Яна знікла ў дзвярах баковачкі, следам за ёю патэпаў і стары. Чуваць было, што яны пра нешта гавораць па-яўрэйску. Праз некалькі хвілін Роза вынесла стосік тонкіх лісткоў, аддрукаваных на рускай і нямецкай мовах.
— Хавайце за пазуху,— шапнула яна.
Стары паставіў на прылавак перавязаныя шпагатам два невялічкія пачкі кніжак. Зверху ляжаў «Новы завет».
— Дома пагартайце кожную. Можа што знойдзеце,— сказаў дзядок і падаў хлопцам маленькую вільготную руку, пажадаў ім шчаслівай дарогі, сеў у свой куточак і зноў пачаў «нюхаць» парудзелыя старонкі тоўстай кнігі.
— Выходзьце па адным і ў розныя бакі,— шапнула Роза.
— А гэты немец часам не цікуе за намі? — спытаў Аляксандр.
— Не бойцеся. Гэта наш немец,— супакоіла Роза.
6...
Акупанты занялі Жлобін, Рагачоў, Шклоў, Магілёў, захапілі сотні гарадкоў і тысячы сёл ад Нёмана да Дняпра. Немцы гаспадарылі ў Мінску і ў Барысаве, Асіповічах і Бабруйску, Полацку і Мазыры. У Оршы ў кайзераўскіх ваяк хапіла сілы заняць толькі таварную станцыю, а пасажырскі вакзал застаўся савецкім. На ім вісеў чырвоны сцяг, на пероне дзяжурылі чырвонаармейцы і чэкісты, дзяжурныя прымалі цягнікі з Масквы і Смаленска і адпраўлялі іх назад у чырвоную сталіцу.
З зялёнага вагона разам з натоўпам салдат і міласэрных сясцёр, сялян і мяшэчнікаў выйшаў невысокі сухенькі мужчына ў кароткай чорнай паддзёўцы, пацёртай кепцы і ў добрых юхтовых ботах. Ён звярнуў у пусты гразкі завулак. На прызбе каля доміка з сінімі аканіцамі грэблася вялікая кура, хаваючы над крылы маленькіх жоўценькіх куранятак. На плоце сохла некалькі паліваных гладышак, на акне ярка цвіў густы «агеньчык». Мужчына смела зайшоў у двор, нібыта ў ім быў ужо не раз, адчыніў дзверы і апынуўся ў чыстым светлым пакойчыку. На цвіку віселі пацёртая скуранка і хромавая шапка з чырвонаю зорачкай. Адкінуўшы паркалёвую фіранку, з бакоўкі выйшаў малады чарнявы мужчына са стомленым тварам, з прыпухлінамі над вачамі. На ім была расшпіленая суконная гімнасцёрка, галіфэ са скуранымі леямі і дзіравыя шкарпэткі на нагах. Відаць, ён толькі што задрамаў і адразу прахапіўся, як толькі бразнула клямка.
— Мне начальніка пагранічнай Чэка, таварыша Рэвіна,— спытаў незнаёмы.
— Адразу падавай яму начальніка. А радавыя вам не трэба? — буркнуў у адказ гаспадар,— Ну, я Рэвін. Кажы, што далей.
— Тут усё напісана.— І чалавек падаў сіні пакет.
Рэвін яго акуратна расканвертаваў, дастаў аддрукаваную на машынцы паперку, прачытаў, паклаў пакет у кішэньку гімнасцёркі і загаварыў лагодна і ветліва:
— Распранайцеся, сядайце, таварыш Серабракоў, я зараз.
Ён знік за дзвярыма, завешанымі шырмай. Чуваць было, як стукае абцас аб падлогу, бразгае спражка. Праз некалькі хвілін Рэвін выйшаў прычэсаны, туга зацягнуты папругаю, у начышчаных ботах.
— Значыць, так,— пачаў ён, нібы працягваў даўно пачатую гаворку,— дакументы патрэбныя для вас ёсць. Запомніце, Пётр Міхайлавіч.— Цяпер вы — Павел Міхайлавіч Балашоў, слесар чыгуналіцейнага завода пана Вітушэўскага, мешчанін горада Бабруйска.
— Добра, што хоць бацькі аднолькава зваліся, а да астатняга прывыкну. Бабруйск ведаю добра, больш года праслужыў там у аўтамабільнай роце.
— Таварыш Кнорын абы-каго не пашле. І правільна, што яму даручылі арганізацыю партыйнага падполля на акупіраванай тэрыторыі. Ён-то добра разумее, што адных немцаў трэба біць куляю, а другіх — словам. Старым салдатам надакучыла ваяваць і бадзяцца па свеце, яны рвуцца к сваім сем'ям, хочуць хутчэй вярнуцца да станка або да плуга. Многія спачуваюць нам і «не заўважаюць», калі мы пасылаем сваіх людзей, калі адпраўляем .літаратуру, а часам і зброю. На такіх немцаў у падпольшчыка павінен быць асаблівы нюх. А гад сустрэнецца — ніякай літасці яму! Усё гэта вам, мабыць, гаварылі ў Смаленску?
— З абстаноўкаю ў Бабруйску пазнаёмілі, патрэбныя адрасы помню. Толькі б дабрацца туды. Спадзяюся на вашу дапамогу.
— Білет да Бабруйска дастанем. А перайсці на той бок — раз плюнуць. Бывае, праўда, што прычэпіцца каторы салдат, пачке «цурукаць», а ты яму дзесятак марак у зубы — і адразу змоўкне. Тут нядаўна мы адпраўлялі ў Бабруйск газеты — «Правду», «Звезду», пачкі лістовак, «Rote Fahne», спецыяльна аддрукаваную ў Смаленску. Зверху, вядома, усё прыкрыта паркалем, хусткамі, таранамі, пачкамі тытуню. Здае гэты «тавар» таварыш Катловіч у багаж, а таможніку нешта стукнула ў галаву — прычапіўся: адкрывай кашы. А што значыць адкрыць кашы? Заваліць усю справу і самому пайсці пад палявы суд. Выручыла мікалаеўская залатая пяцёрка — сунуў яе Катловіч таможніку, той і размяк. Загадаў салдатам пагрузіць кашы ў вагон. Вам якраз і прыйдзецца ехаць з таварышам Катловічам. Пад вечар ён будзе тут. Вязе новы тавар. Запомніце, прозвішча яго Антонаў. Антонаў Іван Ціханавіч. За і ім, як за мураванай сцяною: трохі балбоча па-нямецку, нюх на небяспеку, як у добрага ганчака, праточыцца ў любую шчыліну. Ён вас звяжа з бабруйскімі таварышамі. А цяпер расказвайце, што там новага ў Маскве і ў Смаленску.
Читать дальше