Прыехаўшы дадому, падводчыкі пра ўсё расказалі Максіму Ляўкову. Той моўчкі слухаў горкія навіны і адразу ўвечары сабраў камуністаў і членаў рэўкома, камбедаўцаў і былых партызан. Прамова яго была кароткая і простая. Ён гаварыў, што ўзброеныя Антантай банды Пілсудскага занялі Мінск і. падышлі да Бярэзіны. У баі пад Бабруйскам снарадам забіла нашага земляка, камандзіра батальёна Сцяпана Жынко. Пачуўшы гэта, стары Цярэшка, не здымаючы шапкі, перахрысціўся: «Царства яму нябеснае».
— У нябеснае царства, дзед, вароты шырокія, а за зямное яшчэ біцца трэба,— сказаў Максім Ус.
— Усё ты мяне падсякаеш, як таго печкура на верхаводцы. Біцца дык біцца, каб іх паралюш разбіў. Чаго ім, злыдням, тут трэба?
— Каб ты зноў парабкам быў,— ужо лагодна адказаў Максім.
— А выхвараюць яны! Паспытаўшы салодкага, горкае і калом не ўваб'еш. Цяпер і дурань ведае, за што яму стаяць.
— Дык што будзем рабіць, мужчыны? — запытаў Ляўкоў.
— Бараніцца,— загулі мужчынскія галасы.
-— Станем сцяною на Пцічы — і ні з месца!
Ляўкоў прыплюшчыў вочы.
— Каб так лёгка рабілася, як гаворыцца. Чырвоная Армія не ўстаяла пад Мінскам, мабыць, ужо здала і Бабруйск. Можа і ненадоўга, але здала. А як бараніцца з дубальтоўкамі?
Падскочыў малы, юркі Цімох Валодзька.
— У мяне ад «каперацыі» тры вядры патронаў асталося, скрынка піраксіліну і паўмяха гранат. Вінтоўкі і карабіны, лічы, у кожнага пад страхою тырчаць. На першым часе адаб'ёмся, а там і ў панкоў разжыцца можна будзе.
— Праўду кажа Цімох,— падняўся шыракаплечы Лявон Адзінец. Пра яго сілу ведала ўся воласць: мядзведзя паборае, учэпіцца за біла — конь ні з месца. Пакладзе на калёсы Лявон дзеравіну — вязі смела, не падужае — лепш і каня не запрагай. Як усе дужыя людзі, ён быў заўсёды лагодны і спакойны. А тут разышоўся: «Лепш памерці, а не аддаць тое, што столькі год заваёўвалі. Ці можа зноў ісці ў парабкі да Урангеля? Ён цяпер за атамана ў белых, а барані божа, прыедзе, скуру да касцей здзярэ. Я думаю, таварышы, трэба сёння ж падзяліць усіх на атрады, выбраць камандзіраў, а як толькі паткнуцца сюды легіёны, біць, не шкадуючы ні іх, ні сябе. Мы загінем, хай хоць дзеці нашы па-людску жывуць. Хто за камандзіраў будзе,— пытаецеся? Ігнат Жынко і Андрэй Пуцята чым не камандзіры? А ўзводнымі Максіма Уса і Цімоха Валодзьку назначыць. Па сёлах разведчыкаў адправіць. Каго? Хоць бы Марыльку Салаўёву. Гэтую дзеўку чорт і ў мяху не спаймае. Падшыванцаў да радні пусціць, няхай прынюхваюцца. Калі што якое, сюды перакажуць. Ну, а Максім Ляўкоў усім верхаводзіць будзе.
— Ты, Лявонка, як той Саламон, разважыў. Лепш і не прыдумаеш,— не стрымаўся Цярэшка.
— Папраўдзе, Лявон добра ўсё распланаваў,— пасвятлеў у твары: і ўсміхнуўся Ляўкоў.— Збірайце мужчын, камандзіры. Разыходзьцеся па сёлах, пагаварыце, каб кожны ведаў сваё месца.
— А бабы хіба зломкі? — ускочыла Параска.— Ці ж я сваім галапузым ліхадзей? Пішы і мяне, Андрэй Сцяпанавіч,— звярнулася яка да Пуцяты.— Пакуль страляць навучуся, кашаварыць буду, кашулі і зрэбнікі вашы мыць. Можа і па лесе бадзяцца прыйдзецца, дык і я дармаедам не буду.
5...
Праз тыдзень у кожным атрадзе ўжо было чалавек па дзвесце. Партызаны занялі Старую Дуброву: злева — шлях за Пціч, справа за двое гоней ад сяла пачынаўся лес, глухая панская пушча — зялёная крэпасць, пераплеценая непрыкметнымі сцежкамі. У яе нетры, на глухі востраў, зарослы асінамі, дубняком і ляшчыннікам, штодня хадзілі мужчыны з узвода Максіма Уса. Яны валілі асіннік і ельнік, калолі яго на доўгія плахі. У адной высякалі «вуха», у другой выразалі шып і ставілі вялікія буданы. Накрывалі іх дзёрнам, яловымі лапкамі, а то і мохам.
— От і фацеры на зіму е,— любаваўся работаю Максім Ус.— Калі часам выкураць з Дубровы, адсюль будзем смаліць у егамосцяў.
На востраў прывезлі скрыню мукі, мяшэчак солі, нават кацёл, выдраны з панскай кухні. Пра тое, што робіцца на востраве, ведалі толькі рэўкомаўцы і хлопцы з Усавага ўзвода.
Знікла з Харомнага і Салаўёва Марылька. Сказала, што ідзе за раку ў водведкі да цёткі. Цішком пагаварыў Ляўкоў і з пастушкамі, што ганялі тавар на лукавіны каля Пцічы.
— Калі што якое запрыкмеціце, пасылайце падпасвіча. Няхай барзджэй бяжыць у алешнік да нашых пастоў, а мы ўжо тут ведацьмем, што рабіць,— тлумачыў хлапчукам старшыня рэўкома.
Разы са тры з Перакалля прыходзіла маленькая, кульгавенькая Ліна, Марыльчына стрыечная сястра. Абчапляецца торбамі, накладзе ў іх акрайцаў і скарынак, кіёк возьме і шкандыбае, дзе па дарозе, дзе па раллі — ні даць ні ўзяць убогае жабрачаня. Зойдзе да Параскі, рызманы паскідае, не дзеўчына — лялька: вочы сінімі іскаркамі гараць, валасы льнянымі хвалямі на плечы збягаюць. Падкурчыць скалечаную ножку на ўслончыку і слова ў слова пераказвае, што загадала перадаць Марыля.
Читать дальше