— Вясёлага мала. Галадае Масква, але працуе. Масы ідуць за Леніным, даюць бой меншавікам і «левым» камуністам. У Смаленску вераць, што акупанты доўга не пратрымаюцца, збіраюць сілы. Ды вы ж тут газеты чытаеце, не горш за мяне ведаеце, што робіцца на франтах і ў Маскве,— стомлена адказаў Серабракоў. Яму хацелася спаць. Галава была цяжкая, як бязмен, а наперадзе — напружаная ноч і доўгая дарога.
і'уній гэта зразумеў, кінуў на канапу маленькую падушачку, на стол паклаў два тараны, тоўстую лусту наздраватага хлеба з асцюкамі, паставіў пляшку з алеем на донцы.
— Перакусіце і да вечара адпачывайце, а я схаджу на станцыю. Работы ў нашага брата па самыя вушы: лезе ўсялякая погань з кантрабандаю і контррэвалюцыяй, от і прыходзіцца яе працэджваць. Ён накінуў скуранку, сунуў у кішэню наган, папярэдзіў, што хутка прыйдзе гаспадыня, і выйшаў з пакоя.
Серабракоў пагрыз тарана, памачаў у алей хлеб, жменяю сабраў крошкі і расцягнуўся на цвёрдай кароткай канапцы. Вочы заплюшчыліся, а ў галаве стукала: «Павел Міхайлавіч Балашоў, Павел Балашоў, Павел Міхайлавіч, Ба-ла-шоў».
...Катловіч-Антонаў быў падобны на бойкага маладога купчыка: цэлулоідны каўнерык з загнутымі ражкамі, пікейная манішка, добры гарнітур у палоску і чаравікі з гетрамі выклікалі давер і павагу. І гаварыў ён так, што любы вушы развесіць.
— У нашым тарговым дзеле што глаўнае? Нюх. Цыкорыі няма, даставай цыкорыю, сахарын, трэба — вязі сахарын, мыла, тараны — усё падавай. З рукамі адарвуць. Кушаць кажны жалаець. Вот і прыйшлося кармільцам галоднага вобчаства стаць. Благароднае дзела. Праўду я кажу?
Серабракоў слухаў вясёлага балагура, які аціраўся сярод мяшэчнікаў, палінялых буржуйчыкаў, і часам не верыў, што гэта — бальшавік і вопытны канспіратар. Ён дзівіўся, бачачы, як вялікія кашы «бабруйскага камерсанта», крэкчучы, цягалі ў вагон насільшчыкі пад самым носам чыгуначнай жандармерыі.
Перад пасадкаю паджары немец з густа засеяным буйнымі вяснушкамі тварам і з белымі парасячымі брывамі праверыў даволі пацёртае пасведчанне Балашова, буркнуў кароткае «geh!»[ 4 4 Ідзі! (ням.)
] і ўзяўся за чарговы дакумент. Каля цягніка ўжо ціснуліся і штурхаліся людзі. На пероне ў двух цьмяных ліхтарах гарэлі газнічкі. Ледзьве былі асветлены і вагоны — здавалася, у цемені ночы нехта прарэзаў мутна-аранжавыя вокны ў яшчэ далёкае світанне. Пахла паравозным дымам і мокрым бэзам, Балашоў спыніўся каля вагона і напружана глядзеў на адчыненыя дзверы вакзала: «бабруйскага камерсанта» не было. Балашоў занепакоіўся, пастаяў яшчэ некалькі хвілін і знік у натоўпе мяшэчнікаў, што з крыкам і лаянкай перліся ў вагон.
У самым канцы ён знайшоў незанятую верхнюю паліцу, ускінуў на яе маленькі фанерны чамаданчык і пачаў умошчвацца на начлег.
Тройчы блямкнуў станцыйны звон, раўнуў, зачухкаў паравоз, тузанула вагон, і ён пакаціўся ў цемень ночы. Цягнік грукаў, рыпеў і калываўся, як стары нямазаны воз, спыняўся на кожным паўстанку. Вагон гаманіў, спрачаўся, хроп, кашляў, задыхаўся ад густога цяжкага духу.
У Шклове, Магілёве і Жлобіне немцы правяралі дакументы, свяцілі ў твары ліхтарыкам, нібыта некага шукалі, выпорвалі з-пад лавак заспаных пасажыраў. Яны, ачмурэлыя ад цяжкага сну, доўга чухаліся і не разумелі, чаго ад іх хочуць, потым поркаліся ў запазухах, шукаючы свае білеты і мікалаеўскіх часоў пашпарты. Немцы чмыхалі насамі, бурчалі: «Es ist schweine Gestank»[ 5 5 Свіны смурод (ням.)
], лаяліся адборнымі рускімі мацюкамі, некага валаклі, штурхалі і ссаджвалі. Пасведчанне на імя Паўла Міхайлавіча Балашова, відаць, было беззаганнае, ды і выгляд яго ўладальніка не выклікаў ніякіх сумненняў;
Неўзабаве нехта яго пастукаў па назе. Павел Міхайлавіч падняўся і ўбачыў на праходзе Антонава.
— Пара ўставаць, землячок, скора будзем дома.— Сказаў і пайшоў у тамбур. Балашоў, счакаўшы трохі, выйшаў за ім. За акном пачынала світаць, прабягалі лясы і вёскі ў сіняй смузе, круціліся палі, мільгалі і знікалі рэчкі.
Антонаў стаяў каля акна і прагна курыў.
— Я трывожыўся, ці не адсталі вы ад цягніка. Як выйшаў з вакзала, так і згубіў вас.
— Са мной такога яшчэ не здаралася,— усміхнуўся Антонаў і шчыльней прычыніў дзверы.— Слухайце: у Бабруйску мы з вамі не знаёмы. Ідзіце проста ў чайную. Пароль ведаеце. Вас паставяць на кватэру і звядуць з патрэбнымі людзьмі. Дзяўчыне, якая прынясе вам есці, шапніце: «Антонаў кланяўся вашаму тату». Гэта абавязкова.— І, памаўчаўшы, растлумачыў: — Трэба, каб мой тавар адразу трапіў да «пакупніка».
Читать дальше