Юрыст на пенсіі, ён многа піша ва ўсе інстанцыі, да найвышэйшых уключна, сігналіць, стары камуніст, пра непаладкі i пагрозы нашаму ладу. Не ананімкі — адкрыта i смела. Яму найчасцей не адказваюць, а то адказваюць з вет :лівым вывертам i ўдзячнасцю, а ён усё піша. І кажа, што як толькі спыніць сваё змаганне — адразу памрэ. Бо ўжо i восьмы дзесятак канчаецца.
Сухаваты ад свае гарачыні, ён раней, як адвакат, напорыста i нястомна змагаўся за тых, каго лічыў несправядліва або залішне сурова пакаранымі. І цяпер яшчэ да яго звяртаюцца, просячы дапамогі, парады.
Неяк ён расказаў мне пра яшчэ адну сваю перамогу.
Хлопцу ў сорак чацвёртым годзе было шаснаццаць. Маці, баючыся, каб i яго не вывезлі ў Нямеччыну, "на работы", за два месяцы да вызвалення Беларусі ўладзіла сына працаваць у радыёкамітэце, нейкім там вучнем пры тэхніцы. Пасля яго судзілі за... супрацоўніцтва з ворагам. Колькі там маці ні даводзіла, колькі добрыя людзі ні сведчылі, што i за ім столькі тое віны, што i яна дапамагала падпольшчыкам. Пасля турмы сына не рэабілітавалі, проста выпусцілі дачасна. А потым, у канцы пяцідзесятых, ужо інжынера, чалавека сямейнага, раптам знялі з работы — усё з-за таго самага.
Стары адвакат узяўся за гэтую справу. Дамогся справядлівасці,— чалавека рэабілітавалі, вярнулі на працу.
— Адказ прыйшоў на яго імя, але на мой адрас,— расказваў ён мне пасля.— Так робіцца: каб я, абаронца, перадаў яму. Панёс я ім гэтую залатую паперку. Якраз было Восьмае сакавіка, як з падарункам пайшоў у сям'ю. І ён расплакаўся, хацеў мне руку пацалаваць. I я з ім таксама расплакаўся. З усімі імі. Так вось, мой дарагі...
Ён гаварыў гэта, зноў выціраючы слёзы. Першыя для мяне — за тры з палавінай дзесяцігоддзі нашага знаёмства.
1983
Маладзейшаму вераб'ю вельмі блага. Ён цяпер далёка. У ціхай глыбінцы, пад роднай апекай, што чалавеку вельмі патрэбна ў жалобе і дэпрэсіі.
І вось якраз цяпер мне хочацца нагадаць яму адно наша агульнае, што было ўжо, як і шмат чаго, даўно або вельмі даўно, што не-не ды зноў усплывае ў памяці нейкай палёгкай.
Нічога асаблівага, толькі нібыта светлы сігнал, які, зноў атрымаўшы яго, можна перадаць другому нават не ў пісьме, а ў адкрытай паштовачцы. Вось так:
Ты памятаеш, як мы з табой, на цэлых пятнаццаць год маладзейшыя, ішлі па вясновай вуліцы далёкага, утульнага гарадка, ішлі ўдвух да нашага трэцяга, што жыве ды працуе тут, на сваім месцы. Пра штосьці мы гаварылі, ужо не памятаю, пра што,— можа, вясёлае, можа, талковае, а то і так сабе,— от, ішлі, гаварылі. А потым заўважылі страшнае. Каля старога мастка, у завадзі невялікай рачулкі моўчкі тапіўся хлопчык. Так, так,— ён не крычаў, відаць, яшчэ не верачы, што гэта — канец, што трэба клікаць на дапамогу. Мы яго выцягнулі, кінуўшыся туды, і — мокры, перапалоханы, белагаловы — ён патрусіў па абочыне вуліцы ў патрэбны яму бок, паспеўшы нам ці самому сабе, а то адразу і сабе, і нам сказаць праз губную-зубную дрыготку: — Па-бяг-гу д-да цёткі В-ван-ды!.. Мы тады паразважалі на хаду, што, можа, да цёткі малому проста бліжэй, а можа, яна будзе менш крычаць, чым крычалі б адразу дома... Яму відней.
А нам — успамін на двух. Я ўжо бачу, як ты, мой горкі, трохі ўсміхаешся.
1983
1
Яшчэ так нядаўна было два тэлефонных нумары, рабочы і хатні, па якіх то ўранні, то ўвечары можна было пазваніць, пачуць у трубцы нязменна ветліва-дзелавое: «Слухаю вас», а як пазнае — вясёлае: «Здароў, браток, здароў!..» Ён быў заўсёды блізка, на сваім месцы, да вечара перадапошняга дня. Бадзёры, прыязны, дасціпны.
Яго таварышы па журналісцкай працы ўспамінаюць, што дзверы Якубавага кабінета часцей за ўсё былі адчынены на калідор. Туды хацелася зайсці, пагаварыць па справе ці так сабе, там было проста, утульна і весела.
Душа старэйшага таварыша таксама была адкрыта для кожнага, у яе не трэба было стукацца, прасіцца на прыём. Забывалася пра тое, што яму за шэсцьдзесят, потым за семдзесят,— ён быў заўсёды малады, цікаўны да жыцця, закаханы ў яго па-юнацку.
Хоць і нялёгкім, а то часамі і вельмі нялёгкім было яго жыццё. Спачатку, з дзён зялёнага юнацтва, заходнебеларускае камуністычнае падполле, катаванні ў дэфензіве, больш за восем гадоў за кратамі — у славутых Лукішках, Уронках, гродзенскай турме. Пасля, з першых дзён Вялікай Айчыннай, баявы шлях салдата, які ён пачаў радавым разведчыкам, а да Берліна дайшоў гвардыі маёрам з пяццю высокімі ордэнамі.
Читать дальше