Ён моцна паціснуў Балашову руку і выйшаў з тамбура.
Раніцаю Балашоў у чайной каля рынку еў селядца з бульбаю і піў густую горкую цыкорыю. Тут далі адрас яго будучай кватэры. Прыгожай дзяўчыне ён перадаў прывітанне ад Антонава, заплаціў за снеданне і пайшоў шукаць патрэбны яму дом на Сталыпінскай вуліцы.
Праз некалькі дзён тым жа цягніком у Бабруйск прыехаў нямецкі камуніст Густаў Шульц. І ён заходзіў у чайную да Розы Агал, а потым зрабіўся вялікім «кнігалюбам» і часта ў кнігарні купляў паштоўкі, старыя гравюры, паперу і кніжкі. Густаў служыў у гарадской камендатуры, насіў спічастую каску і ладна падагнаны мундзір, часам у яго воку пабліскваў манокль, на руцэ целяпаўся кароценькі стэк. Хоць і быў ён у гадах, але заўсёды выглядаў франтам. У кнігарні старому Ёселю Агалу Шульц пакідаў акуратна запоўненыя пашпарты, з якімі ездзілі падпольшчыкі ад Оршы да Брэста, папярэджваў, калі і каму трэба знікнуць, а ў салдацкіх казармах усё часцей з'яўляліся аддрукаваныя на тоненькай паперы нумары газет «Rotę Fahne» і «Roter Soldat», лістоўкі з заклікамі хутчэй вяртацца на радзіму, скінуць дынастыю Гогенцолернаў, стварыць новую сацыялістычную Германію.
Часам у магазіне «Книжная торговля и писчебумажные принадлежности» Павел Балашоў перадаваў Густаву Шульцу заданні і даручэнні падпольнага павятовага камітэта, забіраў пашпарты і бланкі прапускоў, выслухоўваў і запамінаў самыя свежыя навіны, планы нямецкага камандавання.
К чэрвеню на ўсіх заводах і заводзіках Бабруйска працавалі падпольныя бальшавіцкія ячэйкі, была створана партыйная група і ў друкарні на Мураўёўскай вуліцы, у ёй друкаваліся адозвы Бабруйскага укома. Іх выносілі ў кашах з абрэзкамі паперы, а к раніцы адозвы былі ў чайной і ў кнігарні Агала.
Выпіць шклянку чаю забягалі вучні з гімназіі і так званага палітэхнікума, заходзілі яны і ў кнігарню купіць сшыткаў або пёраў. А выносілі адтуль за пазухаю скрутачкі свежых лістовак. Яны траплялі ў сялянскія вазы на рынку, з'яўляліся на тратуарах і нават у саборы. Павятовы камітэт партыі заклікаў народ змагацца з рабаўнікамі-акупантамі, адбіраць у іх нарабаванае дабро, узбройвацца і ствараць партызанскія атрады.
Гэтыя лісткі шэрай і жоўтай паперы станавіліся выбуховымі і небяспечнымі. Кожны дзень то каля Качэрыч, то каля Глушы, то па дарозе з Надрэчча на абозы з жытам, парсюкамі і каровамі, забранымі ў вёсках, наляталі барадатыя, у світах і ў зрэбных кашулях мужыкі, стралялі над самымі конскімі вушамі, адбіралі ў перапалоханых салдат карабіны і заварочвалі фурманкі ў лес.
Аднаго разу каля Гарбацэвіч з васьмі нямецкіх салдат пасцягвалі боты, паздымалі штаны, мундзіры і каскі, а іх абулі ў свае лапці, аддалі прапацелыя зрэбнікі і ў такой «форме» адпусцілі. Камендант фон Тромэль лютаваў, аж вылузваўся ад злосці і тут жа выдаў загад: «Кожнага злоўленага бандыта расстрэльваць без суда і следства».
Па вуліцах горада шнуравалі патрулі і нарады палявой жандармерыі, хапалі падазроных, набівалі імі камеры турмы на Шасейнай вуліцы і казематы крэпасці. А ў чайной каля базару кожны дзень хто-небудзь пытаўся, ці няма ракаў, і прасіў тры шклянкі чаю без сахарыну, у магазінчыку «Книжная торговля и писчебумажные принадлежности» куплялі «Новы завет», на дзвярах гарадской управы і камендатуры з'яўляліся новыя лістоўкі, у казармах усё часцей знаходзілі «Rote Fahne», а інтэнданцкія атрады вярталіся з вёсак без нарабаванага дабра, без коней і карабінаў.
Маладым афіцэрам ветліва ўсміхалася прыгожая падавальшчыца фрэйлейн Роза, хадзіў па рынку з кошыкам у руцэ рабочы чыгуналіцейнага завода Павел Балашоў, заўсёды кудысьці спяшаўся на старым веласіпедзіку апрануты ў пацёртую тужурку паштовага чыноўніка Платон Раеўскі. А з Оршы вясёлы балагур Ванька Антонаў зноў вёз тры вялікія карзіны з «новым таварам».
7...
Вясна пахла нашатырным духам гною і гаркаватым пылам прырэчных вербаў. На платах і азяродах гарланілі і лапаталі крыламі пеўні. Падсыхала зямля і раніцамі ў нізінах дымілася сіняватаю парай. Жанкі на гародах пляскалі грады, саджалі цыбулю і адбіралі насенную бульбу. Прыйшла пара сеяць. А дзе чые палосы, яшчэ ніхто і не ведаў. У рэўком талакою ўвальваліся ўдовы і безнадзельныя карпілаўскія дзяды.
— Доўга ты нешта длубаешся, Мікодым. Зямля перасыхае, і гной петрае. Дзяліць трэба, а то няўпраўка выйдзе. Картоплю садзіць пара, проса якую жменю ды грэчкі хоць трохі ўкінуць,— прыспешвалі старшыню камбеда.
Читать дальше