Батальёны займалі фронт ад Прылукаў да Астрашыцкага Гарадка. Капалі акопы, на ўзгорках рабілі кулямётныя гнёзды, а ў ярах — бліндажы.
Салавей цэлымі днямі быў са сваімі байцамі. Калі бачыў, што каторы вельмі ж упрэў, абыякава казаў:
— Дай трошкі размяцца, каб кроў не застойвалася,— браў кароценькую лапатку і так спрытна адразаў роўныя цаглінкі дзёрну, так загладжваў бруствер, нібыта ўсё жыццё толькі тым і займаўся.
— Лоўка ў вас палучаецца, таварыш камбат,— падахвочваў баец.
— Я, брат, за мікалаеўскую вайну перакапаў зямелькі больш, чым было яе ў князя Радзівіла... Люблю дух свежай раллі, а прыходзіцца капаць акопы.
Часта ён памагаў і белаброваму Парчуку. Той лыпаў вачыма і, як пакрыўджанае дзіця, жаліўся:
— Праходу не даюць, таварыш камандзір. За вярсту крычаць: «Не муляюць?» Я ж не хацеў, таварыш... Аляксандр Раманавіч.
— Няхай смяюцца,— весела адказваў Салавей,— абы мы з табою былі абутыя.— І ён ляпаў па высокіх халявах сваіх ботаў.
Накапаўшыся за дзень, чырвонаармейцы ў адзежы спалі ў пунях, на гарышчах, на свежым сене. Камандзір кожную ноч хадзіў з байцамі ў разведку, правяраў дазоры, а на світанні ўжо быў на нагах. Разам з усімі сёрбаў з кацялка рэдзенькі прасяны крупнік, збіраў у далонь крошкі і асцюкі глёўкага аўсянога хлеба і сыпаў у рот.
Батальён умацоўваў подступы да горада. Салавей падвясельваў байцоў, а сам нудзіўся і кожны вечар хадзіў да камандзіра палка, азызлага і занадта ж спакойнага «ваенспеца».
— Мы ж не інвалідная каманда, каб длубацца ў зямлі. За дваццаць вёрст адсюль ідуць баі, а мы адлежваемся па свірнах. Не будзе загаду, здымемся самі,— настойваў Аляксандр Раманавіч.
Нарэшце зняўся ўвесь полк і заняў пазіцыю паміж Ракавам і Койданавам. У першую ж ноч каля Старога Сяла разам з разведчыкамі Салавей залёг у алешніку. Сярод балацінкі пакручаста бегла вузенькая крынічка. Па карце ён дазнаўся, што гэта Пціч. І адкуль толькі бярэцца? Здаецца, жменяю вычарпаеш, а яна сабе бяжыць, прабівае дарогу паміж карэнняў і гліны, праточвае каменні, шырэе і набіраецца сілы. Вунь якая яна шырокая ў Глуску і каля Рудабелкі! От так і яны, пачыналіся з ручаінкі, а цяпер ужо ніхто не спыніць. «Лепей не станавіся ўпоперак дарогі — змыем, каб і знаку не было!»
Роснае лісце казытала шыю, пахла скошанай травою, мокрым лугам, недзе кігікаў драч — ноч жыла сваімі пахамі і гукамі. А камандзір прыслухоўваўся да іншых гукаў, углядаўся ў цемрадзь, чуў, як білася сэрца, як дыхалі яго разведчыкі. Толькі ён хацеў падняцца на ўзгорак, як здалося, што на ім зашапацела жыта, глуха затупалі капыты, бразнулі цуглі. Салавей наструніўся, прыпаў да зямлі і ўгледзеў, як над жытам падняліся тры цьмяныя постаці, выплылі конскія галовы. Варухнуліся і яго байцы.
— Ні з месца,— шапнуў камандзір.
Коннікі асцярожна з'язджалі ў нізіну, дратуючы роснае жыта. «Не, гэта не начлежнікі,— пераканаўся Аляксандр,— за спінамі — карабіны, на галовах — рагатыя канфедэраткі. Іх трое, нас пяцёра».
Абкруясыўшы белапольскіх разведчыкаў, чырвонаармейцы заляглі. Грымнуў залп. Адзін жаўнер знік у жыце, а конь, як ашалелы, памчаўся ў нізіну. Двое прыгнуліся і закруціліся на месцы. Яны хапаліся за карабіны, прышпорвалі коней, а тыя, аглушаныя неспадзеўнымі стрэламі, узвіваліся на дыбкі.
— Страляць ніжэй,— крыкнуў Салавей.
Конь асеў разам з седаком. Другі салдат зваліўся з сядла і папоўз па жыце. Чырвонаармейцы, расхінаючы пацяжэлыя мокрыя каласы, беглі да польскіх разведчыкаў. Падняўшы рукі ўгору, маладзенькі капрал паўтараў:
— Пан, стшэляць не тшэба.
— А чаго цябе нячыстая сюды прыгнала? — І Парчук замахнуўся прыкладам.
— Адставіць! — крыкнуў Салавей.— Лепш бяжы лавіць коней.
Забітага прывязалі да сядла, палонным звязалі рукі і павялі лугам у вёску.
...Праз два дні наблізіліся баі. Спачатку глуха гулі гарматы, недзе сакаталі кулямёты, а пад вечар з бярозавага гайка вылецела конніца. Як маланкі, бліскалі шаблі, пад капытамі гула зямля. Батальён Салаўя заняў толькі што выкапаныя акопы, напружана чакаў, каб наблізіліся коннікі. Калі ўбачылі запененыя конскія храпы і раменьчыкі пад уланскімі падбародкамі, грымнуў залп, затахкаў кулямёт. Узвіліся сытыя стаеннікі, праз галаву паляцеў адзін, другі, трэці жаўнер. А з лесу імчаліся і імчаліся новыя эскадроны. З акопаў ляцелі гранаты, уздымаючы фантаны зямлі і дыму. Камандзіру ўжо не трэба было крычаць: «Агонь!» — чырвонаармейцы і без каманды стралялі суладна.
Читать дальше