— I ты татарын?
— Ага.
— А чаму ж не паехаў з ім, за кампанію?
— Ён падбіваў мяне. Але мне з ім не па дарозе.
— Вы аднапалчане?
— Не. Пазнаёміліся ў лагеры.
— Кім ён быў у арміі?
— Начпродам.
«Там з прадуктамі меў справу, дык тут спалохаўся, што на рацыёне палонных канцы аддасць, — ухмыльнуўся Міхась, —Легіянер знайшоўся! Нябось, такі праныра і там на харчовы склад пралезе».
Хлопцы схадзілі да рукамыйніка, апаласнулі свой посуд і, размаўляючы між сабою, трохі затрымаліся на двары.
Юнака з верхатуры звалі Хасанам. Той год, як пачалася вайна, ён скончыў дзесяць класаў. Вучыўся ў вясковай школе. Збіраўся паступіць на гістарычны факультэт Казанскага універсітэта. А лес распарадзіўся іначай: зрабіў яго мінамётчыкам.
Сіліч адразу не прызнаўся, што ён таксама настаўнік гісторыі. Але выклікала павагу хлопцава перакананне і падкупляла ягоная схільнасць да аблюбаванай прафесіі, у якую Міхась сам быў улюбёны змалку. Таму ён пранікся пачуццём локця і адчуў, як у ім зацеплілася сімпатыя да адзінокага юнака. «От табе і нацыянальнасць, i вясковая школа. У Паўла за плячамі педагагічнае вучылішча ў славутым абласным цэнтры. А мардаты начпрод з вышэйшай адукацыяй. Напэўна, усё залежыць ад маральнай устойлівасці і фізічнай загартоўкі чалавека, а не толькі ад трываласці грунту пад ім!»
Палонныя яшчэ не ведалі, што з Германіі, нарэшце, прыбыла тая каманда, якую з нецярплівасцю чакаў камендант. Калі раніцаю аўтамашыны высадзілі каля лагера вайскоўцаў у ядавіта-жоўтай форме з павязкамі «Тодт» на рукавах і паехалі прэч, многія насцярожыліся.
«Ну от, цяпер усім нам канцы прыйшлі, — мільганула ў Міхасёвай галаве думка, адпаведная ягонаму настрою. — Камендант самачынна забіваў па адным, а яны супольна пачнуць сеяць смерць паскораным метадам».
Камендант рушыў да брамы, а вайскоўцы спыніліся перад ёю, здымаючы з плячэй і беручы напагатоў вінтоўкі. Наглядчыкі кінуліся выстройваць лагер. Збянтэжаныя араваю пасланцоў смерці, Міхась з Багданам Платонавічам інстынктыўна памкнуліся да Хяндогі, якога раптам заўвашылі ў мітуслівым натоўпе. У бязладнай штурханіне іх адцяснілі ў самы хвост калоны. Калі лагерная ахова перадала яе ў браме новай спецкамандзе, да лагера пад’ехаў вялізны грузавік з брызентавым тэнтам над кузавам. З яго кабіны вылез малады нямецкі афіцэр і падышоў да каменданта. Пасля іх кароткай гаворкі камендант крыкнуў штосьці канваірам. Тыя перадалі яго каманду ў галаву калоны і спынілі яе ў той момант, калі яна выйшла з брамы, выцягваючыся на гравійку. Тым часам афіцэр аддаў нейкі загад пяцярым аўтаматчыкам, што вылезлі з кузава. Яны адлічылі з хваста калоны дваццаць палонных і загадалі ім залазіць у грузавік. Адбылося ўсё настолькі нечакана, што Міхась не паспеў апамятацца, як апынуўся ў кузаве. Чатыры пярэднія лавы занялі палонныя, а праз адну парожнюю, на самай задняй, селі немцы, т.рымаючы ў руках аўтаматы. Як толькі бразнулі дзверы кабіны, грузавік крануўся з месца. «Можа, і к лепшаму, што мы трапілі да франтавікоў. Усё-такі яны адвозяць нас падалей ад гэтай смертаноснай каманды,—думаў Міхась. А калі адчуў побач локаць і плячо Багдана Платонавіча ды ўгледзеў на задняй лаве Хяндогу з абодвума таварышамі, яшчэ болей паспакайнеў. — Назіркам трэба трымацца іх. Мо прывязуць у такое месца, адкуль можна будзе хутчэй уцячы».
Грузавік спачатку імчаў па гравійцы, потым прыцішыў ход і крута павярнуў на ўезджаную прасёлачную дарогу. За постацямі аўтаматчыкаў, якія сядзелі на ўсю шырыню кузава, не відно было, што расце паўз яе.
Толькі калі аўтамашына ўз’ехала на ўзгорак, ззаду, як акінуць вокам, паўкруглым апахалам разгарнуўся далягляд. Па яго вясёлкавым спектры цёмна-зялёных, салатавых і залацістых колераў можна было здагадацца, што там чаргуюцца ўчасткі бульбы, лёну і жыта.
Міхась на імгненне ўявіў сваю расхрыстаную і абражаную маці-радзіму, з рук якой чужынцы вырвалі і кінулі сабе пад ногі гэтае стракатае апахала, — і ягонае сэрца балюча зашчымела ад бяссілля і крыўды, што ён не можа дапамагчы ёй у бядзе.
Аўтамашына спынілася на раздольнай лугавіне, каля невялічкай выспы радкавых кустоў, пасярэдзіне якіх уздымалася купка бяроз. Салдаты нетаропка вылезлі з кузава, высадзілі палонных, загадалі ім пакласці на зямлю іх рэчмяшкі і шынялі, выстраілі і пакінулі стаяць. Афіцэр і салдаты паўкругам расселіся вакол на траве.
З трох бакоў удалечыні распасціралася зялёная мурожная роўнядзь. Грузавік павольна завярнуўся і паехаў у адваротным кірунку.
Читать дальше