9
Апроч таго,
чуецца тут
яшчэ пяты голас,
i гэта голас
пыхлівай гурмы габрайскай:
яны праз няверу сваю
не прыйшлі на шлюб
i праз няверу не прынялі
Закону Хрыстовага.
10
Кажа пра гэта
сам Збаўца
i піша святы Мацвей
у сваім Евангеллі:
«Царства нябеснае
падобнае да цара,
што справіў
вясельнае свята сыну свайму
i паслаў
слугаў сваіх, каб тыя
паклікалі на вяселле
запрошаных —
i не хацелі, аднак, прыйсці».
Пра шлюб,
пра які цяпер сведчыць
Евангелле яснаслоўна,
як бачым,
за многа вякоў да таго
Духам Святым пасведчыў
цар Саламон.
11
Як з рабра Адама,
што соладка спаў у раі,
была
створана Ева — маці
ўсяго чалавечага роду,
гэтак з рабра
Божага Сына,
распнутага на крыжы, была
створана Богам
царква Хрыстова —
маці ўсіх хрысціян.
12
I як, нараджаючыся, прымаем
ад першай маці
i кроў, i цела,
гэтак ад нашай маці другой —
ад царквы Хрыстовай,—
хрысцячыся, прымаем
надзею,
веру,
любоў.
13
I як мы па плоці сыны
Адамавы,
гэтак па духу —
сыны Хрыстовы.
Слушна
у «Песні Песняў»
Хрыстос імянуецца жаніхом
i каханым,
i гэтак жа слушна
каханаю i нявестай
найменавана святая царква.
14
Прарочыў
цар Саламон
пра Божага Сына
да нараджэння Божага Сына,
i пра любоў,
якую ён меў да царквы
i яе абранцаў,
кажучы
прыпавесць пра жаніха
i нявесту,
што неспатольна
гутараць пра любоў.
15
«Песняю Песняў»
выказаў цар Саламон
нам сваю навуку
i выснаваў свой запавет:
калі хочам
Божую ласку займець,
дык мусім
Госпада Бога
i блізкага чалавека
моцай усёю сваёю
любіць.
Як пчолы бароняць вуллі свае
1
Асірскае царства
ўтварылася неўзабаве
пасля патопу
ад Веля-цара: ён быў
сынам таго Німрода, якога
згадвае
першая кніга Параліпаменон:
«На зямлі
ён пачаў быць дужы».
У сваю чаргу Нін —
Веляў сын — заснаваў
там горад вялікі,
які назваў
імем сваім — Нініва.
2
У горадзе тым царавалі
тысячу трыста гадоў
трыццаць i сем цароў:
спаміж ix
апошнім царом быў
Сарданапал — яго
забіў ваявода мідыйскі Арба
i далучыў
да Мідыйскага царства
Асірскае.
3
Потым цар Kip,
што ўзышоў
на трон персідскага царства,
адолеў мідыйцаў
i стаў уладарыць
над Мідыяй, а таксама
над Вавілонам —
бо Дарый-цар,
дзядзька яго, перад тым
забіў цара вавілонскага
Валтасара.
Тут след зазначыць,
што Валтасаравым бацькам
быў
той самы Наўхаданосар,
які зруйнаваў
горад Ерусалім i ў палон
узяў цара Іўдзейскага
Седэкію.
4
У першы год
свайго царавання Kip
выпусціў з вавілонскай няволі
усіх габраяў:
яны прабылі ў ёй —
як правяшчаў
прарок Ерамія —
семдзесят год.
I загадаў ім цар Kip
зварачацца
дадому, у Ерусалім, i там
нанава будаваць
разбураны храм Гасподні,
i ўсё начынне,
якое Наўхаданосар
забраў з таго храма,
аддаў ім назад.
5
Пасля Kipa
стаў цараваць яго сын Камбіз,
якому, калі ўскладалі карону,
далі імя знакамітае
Наўхаданосар,
што азначае
на мове халдзейскай:
«Набу, абарані карону».
Ён захацеў быць
не толькі царом,
a i Богам,
як пішацца пра яго
ў гэтай кнізе.
I дзеля гэтага ён паслаў
з войскам агромністым
Алаферна,
свайго ваяводу,
каб той пад уладу яго падбіў
усе зямныя краіны.
6
Аднак іудзеі,
не пажадаўшы
яму падначаліцца,
пачалі
супроцьнічаць i збірацца
для абароны.
Тады Алаферн,
угневаны,
увайшоў
у іхнія межы i перш за ўсё
аблогаю аблажыў
Вецілую-горад.
7
Калі яго жыхары
пачалі знемагаць ад смагі,
з гэтага горада выйшла
Юдзіф-удава
i ўвайшла
у стойбішча Алаферна,
i павяла з ім гаворку,
дзівячы Алаферна
сваёй прыгажосцю i розумам,
i была
з ім у яго будане,
i ўначы,
калі ён заснуў,
адсекла
яму галаву.
Вось так
выбавіла Юдзіф
Ізраільскі люд
ад рукі Алаферна.
8
З тае прычыны
Наўхаданосар,
альбо Камбіз —
а Ездра яго называе
у кнігах сваіх Артаксеркс,—
загадаў,
каб габраі не будавалі
Гасподняга храму ў Ерусаліме.
Усё гэта,
пра што я тут распавёў,
адбывалася да нараджэння
нашага Збаўцы Ісуса Хрыста
ад Прачыстай Дзевы Марыі
за пяцьсот трыццаць дзевяць
гадоў.
9
На ўсяземным
саборы ў Нікеі
святымі айцамі
дазволена кніга Юдзіф
для чытання нароўні
з іншымі
святапісьмоўнымі кнігамі,
каб,
мы, як люстэрка, мелі
перад вачамі прыклад
гэтай найслаўнай жанчыны,
i ў добрых справах
ды ў любасці да айчыны
упадабняліся ёй,
i ніякай працы
i скарбаў ніякіх не шкадавалі
для паспалітай карысці
i для айчыны сваёй.
Читать дальше