Пра Міско-журналіста нядрэнна гаворыць яго публіцыстыка — нарысы, артыкулы на грамадска-палітычныя і літаратурныя тэмы, рэцэнзіі, некаторыя гумарэскі. Найлепш яму пісалася пра тое, што звязана з былой Заходняй Беларуссю, з яе горкай нядоляй, з барацьбой працоўных за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У яго змястоўнай, высокакультурнай, няхай сабе сям-там і сухавата-строгай публіцыстыцы амаль усюды натуральна і неабходна прысутнічае сам аўтар, актыўны ўдзельнік многіх галоўных падзей таго часу, са сваім глыбінным веданнем прадмета, са сваёй ідэйнай перакананасцю, грунтоўна праверанай у суровых выпрабаваннях. І гэта прыдае яго артыкулам, нарысам і накідам да партрэтаў своеасаблівую сілу і так патрэбную чалавечую цеплыню.
У адным з неваенных Якубавых пісьмаў да Ані я спыніўся на фразе «маё маўклівае сэрца». Словы гэтыя ўразілі, іх я і вынес у назву падрыхтаванай мною кнігі яго літаратурнай спадчыны. Яны добра гавораць пра адну з найбольш характэрных рысаў у абаяльным чалавечым вобліку Якуба Герасімавіча — пра яго непадкупную сціпласць і разумную стрыманасць, ад пачатку і да канца. Кожны, хто ведаў яго, і я ў тым ліку, мог бы штосьці сказаць пра гэтыя высакародныя рысы. Пра што, дарэчы, сведчыць і многае з напісанага ім. Тут я хачу прывесці толькі адно жывое сведчанне.
Міністр асветы нашай рэспублікі М. Г. Мінкевіч, таксама былы заходнебеларускі падпольшчык і адзін з Якубавых сяброў па гродзенскай турме, успамінаў нядаўна, пасля апошняга развітання з Якубам, славуты судовы працэс «Малой грамады» ў сакавіку трыццаць шостага года, у Вільні. Тады Міхась Мінкевіч і Шура Таўлай,— брат Валянціна, пасля ваенны лётчык, што загінуў у канцы сорак другога,— былі вучнямі ўжо адзінай у тыя дні беларускай гімназіі, шаснаццаці- і семнаццацігадовымі юнакамі, удзельнікамі камсамольскага падполля. Ім удалося прабрацца на той працэс, з месцаў для публікі слухаць і назіраць.
У першай частцы аповесці «Было яно калісьці...» Якуб расказвае пра той працэс, прыводзіць сказы з апошняга слова сваіх таварышаў, Валянціна Таўлая і Піліпа Пестрака. Таўлай сказаў: «Вы судзіце не нас, а праўду, якую мы неслі народу, але праўда не баіцца артыкулаў кодэкса». Пестрак закончыў сваё выступленне вядомым, крылатым: «Чым ноч цямней, тым ясней зоры».
— А я памятаю,— расказваў Міхась Гаўрылавіч, — як мужна тады, на працэсе, трымаўся і Якуб. Падсудных з Лукішак у суд па працягу шасці дзён прыганялі ў кайданах, і толькі ўжо ў залу суда ўводзілі без іх. Помніцца, як рашуча пратэставаў супраць ланцугоў і Якуб, узняўшы свае, нацёртыя кайданамі, рукі. І як ён гаварыў: «Любоў да свайго прыгнечанага народа, да роднай мовы мы ўсмакталі з малаком нашых матак, любоў гэтая з намі назаўсёды, і вы, панове, судзіце нас за яе — за любоў па свяшчэннаму праву жыцця!..»
Сам ён не запісаў ні гэтых слоў, ні іншага пра сябе, што палічыў нясціпласцю. Сэрца яго, заўсёды адкрытае для людзей, і сапраўды было маўклівым пра сябе.
...Першага чэрвеня сёлета мы адзначалі Якубава сямідзесяцігоддзе. За хатнім, шчодра рассунутым сталом сабраліся сваякі і сябры па былой барацьбе, па працы ў роднай культуры, проста сябры, людзі розных прафесій. З нашым Якубам, навокал яго было цёпла, вольна, весела, ён умеў аб'ядноўваць людзей, вучыць бескарыслівай дружбе.
А дваццаць шостага кастрычніка, на трэці дзень пасля яго апошняга бальнічнага вечара, прыйшло жалобнае развітанне. Побач з магілай яго і нашай Анечкі. Дзень быў пануры, а потым, адвячоркам, засвяціла сонца. Па-міскоўску стрыманы, ціхі Іван Герасімавіч, рабочы з іхніх слонімскіх Чамяроў, і ён з былых падпольшчыкаў ды вязняў, схіліўшыся пад Якубавым тварам, ледзь чутна сказаў:
— Дзякуй табе, што ты быў маім братам.
Многа людзей, што ведалі Якуба, і я, што за трыццаць пяць гадоў і ў шчасці, і ў нягодзе не раз адчуваў яго дужае плячо і вернае, хоць і маўклівае сэрца, маглі б сказаць услед за Іванам і кажам у думках:
— Дзякуй табе, што ты быў маім другам!
2
Нас пазнаёміў Таўлай, які да таго нямала нарасказваў мне пра аднаго са сваіх найбліжэйшых.
Не скажу, што прыстойны, малайцаваты адпускнік-маёр з яшчэ незнаёмай усмешкай адразу тады, улетку сорак шостага, здаўся мне блізкім. Усё трымалася на тым, хто быў паміж намі,— на Валянціне.
Праўда, было адно, што адразу мяне купіла. У выдавецтве ўжо ляжаў і здавалася, што недаравальна доўга ляжаў рукапіс маёй першай кнігі. Адрэдагаваны самім Кандратам Крапівой, з яго прадмовай, ухвалены галоўным рэдактарам выдавецтва, а ўсё роўна ляжаў, не рабіўся так пакутліва, так хвалююча чаканай, у марах вынашанай кнігай. Таўлаеў друг, у працяг іхняй з Валянцінам гутаркі без мяне, сказаў, што каб яму далі мой падрыхтаваны рукапіс узяць з сабой, дык ён праз пару месяцаў прыслаў бы яго ў выглядзе выдатна выдадзенай кнігі. Адтуль, з Германіі, дзе ён даволі блізка стаяў да гэткіх спраў. Карэктуру ён, вядома, прачытаў бы сам. Мне было дваццаць дзевяць. Таўлаю на тры больш, Міску яшчэ на тры,— ва ўсіх прыпозненая маладосць. А ўсё ж мы, як сёння бачыцца, даволі-такі наіўна загарэліся гэтым намерам, і я пайшоў да дырэктара выдавецтва, што было тады для мяне не надта простым. Выслухаўшы мяне, таварыш дырэктар дастойна сваёй пасадзе сказаў, што як-небудзь абыдземся без дрэздэнскіх ды лейпцыгскіх друкарняў, самі выдадзім, яшчэ лепш...
Читать дальше