Тэзіс высноўвае: так; антытэзіс: гэтак; a нітка знаходзіць яшчэ два пакінутыя станы, два прамінутыя «паўстанкі»: i так, i гэтак — ні так, ні гэтак, без садзейнічання якіх немагчымае пранікненне ў скінію сінтэзу.
Чалавек блукае па лабірынце жыцця, не ведаючы, што яго напаткае заўтра i паслязаўтра i дзе ён спаткаецца з Мінатаўрам, але нітка ведае вынік, і, трымаючыся яе, чалавек не ўпадае ў паніку, не нікне, a кіруецца наперад — туды, дзе яго чакае багіня перамогі Ніка.
У парасткаў-клёнікаў
такія ж сапраўдныя,
як i ў вялікіх кляноў,
лісты
i — такая ж сапраўдная восень.
Світае —
так паволі,
так неахвотна,
нібы засталіся на цэлым свеце
насельнікамі адно толькі
шэрыя камяні.
Прачнуўся ўночы:
па чорных дахах
кралася жоўтая поўня,
кагосьці высочваючы —
ці не мяне?
Зялёны мох на страсе —
песнаспеў зялёны
асенняму хмураму небу.
Да каменя прытуліўся
жоўты кляновы ліст —
хочацца стаць каменным?!.
У вокнах
запальваецца святло.
Хто праходзіць узбоч дамоў —
зазірае ў вокны,
хто ўнутры —
засланяе вокны.
Быццам само чаканне
ўвасобілася i стала
постаццю —
дрэва на гарадскім прыпынку.
Глухія завулкі.
Бляклыя ліхтары.
Хаваецца рэдкі прахожы
ад цемрадзі ў светлыню,
ад светлыні — у цемрадзь.
Застаўся вісець на сцяне
пажоўклы
леташні каляндар:
гэткія самыя дні,
гэткія самыя тыдні,—
a ўсё ўжо не гэтак.
Пячора
Пячора — як слімаковая ракаўка i чарапашы панцыр: у ёй туліцца жыццё, якое яшчэ не здольна быць сам-насам з вечнасцю i бязмежнасцю: яно мае патрэбу ў тым, што яго абмяжоўвала б, што яго ахоўвала б ад небяспечнай рэчаіснасці i такім чынам захоўвала для настугінасці,— у прасторы, якая была б яму ўпору.
Пячора — прарочыца: у яе чэраве назапашваюцца магчымасці, песціцца «чалавекасць», датворваецца чалавек, паўтараючы сабой прызначэнне i долю пячоры: як i яна, ён у рэшде рэшт вычэрпваецца i адпрэчваецца, становячыся проста чэрапам, у вачніцы якога будзе ўглядацца будучы Гамлет.
Сваёй пашчай пячора ўчаперваецца ў вонкавы асяродак — у пясчанік, а сваёй прарочасцю — у чалавека, ва ўсе пяць яго адчуванняў.
Месцазнаходжанне пячоры ва ўчора, у пазаўчора, а можа, нават у пра-ўчора.
У пячоры гарыць вогнішча: на ім нешта смажыцца, нешта пячэцца.
Па яе сценах скачуць чараўнікі — чырвоныя водсветы i чорныя водцені, i самі яны спярэшчаны пячаткамі «чалавекасці» — почыркамі i рысамі.
Вакол пячоры блукаюць пачвары.
У пячоры спяць прашчуры.
Драбіна
Драбіна ўздымае ўгару не адразу, а паступова, паслядоўна, па драбку, па драбніцы, па драбніне, i той, хто драпаецца i цярэбіцца па ёй, узгадняе свой pyx з «драбнінамі» — прыступкамі: спачатку — асягаючы кожную з ix, а потым — адпіхваючы i робячы ix такім чынам сваёй апорай.
Але чалавек таксама, па-свойму, драбіна, i прыступкі ў ім — жывыя істоты: рыбіна, птушка, жывёліна; яны існуюць у ім як этапы яго эвалюцыі, як яго патаемныя зоны.
Ён лучыць сабою зямлю i неба, пачатак i завяршэнне, i тое, што сёння ён набывае, ён заўтра траціць, што пакідае, тым узвышаецца, а што намерваецца затрымаць, тым рабыніцца, тым рабуецца.
Усе чалавечыя ўчынкі, наробкі i дасягненні спрагаюцца па шкале драбіны: без яе яны бязмэтныя спробы, без ix яна дарэмная сухадрэвіна, счаўрэлыя сукі-рабрыны.
Драбіна — містэрыя, абрад, прысвячэнне ў будучыню, а будучыня падказвае чалавеку, што — каб не збіцца з дарогі дабрыні — трэба слухацца драбіны.
Прымхі
Прымхі прачынаюцца ў прыцемках, калі святло — ужо не святло, i цемра — яшчэ не цемра.
Прымхі — духі сівой, «мхлівай» даўніны, якія твораць сваю імшу ў храме цяпершчыны.
Ix нельга ўспрымаць думкаю i акрэсліваць моваю: яны аб'яўляюцца i атабарваюцца на ўскрайку думкі, на ўзмежку мыслення, у сутарэннях мовы, як іхні прымешак, як іхні прыметнік: яны — пры-думкі, «пры-мсы», пры-маўкі.
Читать дальше