Может быть, мое младенчество было печальным в силу некоторых частных условий? В самом деле, вот хотя бы то, что рос я в великой глуши. Пустынные поля, одинокая усадьба среди них...»
Той юны Арсеньеў зведаў i хвалюючае ды светлае, але колькі ў яго на хутарах Каменка, Батурына было «грусти», «тоски», «одиночества», колькі ён пакутаваў ад «запустенья» i «распада!» Зрэшты, ён, той Арсеньеў, расчараваўся не толькі ў хутарах i вёсках, але i ў большым: «Рос я, кроме того, среди дворянского оскудения, которого опять-таки никогда не понять европейскому человеку, чуждому русской страсти ко всяческому самоистребленью. Эта страсть была присуща не одним дворянам. Почему, в самом деле, влачил нищее существование русский мужик, все-таки владевший на великих просторах своих таким богатством, которое и не снилось европейскому мужику, а свое безделье, дрему, мечтательность и всякую неустроенность оправдывавший только тем, что не хотели отнять для него лишнюю пядь земли от соседа помещика, и без того с каждым годом все скудевшего? Почему алчное купеческое стяжание то и дело прерывалось дикими размахами матовства с проклятиями этому стяжанию, с горькими пьяными слезами о своем окаянстве и горячечными мечтами по своей собственной воле стать Иовом, бродягой, босяком, юродом? И почему вообще случилось то, что случилось с Россией, погибшей на наших глазах в такой волшебно краткий срок?»
Сталы, зараз я лепш разумею пакуты таго Арсеньева — нашчадка збяднелага двараніна, які з маленства мусіў не шыкаваць у сталіцы, a існаваць у глушы, а пазней не па сваёй волі пакінуць Радзіму i дажываць на чужыне. Расія, канечне, не загінула i не загіне ды ў свядомасці Арсеньева-Буніна адбыўся яе крах. Я, грэшны, не з дваран i не з купцоў, а з сялян, якія таксама мусілі пасяліцца на хутары, але не ўспрымалі гэта як трагедыю, а да ўсяго за пятнаццаць гадоў, што правёў на хутары, я не бачыў там вялікага лайдацтва, марнатраўства, загулкаў i запояў, словаблуддзя, хоць там, як i ўсюды, жылі не зусім святыя, а звычайныя людзі. Але я ix усіх помню найперш дбайнымі гаспадарамі, якія хацелі выжыць, падняць дзяцей на ногі, каб тыя «не былі жадны кавалку хлеба» i «не раслі гледзячы на лес», былі шчырыя, адукаваныя, працавітыя i «вялі бацькавую гаспадарку далей» альбо «дбайна заводзілі сваю».
Цяпер, калі я, паўтараю, сталы ўжо чалавек, зусім не саромлюся, што заявіўся на свет, рос на сваім Амшарку i не магу напісаць, што я гэтулькі сваіх гадоў там толькі сумаваў, жыў абы дзень да вечара, уражваўся ад неўтаймоўных звычаяў i нораваў, ад марнення i гібення, што вялі да якогасьці краху... Не. Канечне, часамі падступалі смутак, нават журба i маркота, было шмат цяжкай працы, розных непрыемных, а то i прыкрых здарэнняў i прыгод, але нават i ў нас, дзяцей, было натуральнае разумение: мы тут не выпадкам i не часова. Сюды па сваёй ахвоце выбраліся твае дзед i баба, тут самі рашылі пасяліцца бацькі, тут прызвычаілася ўжо ўся наша сям'я, маючы жыллё, кавал зямлі, гаспадарку, i мы ўсе з кожным годам лепш апранаемся i ядзім, а праз год-другі нам павінна быць лягчэй i заможней.
Наша «матка» — вёска Янковічы,— мабыць, з даўніх часоў (на жаль, i я не ва ўсім цікаўны, ленаваты, дык яшчэ не ўведаў добра гісторыю сваіх карэнных мясцін) не вельмі вялікая, у лепшыя свае часы, да вайны, кажуць, у ёй было крыху болей ста двароў. Стаіць яна сярод прылеску Налібацкай пушчы; зямлі, сенакосу i пашы няшмат, дык яшчэ ў тым стагоддзі той-сёй з янкоўцаў мусіў падацца на заробкі ў Амерыку, хтосьці — у расійскія гарады i на сібірскія бяскрайнія прасторы i нямала хто на пачатку ўжо гэтага стагоддзя выбраўся на хутары, каб пачаць адваёўваць зямлю, а значыць,сабе i сваім нашчадкам жыццё ў кустоўя i ў лесу.
Мой дзед па бацьку, Уладзіслаў, калі ажаніўся, таксама пакінуў цесныя Янковічы (пасля падзелу Беларусі на Усходнюю i Заходнюю), асеў за вярсты паўтары ад вёскі ў полі, у Амшарку, дзе займеў чатырох сыноў i дачку, крыху абжыўся, а свайго старэйшага сына, майго бацьку, вывучыў на каваля. Ды лес не пашэнціў майму працавітаму i разумнаму продку: зусім яшчэ малады, ён памёр перад блакадай ад таго, што ў яго нарваў зуб i сапсаваў кроў. Па такой хваробе ў спрыяльнейшы час, канечне, можна было б яшчэ доўга жыць. У блакаду не пашанцавала ні Янковічам, ні хутарам: ix немцы (калі быць праўдзівым, не толькі немцы, але i тыя, хто гаворыць на славянскай мове) спалілі да тла, а людзей вывезлі ў Нямеччыну. З усяго нашага роду толькі мой бацька адчайна марсянуў па дарозе ў Стоўбцы з абозу i пачаў бежанцам туляцца ў іншых вёсках, якіх агонь не зачапіў. Там ён спазнаўся з такой жа, як i ён, уцякачкай са свайго хутара (зусім блізкага ад яго), Янінай, i як толькі вайна пакацілася на захад, яны, маючы за плячыма толькі крыху за дваццаць гадоў, прыйшлі на парослы бадыллём хутар Амшарок, выкапалі паблізу ўжо ўтравелага, але яшчэ пахкага гарэлым зямлянку, абладзілі яе i пачалі ў ёй жыць, з хваляваннем чакаючы: вернецца янкоўскі люд дамоў ці не, адновяцца ці звядуцца Янковічы?
Читать дальше