— Мяне змусіў падпісаць пратакол следчы Сядых. Сілаю...— сказаў ён, як той тапелец, хапаючыся за апошнюю саломінку.
— Вы яшчэ i паклёпнічаеце на наш суд! — суддзя зморшчыўся, нахіліўся да пажылога, а пасля да маладога засядацеляў, перакінуўся з імі словам-другім, а затым борздка падняўся i, не азіраючыся ні на каго, апавясціў:
— Суд выходзіць на нараду.
Яны, трое вяршыцеляў Сяргеевага лесу, пакінулі залу. Тут жа ўсе ажывіліся: сышліся ды міралюбна загаварылі пракурор i адвакат, хоць дагэтуль адзін дабіваўся для яго смяротнага пакарання, a другі прасіў мякчэйшай кары; Стасюкевіч, хістаючыся i абапіраючыся на спінку крэслаў, нібы не сваімі нагамі падаўся па праходзе на выхад, на калідор, дзе яго, мабыць, чакала недапушчаная на закрыты суд радня; Вольга нейкі час сядзела абяссіленая ад гэтага змрочнага «Суд выходзіць на нараду», а пасля, чапляючыся за крэсла, устала i нечакана памкнулася сюды, да загароды. Звычайна статная, кругленькая, цяпер яна была схуднелая, нават i пастарэлая, хоць ёй не было яшчэ i трыццаці гадоў.
— Не паложана! — выцягнуў руку i не падпусціў яе канваір.
Вольга запынілася ў кроках трох-чатырох, ашаломленая ад чужой сілы i сваёй бездапаможнасці, спачувальна зірнула, залыпала крышку навіслымі на вочы павекамі i зноў не стрывала, моўчкі заплакала. Пастаяла разгублена хвіліну-другую, паглытала слёзы, а пасля вярнулася на сваё месца i, не то скарыўшыся, не то адчаіўшыся, закрыла твар далоньмі. Нібы адгарадзілася ад усіх i ўсяго, нібы ўся ўвайшла ў сябе. З горам i бядою.
«Хутчэй бы ўжо ўсё скончылася!» — падумаў ён, не могучы далей назіраць, як пакутуе Вольга. Хоць тут жа i паправіў сябе ў думках: не, дарагі, i пазней, пасля суда, нічога не скончыцца i добра не будзе: Ыіны не падымеш, ад яе бацькоў, Косці i дзяцей гора не адвядзеш, а таксама i Вольгу не ашчаслівіш. Ды i яму, як сказаў адвакат, прыйдзецца адбухаць дзесяць, а то i ўсе пятнаццаць гадоў!..
Суддзя i засядацелі вярнуліся неўзабаве. Непрыступна i заадно вельмі ж урачыста суддзя пачаў сваю заключную прамову, ганьбячы Сяргея i яго «жывёльную амаральнасць», а потым, калі прамовіў «Суд пастанавіў...» i зрабіў паўзу, да яго, да Сяргея, рэзка нахіліўся малады рашучы канваір i ціха, але патрабавальна загадаў:
— Рукі!
Ён не зразумеў, што ад яго хочуць, азірнуўся. Убачыў: тут ужо не двое, а чацвёра салдат-канваіраў, i адзін з ix, дзябёлы, з маленькімі вусікамі сяржант, трымае бліскучыя наручнікі i не зводзіць прагнага позірку з яго рук. Здагадаўшыся, чаго ад яго хочуць, Сяргей паслухмяна занёс абедзве рукі за спіну — амаль тут жа шчоўкнулі замкі i яго запясці апякло металічным холадам, а суддзя спакойна дагаварыў сваё:
— ...прысудзіць да смяротнага пакарання...
Людзі, мэбля, зала, увесь свет патухлі ў Сяргеевых вачах: як — да смерці? За што?
Нібы праз глухую сцяну ён пачуў Вользін адчайны крык, напружыўся, ірвануў з жалезнага палону, ад смерці рукі — метал не вытрымаў яго неспадзяванай нечалавечай сілы, трэснуў, i ён, Сяргей, у роспачы ўскінуў рукі: людзі, свет, не будзьце гэтакія жорсткія!
На левай i на правай руцэ дужкі мёртва, са страшэнным болем сціскалі запясці, а вось ланцужок разарваўся амаль пасярэдзіне.
Усе — зала, суд — анямелі. I са здзіўленнем, i са страхам пазіралі на яго ўскінутыя рукі, на абрыўкі ланцужка ды, мусіць, чакалі самага нечаканага ўчынку. Але ён не паспеў ні скрануцца, ні штосьці выдыхнуць з сябе: канваіры, хутка апомніўшыся, схапілі яго за рукі, заламалі ix i пад ранейшае ўсіхнае аталапенне павялі яго адсюль.
У камеры ён ахамянуўся, нават па-свойму суцішыўся. Колькі дазвалялі, ляжаў на прымацаваным да долу ложку, адмовіўся ад ежы, адзервянела пазіраў на высокую мутную лямпачку, на дзіўныя ўзоры ад яе на столі альбо заплюшчыў вочы i, адчуваючы святло, ніяк не мог стрымаць ix падрыгвання, а то падхопліваўся i хадзіў туды-сюды па гэтай глухой яміне. Раптоўныя страх i жах мінуліся, разліліся па кожнай жылачцы жорсткай няўмольнасцю: ты — смяротнік, заўтра-паслязаўтра застрэляць цябе, як, бывае, зводзяць збродлівага ката ці валацужнага хворага, небяспечнага сабаку альбо драпежнага ваўка... Жыў, працаваў, кахаў, гадаваў дзяцей, верыў у штосьці светлае — i вось прапаў нізашто, знік, i ніхто не ўспомніць добрым словам...
...Ніна Стасюкевіч працавала ў іхняй бухгалтэрыі. Ёй было гадоў дваццаць пяць, мела двое дзяцей — хлопчыка i дзяўчынку. Як жанчына была прыгожанькая, рухавая, вясёлая, нават нібы завельмі вольная з іхняй браціяйшафярнёй, але чэпка прытрымлівалася мяжы i змушала ведаць гэтыя межы i іншых. Праўда, вось з ім яна паводзілася неяк адмыслова: то гарэзнічала, як i з усімі мужчынамі, разварушвала, нават пад'юшчвала на заляцанне, то нечакана злавалася, папікала, церабіла за нейкую дробязь, то падоўгу не размаўляла, быццам не зважала, не бачыла, што ён i ёсць такі.
Читать дальше