Ён адкрыў для сябе гэтыя месцы зусім выпадкова, некалькі год таму.
Ён тады ехаў на сустрэчу ў далёкае мястэчка адзін. Ехаць трэба было доўга, і ён ужо крыху нудзіўся, за вакном аўтобуса цягнуўся лес, звычайная прыдарожная лесапасадка, перад ім сядзела бабулечка з клункамі, зусім як калісьці ў дзяцінстве, калі бацькі вывозілі яго на лета ў вёску альбо ў піянерскі лагер.
І раптам ён перанёсся ў мінулае, у зусім іншы лес, вялікі, страшны, поўны загадак.
Яму пяць ці шэсць год, яго завезлі на першую змену, і цяпер ён хадзіў па тэрыторыі, разам з усімі, вырваны з цёплага і знаёмага дому, упершыню без бацькоў. І неяк адразу пачаў чакаць, калі ўсё гэта скончыцца.
А потым бацька — зусім выпадкова — заехаў яго праведаць і вывеў на пару гадзінак прагуляцца за агароджу.
Аднекуль выплывалі падрабязнасці: прыгожы і гостры сцізорык, карабель з кары дрэва, маленькі ветразь, ручай, яны пускаюць гэты карабель на ваду, гэта быў адзін з першых момантаў шчасця, не проста прыемнасць, а менавіта шчасце, і яно раптоўна вярнулася, — ужо тут, у аўтобусе — і зноў агарнула яго, наплыло цёплай хваляй.
Ён быў шчаслівы ў той момант успаміну, нейкім асаблівым дзяцінным, дзіўным пачуццём, у якім было намяшана многа ўсяго: многа радасці ад простых і цёплых рэчаў вакол, крыху бяспекі і спакою, але самае галоўнае — даверу, там было многа даверу: да свету, да дрэваў, да бацькі, што ўсё ж такі прыехаў, да вострага сцізорыка, і да ветразя, які так прыгожа імкнуў яго ў будучыню.
Ён тады падумаў, што ў сваіх пошуках шчасця мы звычайна глядзім наперад і думаем, што яно прыйдзе адтуль, а яно проста ціха ляжыць у мінулым, у тым нябачным куфэрку, які заўсёды з намі, — і чакае, калі мы будзем да яго гатовыя.
***
Але адкуль усё гэта паўстала? І дзе захоўвалася? Яшчэ хвіліну таму ён не памятаў анічога, гэтага відавочна не існавала ў ягонай свядомасці, дарэшты запоўненай рознымі мэтамі і задачамі.
А памятаць было варта. Гэты хлопчык у лесе быў надзвычай важны, ад яго ішла пэўная сцежка ў будучыню, спляталася з іншымі і, у рэшце рэшт, яе, ягоную будучыню, стварала і вызначала.
Ён тады ўпершыню зразумеў сэнс чалавечай памяці, усю яе незвычайнасць. Убачыў, як час штохвілінна і штосекундна замятае, адпраўляе ў нябыт усё, што адбылося. І як мы стаім на гэтым краі, адважна ўглядаючыся наперад, чакаючы чагосьці важнага адтуль, з неіснавання, замест таго, каб захоўваць тое, што было і адбылося, і што цяпер мусіць быць з намі заўсёды.
Яшчэ ён падумаў, што тыя важныя падзеі, пра якія пішуць у кнігах і якія лічацца сапраўднай гісторыяй, чамусьці ніколі не дораць нам радасці.
Праўда, можна было ўявіць сабе іншую гісторыю, гісторыю ўсяго, для якой не існавала розніцы ў маштабе і для якой гэты хлопчык у лесе быў істотны, сам у сабе. Але пры гэтым звязаны з усім астатнім: з войнамі і рэвалюцыямі, паўставаннем і заняпадам народаў, нараджэннем зорак і кантынентаў.
Тады, у аўтобусе, ён выпадкова дастаў з куфэрка часу часцінку свайго жыцця, і далей гэты кавалачак шчасця не толькі не забываўся, а абрастаў падрабязнасцямі, грэў і цешыў.
Паступова да яго далучыліся іншыя ўспаміны.
Цяпер у яго была цэлая калекцыя, і ён не проста патрапляў у пэўнае месца, ён вандраваў па іх, пераходзіў ад аднаго да другога, застаючыся тут альбо там, у залежнасці ад настрою.
Урэшце ён зразумеў, чаму старыя людзі так цешацца прамінулым. І чаму ў старасці, напрыканцы жыцця, яны памятаюць значна больш, чым у момант пасля падзеяў.
Больш насычана. І неяк больш сэнсоўна.
Праўда, было крыху дзіўна, што тое, чаго больш няма, аказваецца не менш важным, чым тое, што было навонкі.
Але ўрэшце стала лягчэй і нават весялей жыць, не так страшна адпускаць імгненне, разумеючы, што нічога не знікае, ўсё патрапляе ў гэты нябачны куфэрак.
І ён вярнуўся і жыў далей, і, часам, пражываючы пэўныя рэчы, ён ужо наперад прадчуваў, які гэта будзе рэдкі і прыгожы ўспамін.
Магчыма, ён падумаў пра гэта таксама, аднойчы ўсё ягонае жыццё, завершанае і дасканалае, насычанае сэнсамі, паўстане перад ім як завершаны твор. І будзе не страшна ставіць апошнюю кропку.
***
Што здарылася?
Як і калі ўсё пачало ламацца?
Як і калі замест радасці паўстала гэтая шэрая стома?
І якім чынам ёй атрымалася пафарбаваць у шэрае не толькі тое, што ёсць, разлягаецца перад вачыма, але і тое, што было, што мусіла бяспечна і шчасліва ляжаць у мінулым?
І чаму цяпер ён едзе па лясной дарозе з адным жаданнем: сысці, знікнуць назаўсёды з гэтай рэальнасці?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу