— Пірат, на месца! — Сабака ўтуліўся і нехаця пасунуўся ў будку.— Што васпану трэба? — спытаў стары, не сыходзячы з ганка.
— Ці не тут жыве Андрэй Ермаліцкі? — захацелася падгартаваць Казіку.
— А каб цябе бог любіў! Няўжо сынок! Анэта, чуеш! Барзджэй сюды! — І стары кінуўся сыну насустрач.
Ён паказытаў Казікаву шчаку калючай барадою, ухапіў цяжкі куфэрак і панёс да ганка. Выціраючы аб фартух рукі, насустрач бегла маці. Яна слізкімі губамі патыцкалася ў сынаву шчаку і ў цупкія падкручаныя вусікі, пачала смаркацца і выціраць фартухом слёзы.
— А дзіцятка ж маё! Матчыны малітвы дайшлі да ўсявышняга! Дзякаваць богу, што цэлы вярнуўся!
У доме ўсё было так, як і да Казікавага ад'езду. Стаялі два вялізныя, акаваныя жалезнымі шынамі куфры, сточаны шашалем камод, доўгая дубовая канапа. Толькі разлапушыліся фікусы і пазасланялі вокны. Маці бегала ў клець, мітусілася каля прыпечка. На трынозе цвырчэла яечня, бацька кроіў чырвоную, добра завэнджаную паляндвіцу.
Казік у сподняй кашулі плёскаўся і фыркаў над вялікаю мядніцай. Потым доўга прычэсваўся перад счарнелым аблузаным люстрам, падбіваў рукою густыя каштанавыя валасы, падкручваў кароткія вусікі.
— А дзе ж Гэлька? — успомніў ён пра сястру.
— Ат, скруцілася дурніца. Ніякага зладу з ёю няма. Можа б ты паўшчуваў. Я ўжо і лейцамі гразіўся, і замуж хацеў за Невяроўшчыка аддаць, дык і ні блізка. Ушалопалася ў нашага парабка. Можа ж помніш Івана Кандратавага з Кавалёў? Бясштанік з галадранцаў, а так сабою відны, чубаты і не гультай. Хацеў яго яшчэ да Юр'я прагнаць, дык ушчала такі лямант: «І павешуся, і ўтаплюся...» Чаго добрага, думаю, і праўда, рукі на сябе, дурніца, наложыць, сораму не абярэшся. І так усім наша дабро вочы коле. А сёння досвіткам у млын разам паехалі. Як ведаў, што шатровачка на блінцы спатрэбіцца. Гэта ж такі госць чаканы і неспадзяваны.
Казік спахмурнеў. Сястру ён пакінуў цыбатым падлеткам, а цяпер, выходзіць,— паненка. Хітры, відаць, гэты парабчук — зачмурыў ёй галаву, а сам на бацькаў хутар аблізваецца. Думаў, больш наследнікаў няма, жывым хацеў пахаваць.
— Парабчука гэтага, тата, каб і духу тут не было,— закамандаваў Казік.— А баіцеся — сам з ім упраўлюся.
— Памажы табе божа, сынок.
Маці заслала велікодны кужэльны абрус, расставіла талеркі, унесла запацелую бутлю вішнёўкі, дастала з палічкі прысадзістыя рубчастыя чаркі.
Сына пасадзілі на кут пад абразы. Побач з Мікалаем-цудатворцам вісеў партрэт «імператара і самадзержца ўсея Русі Мікалая другога». Казік сядзеў у расшпіленым мундзіры. Бацька, наліваючы ў чаркі, не зводзіў з сына вачэй.
— За яго імператарскую вялікасць і ўсю царскую фамілію,— устаўшы, апаражніў Казік сваю чарку. Бацька падняцца не здагадаўся, перакуліў кілішак, крэкнуў і занюхаў мякішам хлеба.
— Сярдзітая, халера, спірытус з панскага бровара.— Стары ўторкнуў на відэлец тоўстую празрыстую скварку і пачаў жаваць. Маці толькі прыгубіла чарку і выскачыла ў кухню.
— Дык што гэта будзе, скажы ты мне, Казічак? Як жыцьмем?
— А што? Жыцьмем, як жылі.
— Рэзрух нейкі пайшоў. Не разбярэш, што да чаго. Рудабельскія галадранцы плявузгаюць, што ўжо і Керанскага скінулі. Якія ж грошы цяпер будуць, скажы ты мне? Кацярыны ляснулі, керанкамі хоць падатрыся, а я тыя і гэтыя берагу. Пойдуць, няпраўда, і яшчэ ў якой цане будуць.
— Керанскі Аляксандр Фёдаравіч праспаў Расію на царыцыных пярынах, і грошы яго можаце спусціць, пакуль не ўсе ведаюць. А цар-бацюшка яшчэ пакажа сябе. Генералы прыдушаць гэты цёмны зброд. Сілу збіраюць вялікую. І нам тут няма чаго драмаць у шапку.
Бацька падліваў у чаркі і не прапускаў ніводнага сынавага слова: ён то ўсё ведае. Ахвіцэр! Не раз, мабыць, у ахвіцэрскім сабраніі з генераламі разам сядзеў, чуў, што разумныя кажуць.
Маці тупала каля стала і не зводзіла з сына вачэй. Аж не верылася, што гэта той самы Казічак, што на залатуху хварэў і шчыглоў увосень лавіў на каноплях.
— Дзе ж цяпер наш пакутнічак цар-імператар з наследнікам, Аляксандраю Фёдараўнай ды з вялікімі княжнамі?.. Няўжо ж і праўда недзе бедненькі пакутуе ў цюрме?
— Гэта ўсё бальшавіцкія выдумкі, мама. Яго так схавалі, каб ніхто і не пазнаў, і пераправілі ў Францыю. Там ён жывы і здаровы. Як толькі раздушым бальшавіцкую нечысць, «калі ласка, ваша імператарская вялікасць, займайце прастол». От тады зажывём. А скуру з гэтых «таварышаў» на барабаны нацягваць будзем.
— Што ж ты зноў збіраешся нас пакінуць, Казічак? — спалохалася старая.
Читать дальше