Міша быў старэйшы за мяне на тры гады, але мы сябравалі і дома, і ў школе, і на пашы, пакуль ён не пайшоў у людзі, а з маёй гімназіі нічога не атрымалася. Празывалі Мішу Хвальком, з самага малку, і гэта праўда была,— ён і наручны гадзіннік усё правяраў, то да вачэй, то да вуха, і руку, танцуючы, так задзіраў, каб відаць быў гадзіннік. І пра вучобу сваю хваліўся нямала. Але тады, расказваючы, ён быў зусім не такі, як заўсёды, бо Шурку таго ён ведаў, пад кіраўніцтвам яго і вучыўся. Ён расказваў, а цётка Таццяна глядзела па хлопца свайго, слухала моўчкі і плакала...
Праз чвэртку веку пасля таго жахлівага вечара, светлым летнім адвячоркам Рафаіл Сяржант, мужны і светлы чалавек, расказваў мне ў нумары баранавіцкай гасцініцы аповесць свайго бурнага і цяяжага жыцця, што стала ў мяне нарысам «Партрэт старэйшага таварыша». Расказваў ён часцей за ўсё паасобнымі фрагментамі, як яно ўспаміналася яму, па пэўнай унутранай сувязі. А я запісваў тыя фрагменты, уважліва, а то і ўсхвалявана ідучы за плынню яго расказу. Польскія гарады называліся толькі як турмы, бо так ён іх бачыў, назвы іх значылі этапы яго пакутніцкага шляху.
— У Равічы сядзеў я з Паўлам Валошыным, членам ЦК стотысячнай Грамады, паслом польскага сейма ад рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла беларускай нацыянальнай фракцыі...— Гэта не я цяпер, а ён, расказчык, так гаварыў, няспешна чаканячы сваю дакладнасць.— Любіў я гэтага чалавека, мы сябравалі. Класічны тып беларуса. Гаварылі пра Тарашкевіча. Тарашкевічаў бацька, шкадуючы сына, пытаўся: «Броня, як ты думаеш, народ наш ужо дарос да таго, каб за яго галаву аддаваць?» А сып яму: «За яго заўсёды можна было і трэба было аддаваць галаву».
Другі фрагмент, пасля хвілін маўчання:
— Кожнага падпольшчыка пілсудчыкі намагаліся зрабіць шпіёнам, шпегам, паставіць яго па-за законам. «Нема венкшэго ўрога, ніж шпег». «Сонд доразьны», сто адзінаццаты артыкул яшчэ царскага кодэкса з тысяча дзевяцьсот трэцяга года. На гміне, на тэлеграфных слупах вывешваліся адозвы: хто выдасць шпіёна — тысяча злотых. А гектар зямлі быў тады дзвесце-трыста-чатырыста злотых. Увосень трыццаць першага года тут, у Баранавічах, было павешана дзевяць чалавек — за шпіянаж. Кат Мацееўскі атрымліваў чатырыста злотых у месяц і па сто злотых ад галавы. У Польшчы было тады дванаццаць чыноўных разрадаў, у ката — дзевяты разрад. Белыя пальчаткі, новыя для кожнага. Занятак па цэлы дзень. І фраза, што была крылатай: «Справедлівосці стало сень задосць» — справядлівасць задаволена.
Пра гэтае павешанне было ў газеце ІКЦ, «Ілюстраваны кур'ер цодзенны», адной з самых санацыйных. Чытаў я пра павешанне ва Ўронках.
Зноў паўза і роздум на высокім ілбе чалавека, якому так многа давялося думаць за чатырнаццаць гадоў турмы, з якіх дзесяць у адзіночцы. А пасля паўзы — зноў, як з Валошыным і Тарашкевічам, грунтоўна ўзважанае слова пра блізкага чалавека:
— Сярод тых дзевяці быў Аляксандр Скачко. Шафёр з аўтобуса «Крэсавянка», на трасе Стоўбцы — Наваградак.
Запісваў я гэта ўлетку пяцьдзесят восьмага,— з таго часу прайшла другая чвэртка стагоддзя. Запісы тыя, не ўсе выкарыстаныя ў маім нарысе, днямі я перачытваў: чытаюцца як штосьці новае, бо сёе-тое ўжо і забылася.
Аднак успамін пра шафёра, Мішаў расказ пра павешанне вярнуўся да мяне не ад запісаў,— ад незвычайнага польскага «бочек», які ў рускім акрэсленні, «объядение»...
1983
Вясковы ксёндз Магнушэўскі — добраахвотны настаўнік Багрыма, нашага Шаўчэнкі, задушанага ў зародку. Міцкевіч і Чачот,— у аднаго высокааўтарытэтныя выказванні пра беларускую мову, у другога шчырае збіранне нашых песень. Сыракомля, Манюшка і Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч і Ажэшка — іх творчая дружба.
Царскія «цэнзары» гаварылі, што беларуская мова, літаратура — варожая польская выдумка...
Кожны «заходнік» майго пакалення — старэйшы хто, аднагодак і маладзейшы — успамінае школьны вершык: «Кто ты естэсь? Поляк малы!» Пра гэта ўжо і пісалі, хто з нашых стаў літаратарам. Што ж, раней, калі сама Польшча была пад трайным прыгнётам, вершык гэты быў своеасаблівым катэхізісам патрыятычнага выхавання польскіх дзяцей. Потым, механічна перанесены на чужую глебу, ён стаў для нас, непалякаў, адным з сімвалаў нацыянальнага прыгнёту.
Тады ўжо, стаўшы незалежнымі, некаторыя польскія ідэолагі, у сваю чаргу, пісалі, што нейкую там Беларусь, нейкую беларускую мову, літаратуру проста «прыдумалі бальшавікі»...
Што ўжо казаць пра такіх цемрашалаў, калі і ў людзей прагрэсіўных і сёння часамі пе-не дый пакажацца шыла ці шыльца з мяшка.
Читать дальше