Калі ўсе выйшлі i зачынілі за сабой дзверы, Усяслаў запытаў са спачуваннем:
— Уцёк ад непрыяцеляў з-пад носа?
Міндоўг не адказаў: не мог стрымаць дрыготку. Найбольш тую, што біла яго ўсярэдзіне.
— Хто напаў?
— Змоўшчыкі,— ледзь выдыхнуў Міндоўг.
— Хто?
— Сынаўцы. Таўцівіл i Эдзівід,— Міндоўг адрывіста пацёр далонню твар, вусы i бараду, паспрабаваў зашпіліць кашулю на багатай на рыжае валоссе грудзіне, але не змог.— A сілы ім даў іхні дзядзыса, даўні мой «прыяцель».
Дзядзька, «прыяцель» — гэта родны брат маці Таўцівіла i Эдзівіда, жамойцкі князь Выкінт.
Пазней, калі Міндоўгу нацерлі снегам ахаладнелую нагу, калі пераапрануўся i абуўся ў цёплае, выпіў нагбом кварту пякучага пітва, ён пачаў апамятвацца i ўладаць сабой, загаварыў ужо ўсвядомлена:
— Таўцівіл i Эдзівід, канечне ж, па Вікінтавым нашэпце, спачатку пачалі крычаць усюды, што я не ўмею ваяваць, пасля няўдачы з крыжакамі аслабіў Літву, наўмысна загубіў іхняга швагра, мужа іхняй сястры Юраты, а потым падбілі супраць мяне амаль усіх князёў. Як казаў, Выкінт даў ім сілы, дык яны разбілі мае дружыны, а сёння хацелі схапіць мяне ў маёй схованцы.
— А дзе Ганна, Войшалк, Данута?
— У Руце. У іхніх руках. Там i твой сябар Хвал, іншыя баяры,— Міндоўг падняў галаву, умольна зірнуў у вочы.— Усяслаў, ix трэба ратаваць! Не марудзячы!
— Я не думаю, каб ix зачапілі,— адказаў ён, стоячы паблізу i скрыжаваўшы рукі на грудзіне.— Таўцівіл i Эдзівіт паважаюць Ганну, любяць Дануту. Таўцівіл i Войшалк — не толькі шчырыя стрыечнікі, але i найлепшыя сябры.
— Затое яны ненавідзяць мяне, лічачы, што гэта я звёў са свету іхняга бацьку, свайго брата. Ды там, кажу ж, яшчэ Выкінт — закляты мой вораг, які бачыць мяне толькі ў Marine. Каб звесці мяне, каб узвысіць паслухмяных яму Таўцівіла i Эдзівіда, падуладзіць Літву Жамойці, ён можа падбіць тых на ўсё. Нават на тое, каб яны загубілі прыязных ім людзей.
— Не, Таўцівіл i Эдзівід не зробяць такога. Загуба тваёй сям'і — не проста дзёрзкасць, помета i зло табе, гэта — i нахабны выклік Навагародку, твайму саюзніку. I Полацаку таксама.
— Ты добра не ведаеш Таўцівіла i Эдзівіда i мала знаеш іхняга дзядзечку,— Міндоўг сам наліў сабе з гляка настойкі, зноў выпіў поўную кварту, а да мяса, хлеба i кіслай капусты нават не дакрануўся.— Таўцівіл i Эдзівід, канечне, лічацца, што мы саюзнікі, што Навагародак багаты i моцны, а вось Выкінт i вас ненавідзіць. Яму Навагародак — костка ў горле, яна замінае праглынуць Літву. Ды я i свайго Войшаля не заўсюды разумею. Ён не толькі сябруе з Таўцівілам, маім ворагам, але i ўпотай ад мяне пра штосьці шэпчацца з ім. Яны, прадчуваю кожнай жылкаю, хочуць рабіць усё іначай, чым я, задумліваюць сваё. Я нікому з ix не веру! Толькі крыху сястры i яе сыну Траняце.
— I сыну свайму павер, князь,— сказаў Усяслаў.— Паспрабуй зразумець яго. А яго добрая прыязнасць з Таўцівілам можа яшчэ спатрэбіцца: ніхто добра не знае, што яго чакае...
— Я прачуваю: князь Ізяслаў, ты спрыяеце не толькі мне,— пахітаў галавою Міндоўг.— Вы ў сваіх інтарэсах прыглядваецеся i да майго Войшаля, i да Таўцівіла, пільна назіраеце i за іншымі. За Выкінтам, канечне ж, таксама. Але для мяне, Усяслаў, варункі з Таўцівілам, Эдзівідам, Выкінтам i іншымі могуць быць толькі адны: ці я — ix, ці яны — мяне! I вы, Усяслаў, калі хочаце, каб Навагародак i Літва падпіралі адно аднаго, павінны найперш памагаць мне. Мацёраму Ваўку, але па-сабачаму вернаму вам. Таму не адкладай, б яры сілу i ідзі на Руту. Пакажы ім, што не трэба, што вы не дазволіце,каб яны абкладалі мяне, трымалі заложнікамі маю сям'ю. Я ж, калі зноў умацуюся, пакажу ім усім, як на мяне руку падымаць! Біў, б'ю i буду біць непакорных! Паможаш — дык i Жамойць прыпром да мора, а то i паставім на калені! Як Выкінт жадае як мага далей адысціся ад марскіх берагоў углыб нашых лясоў, сенажацей i зямель, гэтак я мрою дарвацца да вялікай вады, што злучыць нас са светам! Праўда, спачатку трэба будзе скінуць у мора крыжакоў, што замышляюць на нас злавеснае, хочуць парабіць нас рабамі! Чуеш, Усяслаў! Памажы зноў быць на волі, на ловах Ваўку! Я ж памагу нямала чаго аблажыць i вам!
— Адпачні, князь, супакойся,— суцішыў яго Усяслаў.— Пераначуем — штосьці новае пачуем. Ды ты ж ведаеш: не дазволім пакрыўдзіць тваіх сямейнікаў i цябе вернем у Руту. Зноў збярэш сілу, зноў заўладарыш у Лігве.
А потым наўмысна перавёў гутарку на іншае:
— Да слова, ці ацалеў у бітве з крыжакамі твой асілак Лоў?
— Ацалеў,— спакайней ужо прамовіў Міндоўг, бачачы, што разважлівы Усяслаў не збіраецца тут жа трубіць збор дружынам, весці ix, а з імі i яго, бежанца, у Руту, каб ягонымі рукамі захапіць там сваіх супернікаў i расправіцца з імі.
Читать дальше