— Хіба тут няма гэтай погані? Ехаў са мною у поездзе Салаўёў сынок з нейкім рудабельскім зладзюгам. Наслухаўся я іх! От і будзем душыць, каб юшка пацякла. Вешаць свалату трэба. Гэты, пэўна, дзякрэцікаў бальшавіцкіх навёз. На чужую зямлю ласы. Тры аршыны ім адмераем і асінавы кол загонім.
— Твая праўда, сынок. Гэтыя рудабельскія зрэбнікі яшчэ ў японскую вайну бунтавалі. Зямлю панскую наважыліся дзяліць, дзве пуні ў двары спалілі. Ну ж і ўрэзалі тады ім казакі, і цяпер чухаюцца. А самых заядлых у Сібір пазаганялі, адкуль крумкач і касцей не прынясе. Дай ім толькі волю, дык яны з глоткі выдзеруць.
Выпілі яшчэ па кілішку. Казік прагна еў і хваліў паляндвіцу. Маці ўсё падсоўвала і падкладала яму тлусцейшыя кавалкі. Ён пацягнуўся да хрусту ў касцях, пахістваючыся ўстаў з-за стала.
— А цяпер спаць.
— Я ўжо табе паслала, сыночак, ідзі ў камору.
— Што я дома, нікому ні гу-гу. Калі хто бачыў, скажыце на дзень прыязджаў і зноў у часць вярнуўся. Шынель схавайце. А парабчука гэтага... Каб і смуроду яго тут не было!
Няроўна ступаючы, Казік пайшоў у камору, пакрактаў, сцягваючы хромавыя боты, і хутка захроп.
Андрэй Ермаліцкі нізка звесіў галаву, утаропіўся ў стальніцу і доўга яшчэ думаў пра ўсё, аб чым толькі што гаварылі з сынам. Пальцы нервова качалі маленькую галачку з хлеба.
Было чуваць, як шашаль точыць старую шафу.
3...
Здалёк убачыў Аляксандр дым над комінам бровара, верхавіны старых ліп у панскім садзе — усё тое самае, што бачыў сем гадоў назад, калі ішоў у Парычы на прызыў. Толькі раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку.
Дзень шэры і зябкі. Палі прыцярушыў лёгкі сняжок, толькі рудзеюць сцежка, пратаптаная клетачкамі лапцей, ды каляіны, поўныя каламутнай вады і тонкіх патрушчаных ільдзінак.
Вось і вялікі панскі сад. Апалае лісце пазграбана ў кучкі, на іх ляжыць зрэзанае сухое сучча. Відаць, збіраюцца паліць. Жалезная брама на чырвоных мураваных слупах замкнута, дарожка, што вядзе да панскага белага палаца, падмецена, у вокнах пакояў бялеюць фіранкі.
Выходзіць, тут нічога не змянілася: параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю, ідуць парабкі, дурманіць востры пах гарачай брагі. Відаць, па-ранейшаму ўсім камандуе панскі ўпраўляючы. У яго цяпер новы гаспадар — зяць былога царскага камергера,— барок Урангель. Паны дрыжаць і туляюцца недзе ў віратлівым Петраградзе, а тут падразаюць сад, падмятаюць дарожкі. Мабыць, і не ведаюць рудабельцы, што ўлада цяпер належыць ім, што панская зямля, бровар і гэты палац ужо іхнія. «Добрую школу можна зрабіць у пакоях»,— падумалася Салаўю.
Калі мінулі грэбельку праз Нератоўку, хлопцы развіталіся з Цярэшкам і пайшлі вуліцаю, абсаджанай старымі парэпанымі вербамі. З вокан маленькіх хат пазіралі кабеты, спыняліся і доўга глядзелі салдатам услед дзеці. З веснічак выскачыла маладзіца ў падранай на плячы кофце, з закасанымі мокрымі рукавамі.
— Салдацікі, а салдацікі, можа дзе пра майго што чулі? Кавалевіч Амяллян завуць. От кінуў поўную хату дзяцей і душыся тут з імі, а пра самога ні слуху ні духу.
Салдаты спыніліся. Паглядзелі адзін на аднаго.
— Не, Параска, не чулі пра твайго Амялляна.
Жанчына пляснула рукамі.
— А божачка, ці ж не Ляксандра Раманаў гэта. І Анупрэй, здэцца. Аво-о-ой! Дзякуваць богу, што хоць жывыя, з рукамі ды з нагамі вярнуліся. А мой ужо недзе, мабыць, зямельку парыць. Ой няшчасная мая галованька,— загаласіла так, як, відаць, галасіла часта, чакаючы і ўспамінаючы свайго Амялляна.— На пабыўку ці саўсім? — размазваючы слёзы, усхліпнула Параска.
— Адваяваліся, хопіць,— уздыхнуў Анупрэй.
— А стрэльбу нашто валачэш? Няўжо яшчэ не наняньчыўся з ёю?
— Прывык. Хай будзе, можа яшчэ і спатрэбіцца,— усміхнуўся Аляксандр.
— Не плач, Параска, калі жывы, прыйдзе твой Амяллян.
— Каб жа даў бог! — І пабегла ў двор.
У канцы Карпілаўкі Анупрэй спыніўся.
— Мне сюды.— І працягнуў Аляксандру руку.
— Што, бальшавік, рабіць збіраешся? — спытаў Салавей.
— Што ўсе, тое і я. Савецкую ўласць рабіцьмем.
— А вінтоўку не ўзяў. Тут, брат, рэвалюцыю яшчэ толькі пачынаць трэба. Ты ж вельмі не прысыхай да бабы. Прыходзь у воласць. Збярэшся, падумаем, з чаго пачынаць.— Салавей паправіў на плячы вінтоўку і пайшоў, шастаючы апалым лісцем.
На валасным ганку ранейшай шыльды з двухгаловым арлом не было. На зашчытку, дзе яна вісела, відзён квадрат светлых дошак. Гэта ўжо спадабалася Аляксандру. Ён падняўся па прыступках і ўвайшоў у вялізную пустую зборню. У кутку на доўгай лаве сядзела старая жанчына і жавала кавалак падгарэлага скавародніка.
Читать дальше