Былі і іншыя цяжкасці ды нягоды...
У адным з блакнотаў, знойдзеных пасля ў яго рэдакцыйным стале, ёсць запіс-верш для самога сябе, які пачынаецца так:
Я гляджу на сонца і яго не бачу,
слухаю я песню і яе не чую,
успамінаю радасць і ніяк не ўспомню,
да сяброў заходжу, а на сэрцы камень...
Тры гады вельмі цяжка хварэла жонка, яго сардэчны друг, мілая Аня, дзяўчына з тульскай рабочай сям'і, беларуская радыёжурналістка. Пасля яе смерці, застаўшыся толькі з пляменніцай, ён тры гады свядома насіў у сабе таксама невылечную хваробу, амаль штодня, у любую пагоду наведваў Аніну магілу на далёкіх ускраінных могілках, і толькі па гэтых наведваннях мы, людзі з яго найбліжэйшых, маглі меркаваць, якім глыбокім быў Якубаў смутак.
Яшчэ адзін запіс з таго блакнота, хутчэй за ўсё прачытанае ў кагосьці або ўспомненае з прачытанага раней, бо і запісана па-руску: «Жизнь можно прожить как угодно, не умереть ты должен как джентльмен». Не будзем аспрэчваць, адкінем гэтае, яўна не Якубава, «как угодно», а наконт джэнтльмена засведчым, што іменна так ён, наш да канца вясёлы, працавіты, прыязны, молада зацікаўлены друг пайшоў з жыцця, сам-насам з апошнімі пакутамі, ударыўшы па душах родных і сяброў гэтай нечаканасцю.
Многія памятаюць, а пачуўшы пра яго адыход яшчэ раз успомнілі вераснёўскі нумар часопіса «Маладосць» за мінулы васьмідзесяты год, дзе была надрукавана аповесць Якуба Міско «Было яно калісьці...». Аўтару яе тады адны званілі, другія гаварылі пры сустрэчы, трэція пісалі, кожны па-свойму паведамляючы пра добрае ўражанне ад гэтага, нескладанага па форме і ёмкага па зместу твора. Пра вялікае значэнне такіх дакументальна-аўтабіяграфічных кніг неаднойчы гаварыў Леў Талстой; помніцца мудра простае: «Прожил жизнь — расскажи». Якуб пражыў змястоўнае, складанае жыццё і пра пачатак яго шчыра расказаў у сваёй аповесці, якая ад шчырасці атрымалася таленавітай, патрэбнай.
Такое здараецца і з больш адоранымі, больш вопытнымі ў літаратурным майстэрстве,— удача прыходзіць тады, калі чалавек пападзе на сваё, толькі сваё. Усё ад той жа сціпласці, што не давала яму ходу ў кар'еры, Якуб і пра сябе, пра кроўна перажытае не адразу асмеліўся пісаць непасрэдна, адкрыта, а спрабаваў схавацца за прыдуманага героя. Гэта не ўдавалася, першы варыянт аповесці я, як адзіны чытач яе ў тым выглядзе, па нашай з ім узаемнай звычцы сурова пакрытыкаваў, і праз нейкі час яна з'явілася ў новым варыянце, вылузаная з шалухі непатрэбнай умоўнасці,— уяўны Марцін стаў рэальным Якубам, і рэч ажыла.
Думаючы пра асобнае выданне, аўтар старанна, удумліва дапрацаваў яе. У часопіснай публікацыі дзеянне аповесці канчалася векапомным вераснем трыццаць дзевятага. Асмелены, падмацаваны станоўчымі водгукамі, Якуб напісаў і другую частку твора, ваенную. Другая частка, у аснову якое паложаны значна раней апублікаваныя ў перыёдыцы пататкі «Па ваенных дарогах», на жаль, напісана больш скупа, фрагментарна. Гэта знаходзіць сваё апраўданне і ў тым, што, цяжка хварэючы, ён залішне спяшаўся. На шчасце, часткова захаваліся Якубавы ваенныя пісьмы да Ані, тады яшчэ нарачонай, і да Валянціна Таўлая, сябра рэвалюцыйнай маладосці. Пісьмы гэтыя — жывыя, непасрэдныя сведчанні перажытага — хораша дапаўняюць Якубаў расказ пра яго франтавыя гады і, апроч таго, цікава расказваюць пра першыя мірныя месяцы ў Германіі, дзе ён заставаўся як афіцэр акупацыйных войскаў.
Не магу не сказаць, чаму франтавыя пісьмы захаваліся толькі часткова. Аня хавала іх усе, відаць, і перачытвала. Не маючы дзяцей, гэтыя слаўныя людзі былі надзіва прывязаны адно да аднаго. Калі ў іх бывала разлука, на месяц які, а то і на тыдзень, яны пісалі адно аднаму літаральна штодня. Часамі такое здавалася мне залішне сентыментальным, цяпер, здалёк гляджу на гэта з большай павагай. Прадчуваючы свой недалёкі канец, Аня папрасіла пляменніцу палажыць ёй пад апошнюю падушку, у дамавіну, дзядзькавы пісьмы, толькі каб ён не заўважыў. Тая так і зрабіла. Добра яшчэ, што не ўсе іх узяла з запаветнай шкатулкі, а толькі жменю, як быццам прадчуваючы, што так будзе лепш.
Пасля дэмабілізацыі з арміі было ў Якуба больш за трыццаць гадоў журналісцкай службы, спачатку ў Баранавічах, потым у Мінску. Журналістам, дарэчы, быў ён і перад вайной,— пасля вызвалення працаваў у лідскай раённай газеце, а яшчэ раней, на пачатку трыццатых гадоў, актыўна супрацоўнічаў у віленскім легальным («Беларуская газета») і падпольным камуністычным друку. Усюды, і ў Лідзе, і ў Вільні разам з Таўлаем. Пасля вайны, на кожнай з пасад, якія ён займаў у розных перыядычных выданнях, Міско адпавядаў як найлепшым чынам. Трэба сказаць, аднак, што з яго інтэлектуальным узроўнем, вопытам, веданнем некалькіх моў, крыштальнай добрасумленнасцю і адданасцю справе, ён выкарыстоўваўся заніжана, мог бы адказваць за значна вышэйшае. «Залішняя» сціпласць, адсутнасць кар'ерысцкай жылкі — гэта не ўсё, што было прычынай такой заніжанасці. Былі яшчэ нізкія шэпты і недарэчныя абвінавачанні звышпільных зайздроснікаў, уяўныя віны яго бацькі і двух братоў, якім толькі праз доўгія гады было вернута імя людзей сумленных... А ўсё такое трэба ж было моўчкі перажываць, над усім такім уздымацца!..
Читать дальше