Як толькі Хяндога з Казнадзеем узялі першую скрыню, Міхась з Багданам Платонавічам не разгубіліся і ўзялі наступную, апярэдзіўшы Ярмоліка, што вымушаны быў з Хасанам узяць толькі трэцюю. Салдаты пачакалі, пакуль усе незанятыя палонныя ўзялі скрыні, — і нязвычная працэсія рушыла з месца. Спераду, як праваднік, ішоў вайсковец, што прыехаў у кабіне, а паабапал, трохі воддаль — чатыры аўтаматчыкі: два з аднаго і два з другога боку. Афіцэр, салдат і шафёр засталіся каля грузавіка.
Палонныя, што падтрымлівалі падняты борт, цяпер маглі перадыхнуць, але ўсё роўна не апускалі, а падтрымлівалі яго, адпачываючы.
Першы раз усе пары ўзялі скрыні нязручна: тварам у твар адзін да аднаго і неслі іх, ідучы бокам. Ісці гэтак было няёмка: на кожным кроку хадзьбе заміналі лазовыя кусты. Былі яны раскідзіста-бухматыя, хоць і невысокія: адны да пояса, другія—па грудзі.
Міхась з Багданам Платонавічам ні на крок не адставалі ад першай пары, ішлі за ёю амаль упрытык. Таму абодва пачулі, як Хяндога расчаравана прамармытаў:
— Праклятая выспа! Як мазоль на далоні! Усё кругом праглядаецца.
Гэтыя словы ўдарылі Міхася, нібы ток невысокага напружання. «Няўжо і адсюль нельга ўцячы?» Ды Казнадзей абарваў ягоную думку, паціху прамовіўшы:
— Але затое, калі што дрэнна ляжыць, не будзем цырымоніцца.
Працэсія падышла да бяроз, між якіх была напята вялізная салатавая палатка, густа акропленая цёмна-зялёнымі плямамі. Пад ёю стаялі яшчэ чатыры аўтаматчыкі. Мусіць, яны расліналі і ахоўвалі палатку, чакаючы, пакуль іншыя прывязуць сюды груз.
«Часовы склад у палявых умовах,—здагадаўся Міхась. — Нічога не скажаш: месца выбралі зручнае, калі ўсе подступы да яго праглядаюцца».
Вайсковы чын, што прывёў палонных, паказаў, дзе лажыць скрыні, прымушаючы складаць іх адна на адну суцэльнай сцяною.
— Мабыць, іхні каптэнармус,—шапнуў Багдан Платонавіч.
Вайсковец застаўся пад палаткаю, а ўсе аўтаматчыкі павялі палонных строем, пара за параю.
Пры другім заходзе адзін з палонных кожнай пары, беручы з кузава ношу, вымушаны быў падмяняць правую руку левай, паварочвацца i за спінай праваю падхопліваць скрыню i трымаць яе ззаду. Ягоны напарнік ішоў за ім услед. Ужо ў ачапленні васьмярых аўтаматчыкаў, што па-ранейшаму трымаліся з бакоў трохі паводдаль, да палаткі ад грузавіка працэсія рухалася расцягнутым цугам, а назад ішла кароткім строем, пара за параю. У трэці раз давялося несці мяхі з цупкай шчыльнай мешкавіны з чорным арлом i фашысцкай свастыкаю пад яго кіпцюрамі.
Смуглявы хлопец, што ссоўваў іх з кузава, ашчадна перадаў у Міхасёву руку рог мяшка і па-змоўніцку падміргнуў. Па тым, як у Сілічаў кулак цвыркнулі прахалодныя зярняты, Міхась адчуў, што мех прарваны, і мацней сціснуў руку, баючыся, каб яны не паліліся цурком. «Немцы заўважаць дый прычэпяцца. Абвінавацяць у сабатажы. Усіх пачнуць абшукваць i знойдуць зярняты ў гэтага смуглявага хлопца».
Міхась не сумняваўся ў тым, што хлопец распароў шво і хапянуў некалькі жменяў круп за той час, пакуль палонныя адносілі скрыні. Перасоўваючы мяхі па дне кузава, няцяжка зрабіць гэта. Галодны чалавек не надта думае, што рызыкуе жыццём. Ён гатовы на ўсё. Пры зручным выпадку і Міхась на ягоным месцы зрабіў бы тое ж самае. Цяпер важна, каб каптэнармус пад палаткаю не заўважыў нічога падазронага. Мех i без таго цяжка несці, а з моцна сашчэпленай рукою трымаць яго яшчэ болей нязручна. Хваляванне праняло Міхася наскрозь. Яго сэрца перакалацілася, пакуль ён пазбыўся лішняга клопату. Апускаючы ношу на дол, хлопец крадком шапнуў Багдану Платонавічу пра сваё апасепне, i яны паклалі мех дзюркаю да сцяны са скрыняў.
Калі з грузавіка знялі грувасткія скрыні і цяжкія мяхі, аказалася, піто ён быў наўмысна гэтак закаркаваны імі. Глыбей увесь кузаў быў запакаваны зверху невялікімі кардоннымі скрынкамі розных памераў, а ўнізе — квадратнымі ды круглымі пляскатымі бляшанкамі.
Палонныя апусцілі і больш не падтрымлівалі задні борт. Толькі трое па-ранейшаму падавалі з кузава груз, а ўсе астатнія адносілі яго ўжо ў адзіночку, цугам адзін за адным.
Прынёсшы пад пахамі па дзве скрынкі і па адной апускаючы на дол, Міхась і Багдан Платонавіч прыкмецілі, што каптэнармус ужо не звяртае ўвагі на тое, па колькі чаго яны прынеслі. Напэўна, пераканаўся, што палонныя складаюць скрынкі як трэба. Заслоненыя постацямі іншых ад аўтаматчыкаў, што стаялі воддаль, яны хуценька нагнуліся над прарваным мехам і працягнулі далоні да дзюркі.
Читать дальше