Там, дзе гравійка прабягала раней праз пералескі і хмызнякі, цяпер дрэвы i кусты былі высечаны i вывезены. На сотні метраў паабапал распасціраліся аголеныя палосы, зацярушаныя да самых кюветаў дробным сухім валежнікам. Збіраючы яго, Леанід раз-пораз нагінаўся, нібыта кланяўся роднай зямлі за тое, што яна яшчэ носіць яго на сабе i не аддала на згубу чужынцам. Толькі як назбіраў бярэма і, загадзя з’арыентаваўшыся, паклаў яго перад немцам у ланцугу ахоўнікаў, трошкі супакоіўся: сэрца ў грудзях білася радзей і цішэй. На лагерным двары ён бачыў, як распальвалі цяпельцы іншыя палонныя. Таму гэтак жа, як яны, наламаў драбнейшага яловага сушняку і паабкладаў кругом галлём. Але, калі спадыспаду падпальваў канваіравай запальнічкаю сухія галінкі, ягоныя рукі ўсё роўна дрыжалі. Вогненны язычок нясмела лізнуў павуцінкі сушняку, яны з трэскам успыхнулі, і полымя прагна накінулася абгрызаць вецце. Галлё спярша шыпела і дыміла, а потым павольна разгарэлася.
— Гут! Гут!—з пахвалою адазваўся немец, беручы з Леанідавай рукі запальнічку, і, раптам схамянуўшыся, запытаўся: — Як цябе завуць?
— Леон, — машынальна прамовіў хлопец.
— Дзякуй, Лео, цяпер можаш ісці.
Узрушаны, Леанід пад страхам смерці з разгону праз некалькі крокаў скокнуў у кювет, нібы заяц, што робіць зацяжны скачок, каб замаекаваць сваё лежбішча. Ад псіхічнага ўзбуджэння і фізічнага перанапружання ён ледзьве здолеў давалачы ногі да напарнікаў і, як падкошаны, асунуўся між імі на дол.
— Куды ён цягаў цябе? —уз дыхну ў Міхась.
— Распальваць цяпельца, — прамямліў Леанід.
— Навошта яно яму?—здзівіўся Багдан Платонавіч. — Свая кроў ужо не сагравае?
— Сала на лаўцы падсмажвае, ці што? — выказаў няпэўную здагадку Міхась, ледзь-ледзь улоўліваючы пах дыму i цёплага хлеба.
— Не знойдзецца лаўца на яго самога. Каб яго сасмажыла тое вогнішча, што яны раздзьмулі ў свеце! — злосна прамармытаў Багдан Платонавіч.
Пасля абедзеннага перапынку, ужо на схіле дня, на небакраі над гравійкаю бясшумна запалымнелі далёкія зарніцы. Спярша яны нясмела ўспыхвалі і палахліва згасалі, як водбліскі прыхаванага цяпельца, якое намагаецца патаемна раздзьмуць нябачны падарожнік. Потым незадаволена зараўлі і заварочаліся, нібы раскатурханыя ў бярлозе мядзведзі, матляючы галовамі і пагрозліва пабліскваючы разгневанымі вачамі. I нарэшце. глуха заракаталі, як раскаты далёкай бітвы, час ад часу выбухамі асвятляючы пахмурны небакрай. Пошчак навальніцы многім нагадаў баявую кананаду, водгулле якой яшчэ канчаткова не сціхла ўвушшу і не пагасла ў памяці. Хаця яны і разумелі, што яна не нясе ім збавення ад пакутаў, але прагна чакалі набліжэння перуновых раскатаў і асвяжальнай залевы. Быццам лянівыя мурашы, ледзьве капошачыся, яны павольна рухаліся насустрач ёй, зларадна паглядаючы на канваіраў, якія, як па камандзе, але не ўсе адразу, а па чарзе, адзін за адным, разгортвалі, таропка накідалі на сябе плашч-палаткі, калі яна імкліва наплывала ўсё бліжэй і бліжэй, ахінаючы небасхіл калматым цёмна-шызым крылом. А самі, расхрыстаныя, проставалосыя, як Міхась, і нават тыя, у каго былі на плячах скаткі шынялёў, не апраналі іх, а нібыта пакорліва чакалі, пакуль яна акропіць іх, бласлаўляючы на стойкасць і вынослівасць.
Спачатку яна пругкімі струменямі выбівала пыл з іхніх гімнасцёрак. Пасля ачышчальнай залеваю змывала бруд і пот з іх саміх, а канваірам ужо не давала раскрыць ратоў. Здавалася, што ўсё навокала патанула ў суцэльным несусветным патопе, з дна якога не могуць усплыць небаракі са скаткамі шынялёў, нібы з выратавальнымі кругамі цераз плячо ды з насілкамі і саўковымі лапатамі над галовамі. Дзесьці высока над воднай тоўшчаю час ад часу глуха бабахаў пярун, і ў прамежках паміж яго раскатам! прыглушана пазвоньвалі аб жалезнякі пругкія цуркі праліўнога дажджу, а з насілак цяклі і цяклі каламутныя вадаспады.
Навальнічная хмара доўга збіралася і запаволена наплывала, а пралілася імкліва і бурна. Залева на абочынах асадзіла і паразмывала конусы патрушчаных руінаў, а за кюветамі выпаласкала прыдарожную траву. Марудна прапаўзаючы, хмара да бляску вышаравала блакітны небасхіл і да чырвані надраіла медны дыск сонца. Густа настоенае на палыне і разнатраўі, паветра пахла азонам і дажджавой вадою.
Як ні галёкаў на палонных дарожны майстра i як ні завіхаўся каля іх, блытаючыся ў полах доўгага шыняля, Ванька-перакладчык, а з працаю ў небаракаў не ладзілася. Ад разгарачаных целаў ажно дыміліся параю гімнасцёркі, а ў патрушчаных руінах гліна ў тынку прамокла і набрыняла, ператварылася ў нявымешанае цеста, якое прыліпала да лапат і насілак.
Читать дальше