Некаторых тых, хто нарадзіўся за гадоў дзесяць, нават пяць да вайны, Ясь слаба помніць: яны, ужо не баючыся адлучыцца з дому, адразу пасля вайны ці гуртам у першыя гады калгаса разбрыліся па ўсім свеце: хто падаўся ў бліжэйшыя гарады, у Мінск, а то i ў Данбас, Сібір, Карэлію, а пазней i на цаліну ці ў Польшчу i, на вялікі жаль, амаль усе патроху абрусіфікаваліся ці апалячыліся, a дзеці, унукі іхнія ўжо, лічы, чужыя янкоўскаму краю людзі, прыязджаюць на радзіму бацькоў i дзядоў як турысты.
Да сваіх стрыечнікаў у Ляйтаркі было хадзіць далекавата ды праз лес, то туды Ясіка доўга аднаго не пускалі, як i ў небліжэйшыя Ляжджа ды Падзеру; з адзінай аднагодкай, далёкай сваячкай Яняй з Раўка ён чамусьці не вельмі ладзіў, дык былі тры самыя блізкія паселішчы, куды ён хадзіў часта, а то часамі i збягаў туды насуперак волі бацькоў, за што (было-было!) не раз «каштаваў» ад бацькі рэменя. Сцежкай па полі (i зімой, i ўлетку) ён шнураваў да бацькавай далекаватай радні (у ix яго, сваядтва, помнілі i помняць не менш чым да сёмага калена), да Грыгарцэвічаў, дзе знаўся з іхнім самым малодшым, Стасікам, які пабачыў свет перад самай вайною. Стась быў калека, меў адну карацейшую i нягнуткую нагу, якую проста валачыў, але ён, як i ягоны бацька, быў не пануры, нават яшчэ больш — гарэзны, па-добраму самалюбны i смелы, дык Ясік, на гадоў шэсць маладзейшы, цягнуўся да яго як да сталейшага, быў ягоным падпаскам, разам з іхнім сабакам па Стасевай камандзе бегаў i адварочваў каровы, а заадно любіў вучыцца ў таго драць сасновае карэнне, рэзаць лазу i плясці кошыкі, рабіць свісцюлькі i стрэлкі, хадзіць разам на Сядзіўную i лавіць таптухай рыбу, майстраваць лыжы i канькі (ён са Стасем, малаадукаваным, але разумным ад прыроды, таварыскім, сябраваў да самай яго смерці). Яшчэ ён, Ясік, быў часта ў Навіцкіх, дзе знаўся з Волесем, Стасевым аднагодкам (гэты Волесь, змалку, як усе ў ix казалі, «урэдны», мацюжнік i садалаз, на нейкае дзіва, маючы большую сілу, часамі проста любіў, цешыўся мучыць яго. Ен енчыў, плакаў, а то i роў ад Волесевых здзекаў, за што бацька не раз лавіў, заціскаў Волеся між ног i хлістаў таго рэменем па мяккім месцы, ад чаго той спачатку прасіўся, таксама енчыў: «Дзядзецка, больш не буду крыўдзіц, цапац вашага Ясіка!», а пасля, калі Ясік па нейкай незразумелай цязе зноў i зноў імкнуўся да Волеся, дык той здзекаваўся яшчэ больш i прыгаворваў: «Калі ты ясцэ (мацюкаўся) сказас пра мяне бацку, то я вусы (вушы) табе абарву! I не толькі вусы!» Ясік ужо не прызнаваўся пра новы гвалт над ім, але, бачачы на ягоных шчоках засохлыя pari ад слёз, бацька махаў рукой: «Так табе, неслух, i трэба!», a маці прасіла: «Сынок, не хадзі ты да ix! Волесь — урэдны надта, ён табе не сябра, а непрыяцель твой, a іхняя Стася, паненка твая,— карэліца! Ад ix ты вошы наносіш у хату!»).
