Калі ўрэшце кудысьці прыехалі, яго вывелі з вагона апошнім, аднаго пасадзілі ўсё ў такую ж абабітую жалезам i без акон машыну, завезлі ў двор змрочнага будынка i аддалі новай варце, якая пасадзіла яго ў невялікую, глухую, з маленечкім i высокім закратаваным акенцам камеру.
Ужо тут яму паказалі адказ на яго апеляцыю, дзе была адмова на яго памілаванне. Жыццё яго пасля гэтага пайшло пад адным спачатку вельмі трывожным, жахлівым, а потым даволі спакойным знакам калi i як будзе тое?
Ён сцінаўся, дзервянеў, калі яго выводзілі на кароткую прагулянку альбо вярталі з яе. Кожны раз чакаў хлёсткага стрэлу, балючага ўдару ў скронь альбо ў патыліцу i раптоўнай цемені. Недзе на другім тыдні пажылы таўсматы сяржант, завёўшы яго ў камеру, сказаў:
— Пасля кожнага шпацыру ўсё больш сівееш. Хутка будзеш як лунь.
— Скажыце, прашу я вас, калі ўжо тое будзе? — не толькі запытаў, але ўжо i папрасіў сам таго ён.
— Не спяшайся паперадзе бацькі ў пекла...— усміхнуўся той, пакідаючы яго аднаго, асуджаючы на яшчэ адну бяссонную ноч.
Гэты ж непрыступны, здаецца, задаволены жыццём i сабою таўсцюк старшы сяржант аднойчы сярод дня неяк нязвычна зайшоў у камеру i, ужо не калюча, а неяк дзіўна зычліва пазіраючы на яго, гарэзна шпурнуў яму на калені чужое паношанае цывільнае адзенне.
— Пераадзявайся, дарагі.
Сяргей нібы прыліп да ложка. Што — прыйшла для яго, бачыш, «дарагога», тая часіна? Але дзеля чаго пераапранацца?
— Усё ж шчаслівы ты чалавек...— нібы не верачы сам сабе, хітнуў галавою старшы сяржант i, бадай, упершыню за іхняе змушанае знаёмства ўсміхнуўся. Быццам добраму сябру.
Сяргей здранцвела пазіраў на яго кароткія тоўстыя ногі, выпхнуты жывот, на масіўны карак, на мардатыя, але трошкі бледнаватыя, нават азызлыя шчокі, на вузкія шэрыя вочы — акідваў позіркам усяго з галавы да ног i нічога не мог зразумець.
— Учора ты павінен быў пайсці на нябёсы...— сказаў той, хаваючы вочы.— Ды зусім нечакана сапсавалася прылада. А сёння прыйшла папера, каб вызвалілі цябе. Выходзіць, ты невінаваты...
Сяргей адчуў: млее. Не, не ад радасці. Ад крыўды, горычы, што не толькі зноў абзыўнуліся, але наваліліся на яго агромністым цяжарам.
— Эй!— напалохана крануў яго за плячук нечаканы дабрадзей.— Вазьмі сябе ў рукі, не звар'яцей ад шчасця...
Ён уздрыгнуў i, усё яшчэ не могучы адсунуць ад сябе тое, што трэба паадолець, прашаптаў:
— За што? Чаму?..
— Не зразумеў...— насцярожыўся старшы сяржант.
Як ні дамагаўся ад яго патрэбных яму слоў следчы
Сядых, як ні цяжка, нават невыносна было на судзе i пасля яго найбольш тут, але Сяргей ні разу не заплакаў. А вось цяпер не вытрымаў, здаўся, нават скарыўся — спачатку абмякла, заныла сэрца, штосьці зрушылася, не, не адтала, а закамянела ў свядомасці, а пасля затуманілася ў вачах, i нешта — відаць, сляза — апякло шчаку.
— За што?— зноў ва ўсяго свету запытаў ён. Тут, у гэтым каменным мяшку.— Чаму?
— Вазьмі сябе ў рукі, дарагі,— зноў сваё паўтарыў старшы сяржант.— Павер, i я збіты спанталыку: першы раз такое за маю службу... Дык сапраўды шчаслівы ты...
Пасля гэты падабрэлы чалавек даў яму дакументы, грошы на дарогу, вывеў за вароты гэтай пагрознай будыніны і, паціскаючы на развітанне руку, пажадаў:
— Ну, будзь здароў. Жыві, як i ўсе...— I зноў усміхнуўся.— Ну, а нас не памінай ліхам. Нават выпі зрэдку за нас чарку...
У свой гарадок Сяргей вярнуўся на світанку.
Калі ноч стаяў у калідоры i ў тамбуры, курыў цыгарэту за цыгарэтай i пазіраў то на цёмны лес, то на дамы без святла, то асвечаныя вакзалы, пероны, шлагбаўмы, думаў: прыедзе — нейкі час, пакуль уднее, пасядзіць на станцыі. Не варта сутоннем заходзіць дадому: убачыць у двары альбо ў хаце Вольга — абамлее са страху.
Аж яго намер не ўдаўся: яго сустракалі. Вольга, цешча i Косця Стасюкевіч. Усе яны, нібы ведаючы, дзе якраз ён знаходзіцца, стаялі насупраць выхада. Убачыўшы ix, ён аж памарудзіў, быццам баючыся сыходзіць на тую зямлю, па якой хадзілі яны. Але калі яго падагналі ззаду, ён паволі, адчуваючы дрыготку ў нагах i руках, спусціўся з высокай падножкі.
Нязграбна, як чужымі нагамі, ступіў раз-другі, не зводзячы позірку з Вольгі. Але ці то святло далекаватага ліхтара было скупое, ці то нейкая тумановая павалока нацягнулася на зрэнкі — ён не мог пранікнуць позіркам у Вользіны вочы. Яна ж, хоць на дварэ ўбіраўся ў моц лістапад, у знаёмым яму светлым плашчыку, у белай шапачцы, вобмегам кінулася да яго, абхапіла за шыю.
Хоць даўнавата ўжо, з мая, не быў вось так блізка з ёю, але цяпер мігам зноў адчуў знаёмы пах яе валасоў, своеасаблівы, быццам малочны ці пасля цёплай пасцелі, водар яе крамянога цела. Толькі вось яе дотык быў іншы — адданы, пяшчотны, але i ў той жа час зусім не той, які бывае пасля разлукі, па-свойму стрыманы, нібы мацярынскі.
Читать дальше