— Калі Лоў ацалеў, дык не застанешся без верных i спраўных вояў. А цяпер, праўда, паспрабуй заснуць, князь,— i падбадзёрыў усмешкай.— Не адчайвайся, вер у сваю шчаслівую зорку.
— Каб не вы, дык мая зорка ўжо даўно закацілася б, патухла назаўсёды,— пахмурна адказаў той, зноў пацягнуўся да гляка.
— Нам з табой, князь, наперадзе будзе яшчэ шмат клопатаў i турбот. Думаю, i табе прыйдзецца нам яшчэ памагчы...
— Цяпер, бачыш, памочнік з мяне ніякі,— сумна пахітаў той галавою, а пасля прагна перакуліў усё з ькварты ў рот, рукавом жупана выцер вусы.
— Цяпер ты часова страціў сілу i ўладу ў Літве,— сказаў Усяслаў.— Але за табой усё роўна тваё грознае i славутае імя! А гэта, сам ведаеш, шмат значыць! I для сяброў, i для ворагаў!
— Мае імя зноў будзе чуваць толькі пры табе i пры тваіх дружынах, Усяслаў,— Міндоўг зноў выпіў, але ва ўзбуджэнні, здаецца, зусім не хмялеў. Праўда, цяпер адламаў з лусты хлеба невялікі кавалачак, адшчыкнуў ад стушанай, цяпер халоднай гускі крыху мяса ca сцягна i без вялікага смаку ўзяў у рот, паціху зажаваў, невідушча пазіраў долу ў кут, пакрыху напаўняючыся хмельнасцю i нібы ўвесь асядаючы. Значыць, усё ж моцная настойка брала сваё, мяняла кроў, затуманьвала свядомасць.
A паколькі Міндоўг пачаў спакваля п'янець, дык у яго не магло не выбухнуць з душы звычайнае чалавечае i адменнае княскае, добрае i непрыязнае, смелае, свавольнае i адчайнае ды тым больш, што ён ведаў: Усяслаў, магутны яго заступца, цярплівы i разважлівы, дык усё выслухае i шмат даруе.
— Праўду, зусім справядлівую праўду, Усяслаў, кажуць мае свае, літоўскія, i чужаземныя непрыяцелі: я — Воўк! Жыву далека ад гарадоў вялікіх i людскіх скопішчаў, у пушчы, трымаюся воўчых панадкаў! Воўк — невялікі, але разумны, хітры i люты звер! Ён не чапае зубра, мядзеведзя, але i ix змушае лічыцца з ім. Абкладае з іншымі Ваўкамі i збівае з ног лася, каня i дзіка, адзін бярэ бабра, цяля, казулю, зайца. Не каля свайго логава — воддаль. А каб жыць так, набегамі, трэба не толькі мудрасць i моцныя ногі, але мусова быць пярэваратнем, ваўкалакам. Якраз такімі былі нашы далёкія продкі — неўры, велеты-волаты, якія пакланяліся найперш ваўку, насілі воўчыя скуры, a ў баях начэплівалі на твар воўчыя зяпы, Вялікімі Ваўкамі былі мае родзічы — няшчасны Рагвалод, грозны i славуты Усяслаў Чарадзей. Таму я, Усяслаў, ніколі не скарджуся, нават ганаруся, калі мяне называюць ваўком ці ваўкалакам: я пакланюся гэтаму зверу, бо мушу жыць так, як жыў, жыве i будзе жыць тут ён — гаспадар гэтага краю. І вы, навагародцы, Ваўкі, ваўкалакі, а ты, Усяслаў,— самы хітрун, спрытнюга i ўдалец, а цяпер i самы ўладны тут Воўк i ваўкалак! Скажы, хіба не так? Не па такіх панадках вы разважліва i спакойна выйшлі з-пад волі князя Данілы?
— Яшчэ не выйшлі,— адказаў ён.
— Выйдзеце. I якраз, кажу, такім манерам... «Ваўкі — лютыя звяры...» Вось i пайшло ўжо даўно: велеты-волаты — ваўкі — люцічы — Лютва — Лотва — Літва... Выць — вой-воін... Яшчэ i цяпер на землях Конрада Мазавецкага i асабліва ў вотчынах Данілы Галіцкага, Яраслава Уладзімірскага нас, Літву, лічаць чарадзеямі-лютадзеямі, Літвой палохаюць дзяцей. Для ix Літва — гэта набег грознай баявой дружыны, небяспека, гэта бітва не на жыццё, а на смерць:
Не наступай, Литва,
Будет с нами битва.
Будем битись, воевати
И девонек не давати.
Міндоўг выгаварыўся, а пасля падскочыў i, хістаючыся, схапіў яго за рукі:
— Усяслаў, мы — адно! Нікому не прадавайся, захавай нашу даўніну i сённясць, умацуй нашу будучыню! Выручы мяне, зацкаванага Ваўка! — пацягнуўся, абняў, заплакаў: — Усяслаў, каб ты толькі ведаў добра, што цяпер ад цябе значыць! Ты — не проста чалавек, ваявода, дзяржаўны муж. Ты можаш павярнуць тут па-свойму саму матухну-гісторыю! Тваёй перамогай i славай будуць ганарыцца нашы нашчадкі!
— Ці могуць праклінаць, скакаць на магіле, а потым забыць...
— Ганьба такому дурному нашчадку, дзеля якога мы цяпер так пакутуем! — праслязіўся Міндоўг.— Але мы павінны дбаць пра іншых нашчадкаў — памятлівых, разумных, добрых, працавітых i зборных, якія нашу любоў да ўсяго роднага панясуць далей... Вырадкі ці прыстасаванцы будуць, але яны, апаганеныя, загадзя ўжо асуджаныя i самі свой род, свае паводзіны зганьбяць...
— Простыя, але залатыя словы, князь,— сказаў Усяслаў, спрабуючы пакласці на пасцель ап'янелага госцябежанца.
2
Усяславаў ганец вярнуўся з Руты ні з чым: Міндоўгавы сынаўцы не толькі не адпусцілі ягоную сям'ю, але i не дазволілі ганцу ўбачыцца з ёю — маўляў, тая хоча застацца дома, a Міндоўг можа сюды не вяртацца, a перабірацца да каханкі. Як ганец зразумеў, захопнікі Міндоўгавай сталіцы не толькі павяліся дзёрзка, але i намерыліся i расквітацца ca сваім вярхоўным князем.
Читать дальше