Стася — самае малодшае гэтых Навіцкіх дзіця, што нарадзілася ў Нямеччыне,— была старэйшая за Ясіка недзе каля трох гадоў, але паколькі яна раз i другі не пераходзіла ў старэйшыя класы, дык разам з ім i «падскрэбкам» Мішкам Паланевічам, блізкім суседам, Ясікавым аднагодкам, разам хадзіла ў школу, а пазней адстала i ад ix, неяк дабіла вучобу ў пачаткоўцы i далей не падалася вучыцца — ад вясны i да зімы пасвіла хутарскія каровы, узімку глядзела чужое дзіця ў суседняй вёсцы.
Наша галава не ўсё запамінае ці, лепш сказаць, не абцяжарвае чалавека памяццю пра ўсе ўбачаныя, пачутыя i перажытыя драбніцы. Гэта так i трэба, іначай i яна, i чалавек усяго не выцерпелі б, як, бывае, той-сёй не вытрымлівае вялікіх страшных уражанняў i захворвае. Цяпер вось ён, Ясь, часта напружваецца, змушае сваю памяць абудзіцца, падказаць, памагчы зрокава ўявіць, калі ўпершыню спазнаў ён, што ёсць яны, самыя блізкія сябры ягонага маленства: гэтыя смольна чарнявы, шырокі ў плячах, але нізкі, кульгавы Стась, худы, вёрткі i з вачыма, карыя круглікі якіх вельмі неспакойныя, проста блукаюць туды-сюды, Волесь, тоўсценькая Стася i высакаваты, са светлым кароценькім чубком, што спадае на лоб, Мішка. Не можа ўспомніць. Паўстае перад вачыма цьмяна тое-сёе, што было перад самай школаю, а пасля ўжо выразней са школьных гадоў, асабліва ў тую пару, калі ён з Мішкам закончыў сямігодку.
Мішка, Стася i ён, Ясік,— гэта іхняя, амшароўская, тройка, што пятнаццаць хутарскіх гадоў не толькі па блізкім суседстве расла на вачах адно аднаго, але амаль столькі ж часу яны бавіліся разам ці па пары — Мішка i Стася, Мішка i ён, ён i Стася. Яны не маглі не гуртавацца ўтраіх: мабыць, сам лес зводзіў ix у адну сяброўскую купку. Зусім юнымі, падпаскамі альбо застаўшыся ў нядзелю ці ў свята адны, без бацькоўскага назірку, яны разам гулялі ў «ножык», «чыжыка», «немца», у «коні». Ён, Ясь, яшчэ нядаўна саромеўся камусьці прызнацца, як яны, дзятва, тады несвядома, але трапна імітавалі тое, што было на самай справе між коньмі — гэтымі прыгожымі жывымі істотамі, чые паводзіны яыы i бачылі, і, канечне ж, міжволі захапляліся іхнімі грацыёзнымі целамі, колерам іхняй скуры i грывы, іхнімі гульнямі i злучкаю. Пазней, калі Ясь вычытаў у Адама Міцкевіча (здаецца, у «Дзядах»), што i той яшчэ ў тым стагоддзі з равеснікамі таксама гуляў у «коні», дык паспакайнеў: значыць, такія гулі былі i задоўга да ix, i нічога ў ix няма сарамяжнага, нездаровага альбо ганебнага. Як i ў забаўцы ў «гаспадароў». Неяк так выходзіла, што ў тых гульнях i Стася, i Ясік хацелі, каб Ёю i Sm был i яны, а каб Мішка быў «конюхам» ці «суседам». Мішка часта згаджаўся, але, бывала, калі бачыў, як Стася i Ясік так ці гэтак радасна ліпнуць адно да аднаго, усцешліва выяўляюць тое, што бывае паміж Ёю i Ім, чамусьці нерваваўся, a калі доўга было не так, як хацеў ён, дык пакідаў гульню. Зрэшты, калі яны саступалі i са Стасяй мілаваўся ўжо той, дык i ён, Ясік, пачынаў чамусьці непакоіцца, абурацца i таксама ранапозна адмаўляся быць «староннікам».
Читать дальше