Другі дзед, у кампаніі з маладым мужчынам, ці не падвыпіўшы трохі, павярнуўся з пярэдняга сядзення, пагаварыў з дзяўчынкай, што сядзела на каленях у чужой бабулі, бо маці малое стаяла на цесным праходзе, а тады даў ёй карамельку ў стракатай паперцы. І дзяўчынка, нібы на радасць усім нам, хто быў бліжэй да яе, засмяялася, вылузала цукерку і пачала яе весела адкусваць і жаваць. Другую дзяўчынку, трохі большую і з авоськай купленага ў райцэнтры, запрасіла прысесці трэцяй на двухмесным сядзенні інтэлігентнага выгляду маладзіца. Малая хутка заснула, прытуліўшыся да чужое цёці.
А над імі, узяўшыся за папярэчыну сядзення, стаяў бацька дзяўчынкі, чыста апрануты, але з плюгавым выглядам, з нейкімі рэшткамі закусі на падбародку. Трохі кашляў, больш лаяўся, як быццам ціха. Потым, калі на чарговым прыпынку з канца аўтобуса сюды наблізілася маці малое, яго жонка, ён пачаў яе лаяць ледзь не зусім уголас.
П'яны — пасярод яснага дня. Якой «вучонасцю» апраўдаеш такую, трэба сказаць, вельмі нярэдкую з'яву?
І трэба жыць з такім, у такой — таксама вучонасць — эмансіпацыі, пры бацьку такім гадавацца!
*
Спёка. А большасць былых партызан — на мітынгу каля помніка ў пасялковым скверы — стаіць не ў цяньку. Усе, вядома, без шапак.
У аднаго з іх, незнаёмага мне, з суседняй брыгады, на вялікай бліскучай лысіне, як нейкі несамавіты ордэн, знак вайны — сцішнаватая ямка ў чэрапе.
Успомнілася з юнацтва:
Таксама незнаёмы чалавек, дзядзька з далейшай вёскі, з якім я ехаў з лесу, расказваў пра вайну японскую. Ён сядзеў на дровах, я ішоў побач з яго саньмі. А потым ён, зняўшы зімовую шапку, прыгнуўшыся, паказаў мне над лобам ямку — ад штыха, зацягнутую скуркай, падобную на конскую над вокам.
Тая ямка была пад шапкай, у валасах — яна не крычала, як гэтая.
*
Спяваць яшчэ можна было пад ракітаю зялёнай, а пад ракетаю не заспяваеш...
*
Сціплы насценны гадзіннік у маім рабочым пакоі.
Маладзейшы сябар, крыху залішне экзальтаваны мастак, аднойчы не вытрываў:
— Здымі ты гэтую дрэнь! Дырэктар арцелі, а не пісьменнік!..
Два іншыя сябры, старэйшыя за мяне, былы франтавік і былы партызан, якія падарылі мне гэты гадзіннік да круглага дня нараджэння, зноў вось зайшлі. Рэдкія госці, жаданыя. Сядзім, гаворым, а ён над намі, нібы нечакана, азваўся, забомкаў.
— Во, во! — смяюцца хлопцы.— Звані, брат, звані! Няхай памятае, што мы ў яго ёсць!
Аднаго ўжо тым часам няма, а другі штосьці вельмі здае...
Гадзіннік не звоніць: я сам так зрабіў, каб ён не трывожыў, калі працуеш. Я толькі часам цікаў на яго. І так ці інакш, аднаго ці другога, а часцей і абодвух разам — цёпла і сумна — успамінаю.
*
Як страшна расшыфроўваецца хроніка дарожных выпадкаў. Вось адзін — зусім побач, на тым павароце лясной, дагледжанай дарогі, якія часта мінаю, нават часамі з прыемнасцю, бо прыгожа. Учора, пад самую раніцу, калі ўжо руплівы трактарыст выехаў на працу, насустрач яму з гэтага паварота выскачыў перапоўнены, п'яны «казёл» вясельнікаў. Шарахнуў у трактар. Маладая сядзела на каленях у маладога, яе — на смерць, ён — звар'яцеў. Дасталося і іншым.
А дарога — зноў гладкая, шырокая. Як быццам нават просіць павярнуць на яе, у тую знаёмую вёску...
*
Некалькі разоў, едучы ў Мір ці вяртаючыся з яго ў Крынічнае, сустракаў ці даганяў старога, або толькі з сякерай за поясам, або ўжо з паленам ці з двума-трыма танчэйшымі на плячы. Пасля пачуў легенду пра яго:
Брат яго быў чыгуначнікам, заўсёды ў дарозе, а гэты пачаў падбівацца да красуні-братавай. У лесе. Яна не толькі не паддалася, але і мужу пасля расказала. І той пракляў свайго малодшага: «Каб ты да самай смерці ў лес на дровы хадзіў!..» Вось ён і ходзіць. Адзін жыве, не ажаніўшыся. Ужо і ад мужчыны нічога не засталося, брудны, аброслы, абшарпаны, а ў лес усё «трэба ды трэба». Пляцецца не па зялёнай абочыне, а па гарачым жвіры гасцінца, і машыны пыляць на самотную, горкую старасць.
*
Пад канец доўгай вуліцы гарадскога пасёлка стаіць аблезла-запушчаны глінабітны дом. Праязджаючы міма, вельмі ўжо рэдка хто падумае, што ў гаспадара яго было... казалі: дзевяцьсот, а можа, трохі менш, а ўсё ж вельмі многа рамачных вулляў пчол. Менш на сядзібе, больш на пасеках, як быццам у арэндзе. Напрадвесні і мы з братам ездзілі да гэтага дзядзькі чысціць на трыеры насенне, чакалі там, па прыгуменні, сваёй чаргі, часамі і даўгавата. У садзе пчолы гулі над ночвамі аржаное мукі, парабак заязджаў у двор на пары дагледжаных коней. А тоўстая, непаваротлівая гаспадыня, прадаючы беднаму чалавеку леташнюю салому,— брат мой заўважыў,— «хітра» абважвала яго. А ўсяго ж і сям'і было ў багацея, што сам, тая жонка і калека-пляменніца.
Читать дальше