Так, у яго былі пэўныя пытанні — да свайго жыцця, да сяброў, зрэшты, да эпохі. Былі здрады і адхіленні, былі расчараванні.
І ўсё ж тут было іншае. Больш простае і ў той жа час больш трывожнае, незразумелае.
Было адчуванне, што пакуль ён разбіраўся з абставінамі, у жыцці здарылася дзюрка, прабоіна. І праз гэтую дзюрку ад яго паціху пачало сыходзіць нешта важнае. І цяпер, калі ён быў за два крокі да разумення, што насамрэч здарылася — з эпохай і з ім самім — яго самога амаль не засталося.
***
Таму два дні каля возера мусілі быць не проста турысцкай забавай. Яны павінны былі загойваць.
Ён іх прыдумаў, калі раптам зразумеў, што сілы сканчаюцца і ён можа сарвацца, не дацягнуць да канца выбарчай кампаніі.
Што цяпер самае важнае адляжацца, заціхнуць, як кацянятка, дазволіць цяпельцу жыцця, што ўсё яшчэ жыло, там, пад прысакам, зноў адрадзіцца.
І ён не памыліўся, ён адчуваў гэта з кожнай новай хвілінай, з кожным кіламетрам.
Ён заглыбіўся ў пушчу, лес вакол быў стары, але дыхаць станавілася лягчэй, і, самае галоўнае, у сэрцы пачыналі прачынацца радасныя прадчуванні.
Дарога зрабіла яшчэ адзін паварот, і ён выехаў на лясную палянку. Магчыма, яна і была мэтай ягонага падарожжа.
Налева ішла сцяжына. Досыць шырокая, яна нібы запрашала збочыць і працягнуць вандроўку. Але ўсё ж такі на машыне там не праехаць. Да таго ж было ўражанне, што сцяжына не вяла да нейкага месца, а наадварот, аднекуль вярталася. І, калі паехаць па ёй, стужка пачне адкручвацца назад: лясная дарога, потым прасёлак, а потым нейкая вёсачка. І ўрэшце ён проста прыйдзе да таго, з чаго ўсё пачалося.
Направа сцежкі амаль не было, але штосьці ўгадвалася ў самім ландшафце. Там можна было праехаць, хаця і не было ясна куды.
Наперадзе нічога не праглядалася, там відавочна быў гушчар.
Трэба было выйсці з машыны, агледзецца.
Але раптам накаціла цёплая хваля, адкрылася яшчэ адна доўгачаканая сцежка, ён заглушыў рухавік, дастаў тэрмас з кавай і адправіўся ў пошукі іншага раздарожжа.
***
Дваццаць год праляцелі, як птушка: здавалася, яны толькі ўчора ладзілі тое Купалле, каля далёкага ляснога возера.
Дзве гадзіны электрычкай, яшчэ столькі ж пешкі, стомленыя і напружаныя, яны дайшлі да месца толькі пасля абеду. Але калі выйшлі па паляну і адкрылася возера, лясная затока, стома кудысьці знікла і сэрцы запаліліся радаснымі прадчуваннямі.
Ён тады спрабаваў трымаць рытуал, расказваў што трэба рабіць і навошта, але ўсе і так ведалі, што рабіць, гэтая веда была разлітая ў паветры, вільготным і неспакойным. Галоўнае — натрапіць на правільнае месца, і яно само цяпер нашэптвала ім, куды ісці, у якіх кірунках.
Вогнішча шуганула ў неба, потым крыху прыціхла і далей трымалася роўным вагнём, і ўжо ніхто не звяртаў увагі на лёгкі дожджык, які распачаўся надвячоркам, на камароў, якія нечакана прыляцелі і потым гэтак жа нечакана прапалі.
Дзяўчаты плялі вянкі, хлопцы паставілі намёты, зрабілі навес ад дажджу. Расклалі абрус, выцягнулі канапкі, парэзалі хлеб, цыбулю, гурочкі. Гарэлкі ўзялі з сабой няшмат, толькі на крупнік. Але знайшлася яшчэ бутэлька бальзаму, а ў дзяўчат было віно, і ўсе неяк расслабіліся, абжыліся. Было адчуванне, што яны даўно ведалі гэтае месца альбо месца ведала іх, і неяк адразу прыняло, прытуліла, узяло пад абарону.
Пачаліся спевы. Напачатку ціха, недзе па кутах, як быццам шукаючы патрэбны тон, па двох-трох.
Потым дзяўчаты сабраліся чародкай і кудысьці зніклі. А калі вярнуліся, у прыцемках, гэта былі ўжо німфы, наяды, русалкі з навакольных затокаў.
І спевы былі ўжо зусім не тыя, гарадскія, вывучаныя па кніжках. Яны імкліва грамчэлі, набывалі тэмбр і жарснасць.
Ён таксама адчуў гэтае месца, перастаў камандаваць, за ўсім сачыць і на ўсё звяртаць увагу, і проста прысеў ля вогнішча.
Поруч села дзяўчына, крыху разгубленая і агаломшаная, у лёгкай вышыванцы. Яна відавочна дрыжала, ад хвалявання і ад вечаровай прахалоды. Сонца амаль зайшло, а вогнішча грэла толькі з аднаго боку, і ён накінуў ёй на плечы вятроўку, прытуліў да сябе, і сказаў, што ўсё будзе добра, зараз яна сагрэецца, трэба толькі глытануць крупніка і расслабіцца.
Хацеў запытацца, як яе завуць, але адразу ж зразумеў, што імёны тут недарэчныя. І ўвогуле, усё адбывалася не так, як яны планавалі, калі збіралі і развучвалі песні, пісалі сцэнар і раздавалі ролі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу