— Пасталеюць — паразумнеюць.
— Чакай-чакай! Перастануць чысціць матчын кашалёк, будуць усе выхадныя на сотках ці ў хлявах праводзіць, а цябе пачнуць паважаць, што малую адукацыю маеш, мала кніг чытаеш ды ў рок-музыцы не разбіраешся! Зашануюць i за тваю помач!
— Зашануюць ці не зашануюць — такой ужо бяды. Самае важнае, што я сам сябе не папікну, што маці адну не кінуў, ад ix, малых, не адрокся. А што для нас, няшмат дабіваюся, дык, па-першае, вышэй сябе не падскочыш, а па-другое, не такія мы бедалагі ўжо. Добрую работу, неблагую кватэру маем, не прапіваем сваё здароўе i дабро, да чужых не ходзім, дзеці добра вучацца — дык хіба гэтага мала?! Будзем жывыя — дык будзе i болей ды лепей.
— Упарты i дурны ты, Пятро,— уздыхнула маладзіца.— Цяпер такіх дурных дурняў ужо i мала. Другія ўжо нават у свае адпачынкі не ў вёску да бацькоў едуць, a ў шабашку.
— Так, разумных дурняў ці дурных разумных завельмі...
— Не,— рашуча не згадзілася з ім гэтая Зоя.— Найперш ты — дурань!
«Але на такіх «дурнях» свет трымаецца»,— хацеў я ўмяшацца ў чужую сямейную гаворку, але стрымаўся. Праўда, ужо ў Мінску, выходзячы з аўтобуса, развітаўся з імі, незнаёмымі, i пажадаў ім, як кажуць, усяго добрага.
1986
Суддзя — плячысты, з высокім загарэлым ілбом i з рэдзенькімі валасамі на бела-жаўтаватым цемені, пажылы мужчына — падняў галаву i строга прамовіў:
— Падсудны, ваша апошняе слова...
Сяргей вышэй ускінуў вочы: тут жа ўчэпіста, нават, як здалося, з пагардаю зірнулі на яго засядацелі: адзін — малады рыжы здаравец, другі — стары, спрэс лысы, з ордэнскімі планкамі на грудзіне. Абмацалі яго позіркамі i сярэдніх гадоў кучаравісты пракурор i кругленькі, пышны на здароўе адвакат, a ў зале паднялі на яго вочы гаротны, учарнелы муж нябожчыцы Стасюкевіч ды яго, Сяргеева, жонка — яна, з апушчанымі плячыма, у вельмі цёмным, ад таго нейкім надта ж чужым касцюме, з цёмнаю хусцінкаю на шыі, пахапліва i нервова пачала мяць рукамі маленькую чорную сумачку, а заадно жаласна замыляла прыгожымі, але цяпер непадфарбаванымі вуснамі.
Адзін Бог ведае, колькі ён сядзеў бы вось так, пазіраючы адразу на ўсіх ды задыхаючыся ад шалёнага сардэчнага стуку: лаўка пад ім нібьт гайданулася i паплыла. Ці не, гэта быццам ён сам паплыў-паплыў, хоць i сядзеў непарушна. Ці яму здалося, ці так i было на самай справе, але нечакана тут паярчэла электрычнае святло, зарэзала аж да слёз уваччу. Дык вось адзін Бог ведае, колькі ён сядзеў бы, нібы здранцвелы, каб не канваір. Той, маладзенькі, чорненькі, не па ўзросце насуплены, рэзка тыцнуў яму пад лапатку: пад'ём!
Сяргей, быццам уджалены, падхапіўся i міжволі з нешматлікага людскога гурту выхапіў позіркам толькі нязвыкла ссутуленую i прыгнечаную Вольгу, выдыхнуў найперш ёй:
— Я не вінаваты. Я не гвалціў i не забіваў Стасюкевіч...
Вольга раптоўна выпрастала свае хораша пакатыя плечы — i ў яе вялікіх, чарнявых, цяпер наплаканых, трошкі падпухлых вачах, бадай, упершыню за гэтыя месяцы, што ён быў пад следствам, зацяплілася надзея: а можа, ты, Сяргейка, сапраўды невінаваты? Можа, абылганы i звінавачаны зламыснікам?
Раней, калі ёй дазволілі наведаць яго, яна не бачыла свету з-за слёз — можа, шкадавала, а можа, яшчэ болей крыўдзілася: як ён мог, пражыўшы з ёю шэсць гадоў i маючы двое дзяцей, клянучыся, што кахае толькі яе адну, паквапіцца на іншую?! Здаецца, сапраўды Вольга не столькі перажывала, як больш пакутавала, што ён мог пасягнуць на маладзейшую i прыгажэйшую...
А можа, ён памыляўся. Можа, была іншая прычына Вользінай халоднасці да яго лесу. Можа, ёй абы-чаго нагудзела цешча, якая ў свой час была рашуча супраць, каб ён, шафёр, браў замуж яе адзіную дачку ды не абы-якую, а з музычнай адукацыяй: якраз з-за яго Вольга пакінула сталіцу, філармонію i вярнулася ў іхні гарадок настаўніцаю спеваў i кіраўніком харавога гуртка ў РДК. Можа, Вользіна стрыманасць была i ад сораму ды ганьбы: яе муж — гвалтоўнік i забойца! Перамяшалася, сплялося ўсё ў адзін вузел так, што горш i не прыдумаеш!
— Ну-ну! — пачуўся ў цішыні ўхмылісты i ў той жа час пагрозны суддзёў голас, а сам ён цяпер пачаў налівацца пунсовасцю.— На следстве пра ўсё прызнаўся, падпісаў паперы, што вінаваты, а цяпер — бач, святы!
— Я падпісаў пад прымусам...— ціха прамовіў Сяргей, перавёў позірк на Стасюкевіча, амаль аднагодка, тонкага i, здаецца, вельмі нервовага маладога мужчыну.— Павер, Косця, я ніколі нічога не меў з тваёю Нінаю... Не я загубіў яе. Я...
— Пра які вы гаворыце прымус? — гнеўна перапыніў суддзя, паправіў далонню свой рэдзенькі вяршок на галаве. Падакараў: — Вы, падсудны, каяліся б, прасілі ў таварыша Стасюкевіча i ў сваёй жонкі даравання, у нас — літасці, а не... сачынялі б, разумееш, версіі!
Читать дальше