— Толькі высыпай не ў кішэню, а ў порткі, — павучальна шапнуў на вуха Багдан Платонавіч.
Калі б не яго падказка, Міхась і не дадумаўся б да гэтага. «Штаніны ж унізе паверх ануч сапраўды туга перахоплены завязкамі портак і споднікаў. У кішэнях немцы могуць абшукаць, а ў калошынах шукаць не дадумаюцца». Выпростваючыся, Сіліч прыпадняў падол гімнасцёркі, падцягнуў жывот і пад расслаблены раменьчык портак хуценька высыпаў жменю зярнят. «Рыс, —маланкаю мільгнула ў галаве, калі прыкмеціў, як яны бліснулі снежнай белізною на фоне заношанай бялізны. А потым адчуў, як унізе праз споднікі замаруджана абдалі прахалодаю галёнку.— Мабыць, Ромель нарабаваў яго ў Афрыцы. Таму Гітлер і празваў свайго любімца львом пустыні».
Прыносячы і апускаючы груз, асмялелыя напарнікі яшчэ некалькі разоў употайкі кланяліся запаветнаму меху, падстаўляючы далоні пад ягоны рог дастатку, пакуль не пахавалі яго пад плітою са скрынак іншыя палонныя. Каб калошыны ўнізе надта не адтапырваліся i не абвісалі, Міхась насыпаў крупы раўнамерна: адну жменю — у правую, а другую — у левую.
Тым часам ад пільных вачэй Хяндогі не засталося ўбаку тое, што аўтаматчыкі зводдалеку назіраюць толькі за палоннымі i не цікавяцца, па колькі чаго яны бяруць з грузавіка i як складаюць прынесенае пад палаткаю. Пераканаўшыся ў тым, што i каптэнармус даверыўся i не надта сочыць за імі, Хяндога нашэптваў то аднаму, то другому, каб яны не разяўлялі раты, а дзейнічалі смялей:
— Немцы ўвесь свет абрабавалі. Не грэх вярнуць хоць частачку захопленага ў нас. Не перабівацца ж нам адным падножным кормам.
Хяндога ведаў, што голад не цётка, ён паняволі прымусіць палонных праявіць і знаходлівасць, і пранырлівасць. А тут жа і ўмовы спрыяльныя, і ёсць чым пажывіцца. Каларыйны нямецкі правіянт хоць трохі падтрымае сілы гаротнікаў. «Галодных асабліва падзадорваць не варта. Яны самі, як увойдуць у азарт, дык стрымліваць яшчэ прыйдзецца, каб ведалі меру i не завалілі добрую справу».
З кузава, падаючы Міхасю дзве скрынкі, смуглявы хлопец зноў хітравата падміргнуў і ва ўсмешцы прыадкрыў рот, агаляючы ўнізе па баках два залатыя зубы. Сіліч і без ягонага падміргвання заўважыў бы на рагу адной са скрынак пацучыную проедзь. Але Міхась жа не здагадваўся, што пацукі пратачылі толькі невялікую дзюрку, а хлопец пашырыў яе, каб пралазіла жменя, і ўжо нечым пажывіўся.
«Малады, а ўжо сапсаваў зубы, — падумаў Міхась пра смуглявага хлопца, што падаваў з кузава правіянт. — Мусіць, на цукеркі налягаў змалку».
Несучы скрынкі пад пахамі, Міхась на хаду таксама мог бы прасунуць руку ў дзюрку, але ўстрымаўся, асцерагаючыся аўтаматчыкаў. «Калі схопяць за руку, дык ужо не выкруцішся. Зловяць на месцы злачынства. Пры вобыску і ў калошынах абмацаюць крупы. Перад сценкаю са скрыняў, за постацямі задніх палонных зрабіць гэта бяспечней i зручней».
Пад палаткаю Сіліч яшчэ на хаду прасунуў руку ў дзюрку i, зачэрпваючы локшыну, шэптам папярэдзіў Багдана Платонавіча, які, трошкі затрымліваючыся, крадком зрабіў тое ж самае і скрынкамі, што нёс пад пахамі, замаскаваў прагрызейую адтуліну. На гэты раз яна аказалася яшчэ не пахаваная пад іншымі скрынкамі, і Міхась з Багданам Платонавічам і ў наступны прыход зачэрпнулі з яе па жмені локшыны.
Паступова палонныя асмялелі і ператрыбушылі астатні правіянт. Некаторыя нават у бляшанкі праніклі. Шкада толькі, што ні мёд, ні масла, ні мармелад не пакладзеш у кішэню, бо яны растануць дый выдадуць самога. Але затое найболей спрытныя пакаштавалі і гэтага ўсяго.
Хяндога задаволена ўсміхаўся, прыкмеціўшы, як некаторыя з палонных на хаду засоўваюць у кусты бляшанкі і скрынкі, мусіць, спадзеючыся потым як-небудзь узяць іх.
Міхась і Багдан Платонавіч таксама не трацілі надзеі, што ім удасца захапіць у лагер што-небудзь з правіянту. Міхась адзін раз узяў з кузава ажно чатыры бляшанкі: пад пахі — дзве круглыя пляскатыя, а пад імі дзве квадратныя падтрымліваў выпрастанымі рукамі. Потым злаўчыўся дый на хаду апусціў у бухматы куст спачатку квадратную, а пасля ў другі — круглую, пляскатую. Багдан Платонавіч таксама схаваў у кустах скрынку i квадратную бляшанку.
— Калі не здолеем прыхапіць, няхай прападаюць. Але затое i немцам не дастануцца, — прашаптаў ён, як скончылі разгружаць аўтамашыну.
Але нікому з палонных не ўдалося захапіць у лагер бляшанку або скрынку, бо гэта ж не іголка, яе ў пілотку не пакладзеш і навідавоку ў аўтаматчыкаў не пранясеш. У рэчмяшок схаваць можна было б, ды салдаты дазволілі ўзяць з зямлі шынялі і рэчмяшкі толькі ў самы апошні час, перад тым як заганялі ў грузавік. Прыкра было ад таго, што разлічвалі на большае, а задавальняцца прыходзіцца дробяззю: кішэнямі круп ці прыгаршчамі локшыны. Праўда, гэтым пажывіліся ўсе. Нават i тыя, хто спачатку трымаў задні борт, пазней нагналі ўпушчанае.
Читать дальше