або Смутак ад першага кахання
У ix, на хутары, дзеці змалку i неяк зусім незаўважна прывучаліся працаваць, па-гаспадарску мысліць i гэтак рабіць усё. Што да яго, Яся, дык ён, бадай, не помніць, калі, у якім узросце пачаў спаўняць тое, што яму даручалі: выганяць курэй з гародчыка, пільнаваць, асцерагаць квахтуху з малечай ад варон i ястрабаў (на куранят i гусянят загараўся паляваць i кожны новы іхні кот, але маці пасвойму кожны раз адвучвала ад гэтага: як толькі вылупяцца з яйкаў маленькія жоўценькія птушаняткі, яна лавіла, падносіла яго, малога, але спрытнага драпежніка, да куранят, паказвала ix i хлістала дубчыкам: глядзі, бач, але не чапай! I той нібы ўсё разумеў, не падыходзіў блізка да куранят. Да слова, i Ясь так адвучваў не аднаго ката лазіць па бярозе да шпакоўні: падносіў паляваку, які шукае лёгкай здабычы, да дрэва i сцёбаў таго якой хлабзінаю — зыркай на старых шпакоў, чуй малады піск іншых шпачанят, але не лезь да ix i не сунь кіпцёрыстую лапу праз акенца ў шпакоўню!). Цяжка ўспомніць, калі ён, Ясік, як тады яго называлі, пачаў i падвышацца на службе — прыганяць дамоў гусей з сажалкі, пасвіць на выганчыку мацёру з парасятамі, карміць, паіць іхніх авечак, каровы, а пазней i каня, калі трапіў у падпаскі, для чаго яму сплялі новыя лапцікі i пашылі спецыяльную торбачку, калі пачаў памагаць бацьку рэзаць дровы i кавальнічаць (хадзіць на Каменную гару па жоўты пясок для формаў, раздзімаць мяхі, зубіць сярпы ды круціць тачыла) альбо калі навучыўся памагаць маці абладжваць грады ці жаць, а затым трымаць у руках сякеру ды касу. Усё гэта, як запомнілася, выходзіла неяк само па сабе, як i тое, што ён, старэйшы ў сям'і, у меру свайго ўзросту i ўмення быў апекуном-выхавальнікам маладзейшых сястры, двух братоў i яшчэ адной сястры (выхавацель з яго быў i такі, што ён, калі надакучвала прыбіраць за самым меншым, хто, скажам, i ўлетку не прасіўся па патрэбе на двор i, прысеўшы ўпотай за стаяком альбо пад ложкам, ціхенька скручваў там грушу, дык тады выхоўваў адмыслова — мог змусіць таго шкодніка загрэбці яе, тую грушу, сваімі рукамі i пад адчайны плач вынесці яе з хаты за сенцы. Ды i яшчэ нямала розных кар i экзекуцый ужываў ён — выхавальнік, як цяпер разумее, зусім не злаўмысна, а па нейкім сваім, дзіцячым, праве, дзе i любоў ды ласка, але i жорсткасць таксама, што маці, бывала, бачачы i чуючы, як яны на печы счэпліваюцца нават за тое, дзе, на якім месцы пакласці там лахманы альбо карчажку, часамі вельмі засмучалася: «Чаму вы, дзеці, такія? Вы ж родныя браты i сестры! Вы павінны не грызціся, як кот з сабакам, а шанаваць, любіць адно аднаго!»
Было... Самага ўсякага... Як i нямала светлых, радасных i шчаслівых хвілін, бо выпадала шмат i розных забаў, гуляў i ўцех. Усяго, як бы ні хацеў, не ўспомніш, бо ix было нямала не толькі кожны год, месяц ці тыдзень, але нават кожны дзень, a ўсё тое неяк хораша адклалася не столькі ў памяці, колькі на душы i нічым не абцяжарвае яе, дзякуй Богу, не гняце i не шчыміць, як у некаторых іншых — хворых, гаротных i няшчасных, хто, на жаль, i сваё маленства ўспамінае са скрухаю. Калі ім, шасцярым дзецям сваіх бацькоў, цяпер зрэдку ўдаецца сабрацца разам ці хоць бы траім-чатыром, дык яны не могуць не ўспомніць той час, калі жылі на хутары (самая малодшая іхняя сястра нарадзілася ўжо ў вёсцы, калі ён, Ясік, хадзіў у дзесяты клас i быў ужо няштатным карэспандэнтам не толькі раённай, але i адной з рэспубліканскіх газет, меў такія-сякія свае грошы за тое, што друкаваў там штосьці), i кожны з ix — Ясь-літаратар, бухгалтар, трактарыст, рабочы i дзве настаўніцы — успамінае сваё, тое, што найбольш яму запомнится. Не варта таіцца, бывае, маладзейшыя нагадаюць Ясю i ягоныя розныя тыя «выхаваўчыя ўрокі», але паколькі цяпер ужо ўсе таты i мамы (а Ясь са старэйшай з сясцёр дык ужо дзед i баба), то ніхто ні ў чым яго сур'ёзна не папікае. «Так трэба было»,— усміхаюцца, a іхнія швагры i швагеркі, слухаючы гэтыя «мемуары», увачавідкі цепляцца вачыма, усмешкамі i таксама ўспамінаюць сваё тое, юнае: «I ў нас такое было!», i яны расказваюць, гамоняць, цешацца ўсім, што ўжо мінулася, але не знікла, як некалі ў вольную i вясёлую хвіліну гутарылі пра сваё маладое іхнія бацькі ў іхнім узросце!
Хуткі, а то i імгненны цёк часу, міг чалавечага веку, але i нейкая нязводнасць тых цёку i мігу ў ранейшых i новых пакаленняў, калі штосьці адно заўсёды паўтараецца (праўда, па-свойму) i яднае ix, злучае нябачнымі, але моцнымі ніцямі!
Свет Ясікаў тады не абмяжоўваўся толькі адной іхняй сялібаю: непадалёку на хутары Амшарку былі i іншыя паселішчы. Праўда, выйшла так, што з усіх навакольных хутаранцаў яго бацькі i два матчыныя браты доўгі час былі самыя маладыя сем'яніны, а гэта значыць, што i дзіцячы, юнацкі гурт на Амшарку i на суседніх хутарах быў розны. Яны, Ясік з роднымі i стрыечнымі братамі ды сёстрамі, лічы, усе, апроч старэйшай дачкі дзядзькі Антона, нарадзіліся пасля вайны, a ў іншых многіх сем'ях былі толькі даваенныя дзеці ці яшчэ па аднаму нашчадку, які заявіўся ў Нямеччыне, куды хутары i вёску вывезлі ў блакаду, i з некалькіх дзесяткаў сяліб было зусім мала, пералічыш на пальцах адной рукі, тых сем'яў, дзе пажылаватыя ўжо на той час бацькі, вярнуўшыся з палону дамоў альбо сталага ўжо веку ўдава i ўдавец, што сышліся, асмеліліся папоўніць сваю сям'ю «падскрэбкам».
Читать дальше