Аляксандру зрабілася весялей: а ў яго ёсць надзейны «пропуск». І ён яшчэ асцярожней павёў бабульку да дзвярэй.
Той самы немец, з жоўтымі, як у ката, вачамі, палопаў і яго па баках, зірнуў на бабку, грэбліва зморшчыўся і безнадзейна махнуў рукою. Праз людны закураны вакзал Аляксандр з хвораю кабетай выйшлі па брукаваную плошчу. Каля слупа іх чакаў Анупрэй. У бальніцу яны пайшлі разам. Хоць і мала было часу, але шкода пакідаць нямоглую старую, ды і небяспечна адразу ісці ў чайную: ліха яго ведае, можа хто ідзе назіркам. А яшчэ і прымеркавацца трэба да новых парадкаў.
Раніцаю вуліцы пустыя, толькі па мокрым, закіданым гноем бруку ехала вялізная фура з гаршкамі ды штурхаў перад сабою каламажку стары дзядок у доўгім лапсердаку і круглай ярмолцы. Па тратуары, цокаючы падкоўкамі, ішоў хлёеткі, як бізун, нямецкі афіцэр, паблісквалі падобныя на пляшкі, жоўтыя батфорты і мядзяны шышак на чорнай касцы. Горад быў той і не той. Стаялі знаёмыя Аляксандру дамы, платы і прысады, і дзіўна было бачыць на гэтых вуліцах салдат і афіцэраў, з якімі ён тры гады ваяваў. Цяпер яны хадзілі тут, як гаспадары. Ці надоўга? Як яно ўсё навернецца? Адно ведаў цвёрда: трэба трымацца да апошняга...
Даставіўшы бабульку ў бальніцу, Салавей з Драпезам мінулі спічасты чырвоны касцёл, перасеклі Мураўёўскую вуліцу, выйшлі на Альхоўскую і падаліся да рынку. Тут стаяла некалькі настрамачкаў сена, на прыцярушаным саломаю бруку сівенькі дзядок разаслаў цырату і расклаў на ёй свой тавар — выцерты блакітны мундзір, капялюшыкі з пёрамі, сукенкі, мядзяныя падсвечнікі і яшчэ нейкую старызну. Ён прытупваў і тоненькім галаском заклікаў пакупнікоў:
Вот мундир для генерала.
Продаю ка хлеб и сало.
Эти дамские обновки
Продаются по дешевке!
Аляксандр хітра ўсміхнуўся, торкнуў Анупрэя локцем.
— Можа купім? Га?
— Хіба Цярэшку? — зарагатаў Драпеза.
Яны хадзілі паміж вазоў, столікаў і кабет, што прадавалі сахарыну, соль і цыкорый, прыцэньваліся і таргаваліся, але ўсё паглядалі на дзверы вялікага двухпавярховага дома з шыльдай: «Чай и домашние обеды».
Нарэшце завярнулі туды. У невялічкім зальчыку сядзела чалавек дзесяць вясковых дзядзькоў. Хто наразаў сала, хто сёрбаў рэдзенькую поліўку, хто піў каламутную цыкорыю. Усе маўчалі. Аляксандр з Анупрэем селі за свабодны столік, дасталі з торбачкі хлеб і кавалак вэнджанага кумпяка. Азірнуліся. З баковачкі, дзе бразгаў посуд і чутны былі жаночыя галасы, выйшла тоненькая дзяўчынка ў фартушку, карычневай сукеначцы з беленькім каўнерыкам, як у гімназісткі.
— Што загадаеце, панове?
— Тузіну ракаў,— спакойна адказаў Салавей.
На яго зіркнулі прыгонныя чорныя вочы.
— Ракаў няма,— адказала дзяўчына.
— Тады тры шклянкі чаю без сахарыны.
Праз некалькі хвілін прыгажуня паставіла на столік тры шклянкі чаю. Пад адной з іх Аляксандр заўважыў маленечкую пісульку. Спрытна выхапіў яе і схаваў у кішэню.
Калі выйшлі з чайной, Салавей прачытаў: «Мінскі фарштат, 78. Спытаць, ці не трэба канюшына. Запіску знішчыць».
Ішлі доўга пустымі вуліцамі і завулкамі. Тут амаль не відно было немцаў. Драўляныя хаты, сады і гароды хутчэй нагадвалі мястэчка або вёску: мыкалі каровы, на прызбах грэбліся куры, каля платоў рыліся парсюкі.
Вось і доўгая хата без аканіц. На сцяне — заіржавелая бляшаная дошчачка: «Страховое общество «Россия», а пад ёю ад рукі выведзены нумар — 78. Без стуку ўвайшлі ў хату, прывіталіся і сталі ў парозе. На ўслоне сядзела старая яўрэйка і скубла пер'е.
— Ці не трэба вам канюшына? — спытаў Салавей.
Жанчына, не адрываючыся ад работы, паглядзела на іх і гукнула:
— Бэрул, кум а гер![ 2 2 Бэрэ, хадзі сюды! (яўр.)
]
З дзвярэй выйшаў малады хлапец з рудаватым чубам. На ім была чорная касаваротка з белымі, як на гармоніку, гузікамі, на босых нагах — атопкі ад старых валёнак.
— Ці не трэба вам канюшына? — спытаў і ў яго Салавей.
Хлапец адчыніў дзверы ў другую палавіну і жэстам запрасіў незнаёмых праходзіць. Калі зачыніліся дзверы, Аляксандр ціха сказаў:
— Мы з Рудабелка хочам пагаварыць з кім-небудзь з укомаўцаў.
— Сядайце, сядайце, таварышы. Кладзіце свае світкі от сюды, на канапу. А мы вас даўно чакаем. Малайцы, рудабельцы. Як там таварыш Салавей маецца?
Драпеза ўсміхнуўся, хацеў нешта сказаць, але Аляксандр апярэдзіў яго:
— Нішто жыве. Пакуль што ні легіянеры, ні немцы яшчэ не падстрэлілі. Бяда толькі — адбівацца няма чым. От і прыслаў нас сюды.
Читать дальше