Вада
Вада валодае ўладаю павадыра: яна ніколі не застаецца на месцы, яна заўсёды Ў РУ ХУ — альбо прасочваецца ў кладоўкі зямлі, альбо падымаецца ў зводы неба, альбо цячэ ў далячыні гадоў — i вядзе за сабою прыроду, надвор'е, людскую долю.
Вада жыццядайная: там, дзе яе няма, жыццё засыхае i чэзне, там, дзе яна льецца нібы з вядра, жыццё вымакае i нікне, а там, дзе яна «ўдойлівая» i дзе яе даволі, там жыццё «ўвадавочніваецца» возерам i ўвыдатніваецца аазісам, водар якіх адчуваюць зводдалі вярблюды, валы, каровы i іхнія спадарожнікі — авадні.
Вада ведае пра людзей нешта настолькі глыбокае, чаго яны самі не ведаюць, і, здольная замаўляцца, яна альбо спрыяе сваімі ведамі чалавеку, альбо — наадварот — вадзіць яму.
Вада — удава, палова раздвоенага адзінства, і, як Ізіда Азірыса — свайго загубленага брата i мужа,— яна шукае агонь, які паводле сусветнай волі ператварыўся ў яе процілегласць,— але як толькі знаходзіць, агонь зноў гіне ў яе абдымках.
У сваіх бясконцых вандроўках вада, выпараючыся, супадае з паветрам, замярзаючы, супадае з зямлёй, аднак, пераадольваючы перашкоды, звады i крыўды, якія існуюць на свеце, яна не пакідае намаганняў трапіць у край свабоды i праўды i там супасці з тым, з кім ёй дагэтуль не выпадала супасці,— з агнём.
Абапал гразкай дарогі
белыя лапікі,
белыя іншасветы:
сляды зімы.
Змяркаецца.
З маці пілуем дровы.
Быццам імгненні чыйгосьці жыцця,
цярушыцца пілавінне.
Над горадам,
дзе жыву,
падае светлы,
світальны,
вясковы
i заўтра ўжо тут не патрэбны снег:
заблудзіўся?!.
Справы,
якія здаваліся неадступнымі,
адступіліся...
Вось ты i вольны,—
сказала ўранку душа.
A ўвечары дадала:
i лішні.
Нібы святочная ёлка,
ззяе
вокнамі новы дом:
ці за кожным — радасць?
Выпаў на досвітку снег:
бязмоўна
спявае наўколле.
Свеціцца
нізкае сонца ў вокны —
i постаці дрэў
блукаюць навобмацак
па пакоі.
Знямелыя дрэвы
ахутаў спагадлівы снег:
ён — цёплы?!.
Сам-насам з зімою:
вось i настала твоя пара,
сутонлівая яліна.
Маланка i гром
Каб аперазаць паўнеба, маланцы дастаткова вокамгнення, вокаміргнення: яна амаль бязмежная ў прасторы — такая вялікая i амаль бязмежная ў часе — такая малая.
Яна вынікае з хмарнай імглы i, рассвятляючы гэтую імглу, дасягае найярчэйшага напалу.
Яна ўсюды паспявае, усё спасцігае, i людзі ёй моляцца, як святой, i называюць яе чалавечым імем: Малання, аднак i сама яна — малітва, яскравая малітва прасторы, якая, як людзі, мае патрэбу ў споведзі, ачышчэнні i прасвятленні.
Маланка — ламанка: яна ломіць магутныя дрэвы i вымалёўвае трапятлівыя — «ліхаманкавыя» — узоры вышэйшай — электрамагнетычнай — трыганаметрыі.
Маланка спакон вякоў маладая, яна вечная «муза»: калі яна гаворыць, пануе нямая ціша, калі замаўкае, пачынае гаварыць «гармата» — гром.
Гром агромністы: ён «ахорвае» бязмоўнае i пашырае імгненнае, палохаючы старых i малых тым, чаго ўжо няма, што ўжо мінула.
Гром — гурма i гармідар; пакінуўшы свае харомы, ён гоніцца ўслед за маланкай, за ўсё чапляецца, усё зрушвае, усё пераварочвае дагары.
Маланка лёткая, гром грувасткі, маланка маляўнічая, гром красамоўны, маланка — змест, гром — форма, маланка — інтуіцыя, гром — логіка, маланка — мелас, гром — рыторыка, маланка крэсліць граматы, адрасаваныя Садому i Гаморы, гром ix абвяшчае.
Маланка жне, гром малоціць, маланка — серп, гром — молат; яны такія розныя, такія непадобныя, але ix яднае гармонія.
Брат
Стараславянскі б р а т р ъ брытае каня i з ім едзе на раздарожжа, дзе ў розныя тры бакі разыходзяцца тры дарогі.
Старажытнаіндыйскі b h r a t а r складае найвялікшы твор колішніх спраў — «Махабхарату».
Нямецкі Bruder руды: яго радуе, што ў яго ёсць бутэрброд i што ён завецца Рудольф.
Шведскі b r о d е r з барадой: атабарыўшыся, ён сядзіць каля броду i радзіцца ca сваім радаводам.
Читать дальше