У тыя часы, у раннім маленстве, Ясік не ўяўляў: Стася прыгожая ці не. Успамінаецца, што яна была вышэйшая i паўнейшая за яго, мела доўгую русявую касу, круглаваты, усыпаны рабаціннем твар, невялікія карыя, як i ў брата, але не блуклівыя, жулікаватыя, а спакойныя, нібы ленаватыя вочы i да ўсяго была нашмат дужэйшая i за Мішку, i за яго. Барукаючыся, яна валіла на дол на спіну i аднаго, i другога. Яна i Волесю, лічы, не саступала. Калі той сваімі здзекамі даводзіў яе да шалу, дык яна не раз спускала таму з носа кроў. Ясік тады проста прывык, што ёсць яна, Стася, i што тая падабае яго лепш, чым Мішку.
Цяжка ўжо ўспомніць, калі i як тое адбылося, але ў адзін летні дзень (а што той дзень быў якраз летні, дык пра тое напамінае цяпло i зелянота), калі Ясіку было гадоў дванаццаць ці, можа, ужо i трынаццаць, яго жыццё на хутары нечакана змянілася, а то i проста азарылася: да Мішкі прыехала з горада яго самая старэйшая сястра, сталая ўжо цётка, i прывезла з сабой дачку, Аксану. Тая, на год старэйшая за яго i Мішку, высакаватая, у беленькіх сандаліках i шкарпэтачках, у чысценькай чорнай спаднічцы, у беленькай блузцы i ў банціках колеру снегу на стройнай галоўцы, уся ў ззянні юнай красы i грацыі, адразу ж змусіла Ясікава сэрца забіцца часцей.
Ён не разумеў, што з ім робіцца: цягнуўся цяпер толькі ў хату да Паланевічаў, але i там, i дома, калі Аксаніна маці прыходзіла з дачкой да ix, ён не мог падняць на вабную, нават вельмі мілую дзяўчынку вачэй, мабыць, пунсавеў, a калі Аксаніна маці, канечне ж, заўважаючы гэта, туліла яго да сябе: «Будзеш маім зяцем?», ён ажно палаў ад сарамлівай гарачыні, а ягоная маці яшчэ дадавала яму жару: «Дай Бог! Вельмі ж пекная будзе нявестка».
Паколькі гарадская красунька засталася ў Паланевічаў на ўсё лета i паколькі Мішку-дзядзьку нельга было быць Ім i Ею ca старэйшай на год яго пляменніцай (i яны, дзеці, разумелі i шанавалі сваяцтва нават у гульнях), то цяпер Ім i Ёю былі Мішка i Стася, Ясік i Аксана. Усе былі задаволеныя такімі «сямейнымі парамі», апроч Стасі. Яна насуперак ім усім не жадала мілавацца толькі з Мішкам, спадылба пазірала на яго, Ясіка, i на Аксану, калі яны ў абдымку «ляжалі ў ложку», насуплівалася, як мыш на крупы, а пасля часта кідала гульню i сыходзіла, дзень-два не паказваючыся ім на вочы. Яны клікалі яе, але яна не ішла.
«Я разумею, чаму яна такая»,— аднойчы задуменна сказала Мішку i Ясіку Аксана.
«Чаму?»
«Яна любіць Ясіка».
Ён чуў ужо i не раз гэтыя словы ад старэйшых — «любіць», «не любіць»,— ды тады яшчэ не мог спасцігнуць іхняй сапраўднай глыбіні, толькі адчуваў ужо, што яны шмат значаць.
«А ты яе любіш?» — калі яны неяк засталіся сам-насам, запытала ў Ясіка Аксана.
«Не»,— паспяшаўся адказаць ён, не столькі разумеючы, колькі адчуваючы, што якраз такі адказ будзе прыемны Аксане.
«А ты хочаш любіць дзяўчынку?»
На такое запытанне ён ужо не мог адказаць хуценька: Аксана пыталася ў яго пра вельмі запаветнае, хоць i мала яшчэ ўсвядомленае, ды пра тое, з чаго кпяць з ix, дзяцей, сталыя. А да ўсяго трэба было, можа, прызнацца, што з усіх дзяўчынак, якіх ён ведае, яму найперш падабаецца яна, Аксана. А каб сказаць так, пачынаў ужо замінаць нейкі новы, не зусім зразумелы сорам: ужо тое, што наплывала на душу, вабіла мець за сваю таямніцу.
«Скажы»,— прасіла, дапытвалася Аксана, але ён нічога цямлівага ёй не прамовіў, з хваляваннем пачуўшы, што яна хоча сябраваць з хлопчыкам, каб пасля палюбіць яго. A калі запытала, ці хоча ён з ёю сябраваць, то ўжо тады радасна прызнаўся: «Хачу».
Пасля дзіўнай адчужанасці Стасі яны, Мішка, Аксана i Ясік, бавілі свой вольны час ужо ўтраіх. Хадзілі ў лес па ягады i грыбы, купацца на рэчку (плёскаліся зусім распрануўшыся i яшчэ не саромеліся гэтага), гулялі на Паланевічавым ці іхнім загуменні.
Ясік паволі паспакайнеў, ужо не так бянтэжыўся перад Аксанаю, якая была не толькі жвавая, смелая, але i калінікалі ўжо, як пазней зразумеў, капрызная альбо какетлівая,— гэта значыць, у яе ўжо праяўляўся i свой, жаночы, характар. Якраз яна першая неяк міжволі падвяла да таго, што яны пацалаваліся ўжо не ў гульні, як «тата» i «мама», а як дзяўчынка i хлопчык. Пасля гэтага, як толькі адасобліваліся ад Мішкі, яны падоўгу цнатліва туліліся адно да аднаго, цалаваліся ці браліся за рукі i ішлі ў лес альбо на луг, мабыць, аднолькава адчуваючы прыемную хвалюючую ўзрушанасць. З той пары шмат ужо сплыло вады, але i цяпер Ясь з асаблівым светлым, а то i мілым трымценнем помніць тыя Аксаніныя першыя пяшчотныя поціскі рук, лёгкія прытульванні i кароткія дзіцячыя пацалункі, цяпло, водар яе юнага цела i валасоў — усё тое было па-сонечнаму яснае i па-крынічнаму чыстае. Аксана тады абудзіла ў ім незразумелыя, пакутлівыя, але i глыбокія, радасныя пачуцці, што магла ажывіць толькі яна, дзяўчынка, якая гэтак хораша спадабалася яму.
Читать дальше