Цягнік паплыў далей, на поўнач, неўзабаве сышла і цудоўная спадарожніца (Багдан пазнаёміўся з ёй ужо ў цягніку, яна вярталася ў Красны бераг ад сваёй Палтаўскай цёткі і з радасцю пагадзілася згуляць ролю яго сяброўкі).
Прыгажосць гэтай гісторыі палягала яшчэ і на тым, што на вакзале ў Чарнігаве, дзе цягнік стаяў паўгадзіны, да Багдана падышоў нікому невядомы, зусім непрыкметны чалавечак. І скрутак з грашыма, які яны так упарта шукалі, ляжаў у правай кішэні яго джынсаў.
***
Ён пабачыў паварот здалёк і зрабіў кантрольны прыпынак: пастаяў хвілінаў дзесяць, корпаючыся ў рухавіку, цішком прыглядаючыся да наваколля. Усё было спакойна, аніякіх хвастоў, аніякіх сведкаў.
Праехаўшы паўгадзіны па грунтоўцы, ён пабачыў наступны паварот, на лясную дарогу. Дарога была вельмі старая і зарослая, як быццам ёй не карысталіся год трыццаць, а можа нават пяцьдзясят. На мапе яе не існавала: на шмат кіламетраў наперад была толькі пушча. Багдан пашкадаваў, што не знайшоў кіламетроўку: там мусяць быць пазначаныя сцежкі і нават узгоркі. Незнаёмыя дарогі ў лесе — амаль заўсёды праблема: добра, калі яны проста вялі да якой леснічоўкі, ці на іншы прасёлак. Звычайна ж яны пачыналі гуляцца: падвойваліся і патройваліся, ішлі ў розныя бакі, і ўрэшце можна было гадзінамі кружляць на невялікім лапіку, думаючы, што ты едзеш наперад.
Але тут было штосьці іншае, ён практычна не вагаўся: рашуча налева і праз хвіліну ягоны мінівэн паплыў праз хваёвы акіян на другой хуткасці.
Дарога віхляла, ішла разам з краявідам, абмінаючы пагоркі і невялічкія балотцы. Яна сапраўды была вельмі старая, і часам Багдан амаль навобмацак пазнаваў завароты, схаваныя сярод густой травы. Пару разоў прыходзілася вяртацца, але гэта было не страшна.
Гэтым разам ён быў упэўнены: і ў дарозе, і ў лесе, і нават у канчатковай мэце свайго падарожжа.
Усё складвалася так, як трэба, так, як у глыбіні душы яму хацелася.
Ён адключыў мабільнік і выцягнуў батарэйку.
Можна было ўрэшце расслабіцца. Забыцца.
Адамкнуць дзверы ў патаемныя пераходы памяці, паспрабаваць выйсці гэтымі пераходамі ў пэўныя месцы ў мінулым.
Крыніцы радасці, я хачу знайсці там крыніцы радасці, — сказаў ён раптоўна ўголас, як быццам бы спрабаваў нешта камусьці патлумачыць ці нават пераканаць. Кагосьці, хто не быў да канца згодны з маршрутам, альбо ўвогуле не разумеў, што адбываецца.
І гэта прагучала як заклён, а крыху нават і як апраўданне.
***
Што адбываецца, ён сам разумеў не да канца.
Пэўна, штосьці здарылася з часам.
Ён, відавочна, стаў больш хуткім. Дні і тыдні ўжо не цягнуліся доўга, ці хаця б заўважна, а згаралі ўмомант, як запалкі. Зрэшты, ён і сам паслабіў хватку, перастаў за іх трымацца, дазволіў ім сплываць ціха і незаўважна.
Раней тое, што пражывалася месяц, год таму, стаяла перад вачыма і не хацела сыходзіць, а цяпер тое, што было на мінулым тыдні, адразу правальвалася ў палонку адсутнасці, а калі ўсё ж выбіралася адтуль навонкі, выглядала шэрым, халодным і безнадзейна далёкім, нібы гэта тычылася не яго, а некага чужога, амаль незнаёмага.
Да ўсяго гэтага дадаліся іншыя трывожныя сімптомы.
Знікла адчуванне чагосьці новага, што мусіць адкрыцца за даляглядам. І што трэба было выглядаць і цікаваць, чакаць, нават прыспешваць.
Кудысьці прапала зацятасць, вечная гатоўнасць кідацца ў бой, у работу.
Ён усё менш звяртаў увагу на знешняе. Блытаў імёны, забываўся на сустрэчы. Мог увесь дзень прасядзець перад школьнымі фотаздымкамі альбо гартаць старыя, не раз перачытаныя кнігі.
У пэўны момант яму нават здалося, што ён страціў здольнасць гаварыць з людзьмі. Дакладней, гаварыў хтосьці іншы, за яго, а ён проста паўтараў чужыя словы, што складаліся недзе самі сабой. Паўтараў, як аўтамат, не напаўняючы іх сваім зместам.
Ён перастаў чакаць ад жыцця нават не падарункаў — проста нечага яснага і ўцямнага, за што можна было б зачапіцца. Што дазволіла б прачынацца зранку без стомы, без гэтага гаркавага прысмаку нерэальнасці ўсяго, які знікаў толькі пад вечар, і тое пасля келіху добрага віна альбо віскі.
Ён усё больш сыходзіў унутр сябе — і нічога не знаходзіў там, усярэдзіне, акрамя пустаты і горычы.
***
Крыху ратавалі ўспаміны.
Яны былі не проста магчымасцю заплюшчыць вочы, на хвіліну забыцца. Там быў прытулак.
Там, у мінулым, у яго былі свае ўлюбёныя месцы, светлыя, надзейныя. Якія ўжо былі пражытыя, здарыліся, і цяпер мусілі заставацца з ім да самага канца, а можа, нават і далей, пасля ўсяго.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу