Былы партыйны работнік, таварыш салідны і прыемны, інвалід вайны. Разумна, весела расказваў у вагоне, як ён калісьці прысутнічаў на адным пасяджэнні прэзідыума Акадэміі навук. Слухалася сельскагаспадарчае пытанне. Таму, што самога прэзідэнта не было, пасяджэнне вёў віцэ-прэзідэнт, Якуб Колас. Свінагадоўля разглядалася і здалёк і зблізку, і вырашана было, нарэшце, што каб падняць яе, неабходна мець больш заатэхнікаў.
Тады слова ўзяў віцэ-прэзідэнт.
— Калі я быў, таварышы, малы,— сказаў ён,— дык бацька часам браў мяне на кірмаш, у Стоўбцы або ў Нясвіж. Купляў ён там парася,
а мама выкормлівала з яго вепрука - пудоў на дзесяць — пятнаццаць. Спачатку на зеллі, потым на вобмешцы. Умела яна іх карміць. Свінням, таварышы, трэба не многа заатэхнікаў, а добры харч.
*
Стары ўдавец ажаніўся, а малога суседняга хлопчыка мужчыны паслалі спытацца: «Дзеду, няўжо вы яшчэ можаце?» Завучыў тыя словы, патэпаў. Дзед не прагнаў малога, не паўшчуваў. «Пайдзі ты, хлопчык,— сказаў ён,— ды перадай тым дзядзькам, якія цябе паслалі, што справа не толькі ў гэтым. Так і скажы: справа не толькі ў гэтым.»
Таму малому цяпер семдзесят сёмы. Настаўнік на пенсіі. Успамінае і добра, разумна смяецца.
*
Цяпер кажуць арганіка, але старэйшыя людзі называюць яе, тую арганіку, проста, як і зямлю, адным спрадвечным ды прывычным словам.
Снедаючы ў гарадскога брата, на шмат старэйшая за яго сястра, вясковая бабка, кажа:
— Картопля ў цябе добрая. Швагерка, мусіць, зноў прывезла. Яно і відно, што не на ўдабрэннях, а на г... расла.
Брат, інтэлігент, усміхаецца, але ж яму ўжо і прыкравата. Братавуха стрымана маўчыць. А дочкі-студэнткі, што і любяць цётку па-свойму, ажно заходзяцца ад смеху. Цётка недаўмявае:
— От калі! Што ж я такога сказала?
Як і ў такім вось, у іншым выпадку:
Мастацтвазнавец выступае ў сельскім клубе
з лекцыяй пра народнае ўмельства. Гаворыць доўга, падрабязна, нудна... Нарэшце бабка адна не вытрымала. Спакойна, але ж уголас, хоць і прыцішана спыталася, як у самой сябе:
— І хто ж гэта ў гэтае яго г... дражджэй укінуў?
*
Малады грузчык, што вучыцца завочна ў тэхнікуме, пытаецца ў пажылога шафёра лесавоза, дзе б гэта знайсці лягчэйшую работу.
— А во,— зусім сур'ёзна кажа той, спраўны, вясёлы рабацяга,— у нас будуюць каля вёскі птушкаферму. На сто дваццаць тысяч лехгорнаў. Ужо набіраюць рабочых,— на курашчупаў.
*
Старая хваліцца:
— Дзеці мае, дзякуй богу, добра жывуць: самі не робяць, толькі другіх правяраюць.
*
Калісьці дарогі былі спрадвечныя, па дарогах хадзілася ды ездзілася з толкам. Была і тады эканомія часу, але ж была і гаспадарская ашчаднасць, беражлівасць зямлі-карміцелькі.
Не тое, што цяпер, калі «зямлі ў нас хопіць», калі мы развучыліся яе шанаваць. З вёскі на І брыгадны двор развеерваецца спачатку пяць — дзесяць — пятнаццаць сцежак, а потым, на пракладзеным, спакваля і калёсных дарог.
«Урбанізацыя» — вёска масава перабіраецца ў горад і туды прыносіць сваю «свабоду руху». Газон не газон — шчодрае зрэзванне вуглоў, два крокі, а то і паўкрока ўбок не зробіць. Можна падумаць, што так ужо на работу спяшаюцца...
У Даўгаўпілсе бачыў калісьці на месцы, дзе нехта прыезджы адну сцяжыну на газоне быў пачаў, такую шыльдачку: «Праход толькі для сланоў». І слон намалёваны, усё ж такі слон — не свіння.
Госць мой, якога я туды прывёз, убачыў гэтую шыльдачку, нават наткнуўся на яе, хочучы сігануць цераз газон, і не сігануў, а весела ды з сорамам засмяяўся, нават зняць яго там, перад шыльдаю, папрасіў, каб завезці на свой Урал.
*
Камандзіровачная спартсменка ў рэстаране. Нізкая, шырокая, з налітымі сілай ляжкамі і задам. Барцыца ці самбістка нейкая. Сядзе за стол паснедаць і — адразу злосная. Адзін раз накрычала на афіцыянтку («Я спяшаюся!..»), а другі раз нават на кухню пайшла — сварыцца. Важнасць, самаўпэўненасць, напор. І... нічога жаноцкага.
І навошта гэта, пра што такое асаблівае сведчыць яе, няхай сабе нават і першае, месца?
*
Вельмі складаная апаратура, якую я таксама не магу назваць, і дзядзька, што ў канцы вайны быў падлеткам і гора хапануў удосталь,— вельмі цяжка, калі не безнадзейна хворы. На кансіліуме згадзіўся на нялёгкую, рызыкоўную аперацыю (ныркі, артэрыі) і — з поўным правам амаль смяротніка — гарласта, з лаянкай, расказвае, як яму на той «нейкай» апаратуры яшчэ ў Віцебску рабілі абследаванне.
— Як сунула мне той укол, чую, што дзвесце грам. Дык і стаў мой жывот поўны камення. А яна - яшчэ трыста грам! Прывінцілі мяне за рукі, за ногі, і чую я, што з носа ў мяне сіні дым пайшоў, а ўвесь мой струмант, хлопчыкі, адарваўся і пляснуўся аб сцяну! Мацаю потым — няма! І пупа таксама няма! А грэлка нейкая так цісне на жывот, што ўзяў ды скінуў. «Што вы здзелалі!» — крычыць яна. А я кажу: «Ты яшчэ вазьмі ды сама сядзь на мяне!..»
Читать дальше