Ці то ад усведамлення таго, што пад лагер пераабсталяваны кароўнік, ці то ад выгляду баланды, падобнай на пойла, ці то ад устойлівага паху шматлікіх траў, якія штодня варыліся на печках, у неправетранай стадоле звычайна патыхала жывёльным духам і дзікунскай неабжытасцю. А цяпер, відаць, таму, што ў кацялках булькатала больш-менш нармальная страва, распаўсюджваючы гарачую пару, Міхась адчуў нюхам ледзь-ледзь улоўны дух чалавечага жытла.
Яму чамусьці ўявілася зімовая раніца ў роднай вёсцы. Нерухома стаяць заінелыя дрэвы. «Ціў-ціў, ціў-ціў», — пішчыць пад нагамі іскрысты снег, нібы галодныя птушаняты наперабой просяць у маці есці. З каміноў хат, вышэй падпіраючы хмурнае, навіслае неба, угару ўздымаюцца гонкія слупы дыму. I ла паху кожнага з іх у марознай бязветранай настыласці можна беспамылкова вызначыць, у якой хаце на сняданак смажыцта мяса з цыбуляю, у якой пякуцца бліны, а ў якой сквірчыць яечня на сале.
Аказваецца, Леанід скончыў тры курсы філфака.
Калі ён даведаўся, што і Міхась у мінулым студэнт, а Міхасёў сусед— яшчэ і Леанідаў зямляк, хлопца пацягнула да іх абодвух нейкая неадольная сіла.
Ведама, адзінокі чалавек у няволі. Ён інтуітыўна хінецца да гурту, асабліва да землякоў і аднагодкаў, а тым больш да былых калегаў. Усё-такі з абодвума новымі знаёмымі Леаніда збліжала не толькі агульная гаротная доля, але і мінулыя супольныя інтарэсы: з Міхасём—успаміны пра бесклапотную студэнцкую пару, а з земляком—памяць аб родным і любым сэрцу кутку. На самоце гэта развейвае маркоту і сагравае душу.
Пасля вячэрняй паверкі, калі ахова замкнула на ноч палонных у стадоле, юнакі не пераставалі гаварыць між сабою, седзячы побач на нарах і ўмінаючы сваё варыва. I невядома, колькі часу прагаварылі б яшчэ, калі б не пачалі ашчадна выскрабаць з дна посуду прыгарэлую страву i скрыгатаннем лыжак не распалілі голад у некага на верхатуры.
— Калі ты нарэшце перастанеш скрэбці кіпцюрамі па сэрцы, нібы сярпом па я....?! Каб у цябе скрыгатала гэтак у жываце!—раззлавана вылаяўся ён.
Іх абодвух нібы абдало варам. 1м стала так няёмка, што яны не толькі перасталі выскрабаць лыжкамі посуд, але і зусім анямелі. Ад разгубленасці Міхась нават не паспеў запрасіць Леаніда застацца на Паўловым месцы, як той шмыгнуў і растаў у прыцемку стадолы.
Ёсць невялікая, зверху чорна-бурая, а знізу ржава-жаўтаватая, з белым падбародкам птушка—чакан, што водзіцца на лугах, якія мяжуюць з лесам або полем. Яна вельмі прыемна спявае, часта ўплятаючы ў свой спеў галасы тых птушак, сярод якіх жыве. А злоўленая, у клетцы робіцца самотнаю i перастае спяваць.
Здавалася б, нашто ўжо непрыхатлівыя ластаўкі. Яны селяцца ў вёсках i гарадах, нават гняздзяцца на жыллі чалавека, бяспечна шчабечучы пры людзях. А ў няволі таксама жыць не могуць.
Або ўзяць звычайнага зімародка, з зеленавата-чорным і ярка-сінім апярэннем. Водзіцца ён у горных i лясных мясцовасцях, па берагах ручаёў i малых рэчак. Зімародак не пераносіць няволі. Не чапаючы ежы, ён безупынку б’ецца аб сценкі клеткі, пакуль не падае мёртвы.
Дык гэта ж птушкі. А якімі скаванымі, прыгнечанымі і абражанымі адчуваюць сябе людзі ў калодках на нагах, з кляймом на спіне, знаходзячыся за калючай агароджаю або на дарозе, у ачапленні канваіраў, пад пільнымі халоднымі позіркамі вінтовачных ствалоў! I дарога, якую яны вымушаны рамантаваць пад прымусам, вядзе іх зноў за калючы дрот. Толькі ў абедзенны перапынак яны могуць прысесці або прылегчы ў кювеце, дый то нібы ў траншэі, надта не высоўваючыся, каб не атрымаць кулю ў лоб.
Але ў людзей жа не птушыны розум і не птушыныя сэрцы. Ад роспачы людзі не стануць у бяссіллі біцца аб калючую агароджу. У сваіх марах і летуценнях чалавек, хоць і без крылаў, а ўздымаецца i лунае вышэй за птушку.
З першых дзён няволі палонныя пераканаліся, што яны ўсе — смяротнікі ў лапах фашыстаў. I замену ранейшых ахоўнікаў нейкай іншай камандаю ў ядавіта-жоўтай форме ўспрынялі як чарговую, малазначную для сябе пературбацыю. Чужамоўнае слова «Тодт», напісанае на нарукаўных павязках новых вартавых, мала хто з палонных мог правільна прачытаць, а не толькі што зразумець ягоны сэнс. Да вайны ж нашы людзі наглядзеліся ў кінафільмах і начыталіся ў кнігах, колькі ў гітлераўцаў розных службаў СС, СД, СА, з формай разнастайных колераў і адценняў. Праўда, цяпер палонныя адразу ж заўважылі, што ў адрозненне ад ранейшых канваіраў, якія былі з аўтаматамі, новыя вартавыя ўзброены толькі вінтоўкамі. Спярша гэта абнадзеіла: пры групавым або масавым уцёку ўсіх не перастраляеш з вінтовак. Але неўзабаве, калі разгледзелі, што па колькасці новых ахоўнікаў намнога болей, чым было аўтаматчыкаў, зноў расчараваліся.
Читать дальше