І пісаць пра такое шырэй не хочацца.
*
Магутную красуню і выдатную спявачку дагэтуль заўсёды бачыў па тэлевізары з усмешкай на шырокім і прыгожа, молада зубатым роце. А вось у часопісе яе здымак — упершыню з закрытым ротам. Упершыню вусны складзены сціпла і міла, як для сястрынскага пацалунка.
*
У гасцях у шчаслівай рабочай сям'і.
Гаспадынька, маці дваіх дзяцей, расказвае:
— Мяне Маняй, Марусяй меліся назваць. Так хацеў тата, ідучы на фронт. Тады ўжо мама мною хадзіла. Напісалі яму, што Галя, а не Маруся, дык ён і піша: «Галя — імя таксама вясёлае. Але мне ўжо дачку не гадаваць...» І не вярнуўся.
*
Здаравенны, цягавіты і дабрадушны шафёр калгаснага самазвала. Суседка, настаўніца па пенсіі, расказвае пра яго:
— Коцік быў у мяне. Трохі шкодлівы. А потым узяў ды прапаў. А тады нешта Шура прыходзіць ды кажа: «Сцяпанаўна, вінават. Думаў, што іменна ён паеў нашы кураняты, а гэта, аказваецца, тхор. Забіў я вашага ката пад гарачую руку. Выбачайце, і, калі што трэба, я памагу». І памог пасля: сена прывёз. Такі харошы хлапчына. Потым, калі торфу прывезці трэба было, зайшла я да іх і смяюся: «Шурка, забі зноў ката, але памажы». А ён смяецца: «Сцяпанаўна, што вы!..» І зноў дапамог.
*
Тое, што нам знаёма: «я больш не буду», тое, што найбольш у нашай уладзе, што сілай сваёй не старэе. Я так не буду больш рабіць,— так неразумна, так нізка, смешна, балюча. Палёгка ў тузе ці ў адчаі, радасць няспынна жывучага абнаўлення.
Чытаючы ці ўспамінаючы, калі хто памёр, колькі пражыў, думаецца, што прайшлі ўжо ўсе тэрміны, за якія можна было зрабіць штосьці вялікае, значнае.
Думаю нават і так... лепш сказаць — адчуваю часамі, што я ўжо ўсё сваё зрабіў і цяпер толькі паўтараюся. А ці варта? А ці не лішне страшна гэта — перажыць самога сябе?
*
Бяссонніца дапамагае распухаць старэчаму самалюбству. Начамі яно больш чэшацца, як і кароста. Тым больш у цяпле дабрабыту.
*
На аўтобусным прыпынку. Старэйшая з выгляду жанчына да крыху маладзейшага мужчыны:
— Здароў, Мікола! Ну, ты яшчэ бабы сабе не знайшоў?
— Ат, дзе ты бачыла...— Нават рукой махнуў. Непаголены, нейкі апушчаны, нібы яшчэ ўсё ў жалобе.
— Што «ат»? Ужо ж год па Адары, чаго ты? Адара сабе ўжо знайшла б.
Рашэнні — з жыццёвай неабходнасці.
*
Двойчы аднекаваўся, не зайшоў на яе хутарок, а цяпер вось, нарэшце, частуюся суседчынымі яблыкамі, а яна, мая вясёлая равесніца, кажа:
— Гэта ж і мама мая так рабіла. Яшчэ і ўдагон чалавеку: «А можа, хоць малака вып'еце?»
Не самахвальства гэта ў мамінай дачкі, а такая ўжо сямейная, хочацца нават сказаць — народная добразычлівая шчырасць.
*
На сваім дагледжаным хутарку столяр паставіў некалькі шпакоўняў. Смяецца, расказваючы мне, што шпакі яго спяваюць адно датуль, пакуль не выведуцца малыя. А потым — ціха, шпакоўні пустыя.
Што ж, і садок твой коратка цвіце.
*
«Маме маёй ужо восемдзесят трэці год, а яна яшчэ так любіць сачыць за міжнародным становішчам, і ўсё так добра памятае».
Слухаў гэты расказ амаль шасцідзесяцігадовай, інтэлігентнай, мілай дачкі і ледзь не спытацца хацелася:
«Л навошта ёй, маме, тое міжнароднае становішча?»
Цяпер успомніў гэты ўчарашні расказ і падумалася, што кожны яшчэ адзін дзень любімага чалавека — важны для пас, найважнейшы, і няхай гэтых дзён будзе як найбольш. Разумнае, светлае жыццё — важна само па сабе.
1982—1983
Канец кастрычніка, цямнее рана. А тут яшчэ абапал лес.
Ад машын, што спыніліся на асфальце, мы моўчкі рушылі па вузкай, каменнай дарозе ў чорны, затоена глухі гушчар, яшчэ не бязлісты, да самага нізкахмарнага неба высокі.
Мы ішлі на агонь, каля помніка, ён быў проста далей ад шашы, а здавалася — вельмі далека. Бо ішлі мы паволі, нібы несучы штосьці цяжкае, доўгае, адно на ўсіх.
А яшчэ нас прытрымліваў голас, адзін чалавечы голас, што гучаў над цемрай i цішынёй. Гэта адзін з мясцовых ветэранаў расказваў, як тут было...
Былыя салдаты, ішлі мы не строем, а хто як, i ногі нашы шоргалі ў прыцішаным разнабоі, i цемра глуха маўчала. А чалавек той хацеў, каб мы чулі яго, ён гаварыў, амаль крычаў па-старэчы надрыўна, i польска-яўрэйскі голас яго гучаў як рэха вельмі далёкіх, нават для нас неверагодных па сваёй жахлівасці падзеяў...
Сабібор. Да мая сорак другога года — веска на польскім беразе Буга. Потым — лагер масавага знішчэння людзей яўрэйскага паходжання. Ваеннапалонных i проста забраных, зблізку прыгнаных, здалёк прывезеных. З Аўстрыі, Бельгіі, Чэхаславакіі, Францыі, Галандыі, з самой Германіі, з Савецкага Саюза. А перш за ўсё i пераважна з Польшчы.
Читать дальше