Знятыя з фронту часці ад'ядаліся і адсыпаліся перад паходам на Рудабелку. У мястэчка прыязджалі на маляваных вазках дзябёлыя шляхцянкі ў доўгіх футрах з жоўтымі лісінымі каўнярамі, у высокіх боціках на гузіках і да раніцы скакалі з афіцэрамі мазуркі і паланезы, гулялі ў фанты з пацалункамі, стараліся размаўляць «па-польскему», хоць іх польскую гаворку варшавякі і пазнанцы разумелі толькі пятае цераз дзесятае.
А Іван Мазалеўскі з шавецкім начыннем зноў пайшоў па сёлах. Цяпер ён ламаў галаву, як прабіцца ў Рудабелку, каб пераказаць, што збіраецца вялікая сіла жаўнераў. Бадзяючыся па хутарах, ён сустрэў Марыльку, Салаўёву сястру.
Цэлы месяц з рэшткамі свайго батальёна Аляксандр Салавей маршыраваў па вуліцах маленькай Сыноўні. Днём чырвонаармейцы паролі штыхамі мяхі з саломаю, стралялі па мішэнях, а вечарамі латалі гімнасцёркі і шынялі, падэшвы густа падбівалі цвічкамі з пляскатымі галоўкамі і спявалі песні латышскія, венгерскія, беларускія і польскія. З латышамі Салавей гаварыў на матчынай мове, з беларусамі — на бацькавай, польскую трохі помніў з маленства ад шляхцюкоў. Цяжэй было з венграмі. Яны добра разумелі каманду, ведалі, што трэба рабіць, калі ім што даручаюць, а вось пагаварыць з кожным байцом па душах камандзір не ўмеў. А як жа камандаваць, калі не ведаеш, хто чым жыве, пра што думае, чаго сумуе ці радуецца. Салавей часта ездзіў у Смаленск у штаб Заходняга фронту і ва Упрафарм,[ 16 16 Упрафарм — упраўленне фарміравання арміі.
] патрабаваў, каб хутчэй батальён адпраўлялі на фронт, даводзіў, што нельга ў такі час адседжвацца ў ціхай Сычоўцы.
— Не спяшайцеся, таварыш Салавей,— супакойвалі яго ва Упраўленні фарміравання,— вы яшчэ пакажаце сябе.
— Я ж не клоун, каб паказваць сябе. Я бальшавік і не маю права страляць па мішэнях і патрашыць сеннікі, калі гінуць нашы людзі.
— Скажу па сакрэту,— гаварыў начальнік упраўлення, лысаваты мужчына з выпраўкаю і манерамі былога афіцэра,— мы фарміруем полк чырвоных камунараў. Ён адправіцца на барацьбу з белалатышамі. Якраз вашы стралкі і будуць вызваляць родную зямлю. Камандзірам палка прызначаны ваш зямляк, бабруйчанін Іван Варфаламеевіч Царук. Вось так, Аляксандр Раманавіч.— Начальнік ветліва ўсміхнуўся і ўстаў.— Зайдзіце ў штаб фронту і атрымайце загад аб пераводзе ў Смаленск.
Праз два дні інтэрнацыянальны батальён уліўся ў полк чырвоных камунараў. Заўсёды падцягнуты Салавей цяпер быў асабліва па-дзелавому напружаны, заклапочаны і энергічны. Ён даставаў палявыя карты, гутарыў з ротнымі камандзірамі, асабліва часта заходзіў у латышскую роту, распытваў, хто адкуль родам, доўга гаварыў з латгальцамі, па карце вымяраў дарогі ад Дзвінска да Люцына і Рэжыцы, запісваў латышскія назвы вёсак і хутароў. Гаворачы з байцамі, Салавей бачыў разбітыя чаравікі, лупатыя латкі, не ў кожнага былі рукавіцы ці пальчаткі.
Па цёмных вуліцах Смаленска свістала завіруха, здувала з узгоркаў сыпучы снег, бразгала бляхаю дахаў, гула ў зубцах крамлёўскай сцяны. У такую сцюжу разуты салдат шмат не наваюе. Гэта непакоіла Салаўя. Ён прыйшоў да камандзіра палка і далажыў, што яго батальёну трэба восемдзесят шэсць пар абутку.
— Каб толькі восемдзесят шэсць! — сумна адказаў Царук.— На полк патрэбна сама меней пар чатырыста. А дзе іх узяць? Пачакай, зараз прыйдзе загадчык гаспадаркі. Паслухаем, што скажа Муляўка.
Увайшоў высокі мужчына ў кароткім шынялі, у абмотках і выцертай папасе. Увесь твар Муляўкі быў збіты воспаю, на месцы броваў тырчала некалькі рэдзенькіх валасінак. Ён выслухаў камандзіра палка, памаўчаў і спакойна адказаў:
— Трэба ехаць у Маскву.
— Там для нас назапасілі і толькі чакаюць цябе.
— Можа і не назапасілі, а даць дадуць.
— Хто гэта табе дасць? — пачынаў злавацца Царук.
— Таварыш Ленін дасць,— адказаў Муляўка.
— Ты што, з раніцы п'еш?
— Я з Уладзімірам Ільічом два гады разам у ссылцы быў. Ведае ён мяне. Даложаць — прыме і выслухае, а калі выслухае, паможа.
— Гм, а ты не прыдумляеш? — памякчэў Царук.
— Што тут прыдумляць, Іван Варфаламеевіч. Каб было дзе дастаць, хіба б стаў турбаваць Уладзіміра Ільіна ў такі час?
— Чаму ж ты раней не казаў, што разам у ссылцы быў?
— А чаго хваліцца? Так што выпісвайце дакументы, давайце пару чалавек у помач. Калі пашанцуе, будуць чаравікі.
— Каго табе даць?
— Ёсць у мяне пракідныя хлопцы,— ажывіўся Салавей.— Казначэй Сцяпан Герасімовіч і камандзір узвода Лукашэвіч.
— Прысылай іх сюды,— сказаў Царук.— І сам прыходзь.
Читать дальше