І яшчэ адзін эпілог. Калі мы з сябрам наведалі ў бальніцы аднаго з нашых найбольш паважаных старэйшын і засталі там аднаго з адказных за ўзровень літаратуры, я расказаў пра гэтае сваё здарэнне з шапкай. Усе мы смяяліся. Толькі адзін чамусьці неяк стрымана, як не паверыўшы...
1983
Першы пасляваенны пленум беларускіх пісьменнікаў. У самым канцы незабыўнага сорак пятага года. З удзелам гасцей з Масквы, Ленінграда, з суседніх братніх рэспублік. Хто ўжо ў цывільным, а хто і ў ваенным яшчэ, ужо без пагонаў, а то і з пагонамі. І толькі адзін у скураным паліце: ён быў на нейкай пасадзе. Маўклівы і лысы.
Гасцей было многа, а наш саюз нешматлікі, і праводзіць гасцей абавязалі таксама і маладых. Мне з сябрам прыйшоўся якраз той скураны. А мы — яшчэ ўсё ў лясных неданосках. Прывезлі госця на вакзал, прывялі да вагона. Ён моўчкі, мы тым больш. А на пероне нам нечакана трапіўся адзін з работнікаў апарата Саюза пісьменнікаў, анекдатычна тоўсты і дасціпны гаспадарнік, які з далёкай эвакуацыі вярнуўся таксама ў скураным балахоне, зношана-шалушлівым, зашмальцавана-бліскучым на жываце.
А ўсё ж наш паважаны госць паціснуў руку толькі яму, і ў вагон падаўся такім манерам, як быццам нас з сябрам і зусім там не было...
Ён і цяпер жыве, і няхай яму, як спрадвеку гаворыцца, пан бог веку прадоўжыць. Бо і піша таварыш, калі верыць рэцэнзіям, добра.
Яно вядома, што лепш мне ўзняцца над гэтым даўнім выпадкам, ужо неаднойчы ўспомніўшы ды пасмяяўшыся, узняцца і чытаць яго кнігі, па-сталаму падумаўшы, што і сам ты, чаго добрага, быў калі-небудзь, а то і не раз, такім ці так або інакш падобным, чаго сам не заўважаеш. Добра было б пасмяяцца з гэтага разам з ім самім, бо адчуванне смешнага ў яго, здаецца, ёсць. Я заўважыў гэта на адным паважаным застоллі ў ягоным горадзе, дзе нам, праз трыццаць пяць гадоў, давялося зноў пазнаёміцца.
Не пасмяяліся. І чытаць яго прозу мне яшчэ ўсё, хочаш не хочаш, перашкаджае парыпванне тое скуранкі.
1983
Дружнай кампаніяй, на дзвюх машынах едзем па летняй Літве. Прывал над Нёманам. Ён тут шырэйшы, чым у нас, нават пад Гроднам,— разлёгся воддаль, ніжэй ад шашы, паблісквае, нібы зусім не быстры, не плыве.
На самым беразе — адзінокая хата, можна падумаць, што Рыбакова. На фоне вадзяной прасторы яна сілуэціцца вельмі выразна. Потым з той хаты выйшлі трое: гаспадар, гаспадыня і госць — пасля пачастунку. Здагадацца пра гэта няцяжка, бо развітваюцца яны з абдымкамі — і раз, і два, і яшчэ раз. Адно гаворкі амаль зусім не чутно. Нарэшце гаспадар з гаспадыняй вяртаюцца ў хату, а госць — сілуэтам на самым урэзе зялёнага берага — ідзе ў свой бок. Ды раптам чалавек гэты спыняецца, стаіць і думае: «А чаго я, уласна кажучы, узяў ды пайшоў? Можна ж у добрых людзей і яшчэ пасядзець!..» Пра гэта мы таксама толькі здагадваемся. А чалавек вяртаецца ў хату.
І тут неўзабаве адбываецца рэзка нечаканае. З хаты на госці, можна сказаць, выязджае, ды не памалу, сама гаспадыня. Сілуэтна-нямая карціна агучваецца. Што крычаць — не разбярэшся, проста чуцён, на братняй мове, бабскі высока абураны крык са значна ніжэйшым мужчынскім уторам...
Выгнала, адагнала, вярнулася ў хату. Магчыма, і замкнулася, усё далейшае выгаворваючы свайму.
А нядаўні сардэчны госць, так зганьбаваны ў другім акце надрэчнай ідыліі, стаіць на фоне ўсё той жа сонечнай вады і ўжо не толькі понасу богу, але і нам, праезджым, выказвае сваё абурэнне. Што гэта іменна так, а не інакш, мы мяркуем па тым, што ён не толькі павернуты тварам да нас, але раз-поразу і руку ўздымае то ў неба, то да нас, нібы з арэны ў найвышэйшыя рады трыбунаў. Крычыць ён прыблізна такое: «Што ж ты, дурная баба, ганьбіш мяне? Вунь жа сюды глядзяць курортнікі!..» Слова «курортнікай» мы, як-ніяк, разумеем. Да таго ж яшчэ чалавек, яўна з разлікам на немясцовых, раптам свой маналог падмацоўвае агульнасаюзным, асабліва выразна спелым сярод незразумелых слоў выслоўем.
Не першы раз за дзевятнаццаць год успомнілася гэта зноў. Нават і з загаловачкам, прытчава павучальным, як для кароткага тэлеспектакля:
Усяму свая мера.
1983
Бацька вельмі хацеў, каб дачка вывучылася хоць на фельчарку, калі ўжо на дакторку не ўдалося, а яна наслухалася старшыні, стала на ферме цялятніцай. І нічога — працуе, замуж выйшла за добрага хлопца, жывуць — «няма чаго грашыць». Бацька, можна сказаць, зусім ужо не злуецца. Нават аднойчы, калі той старшыня спыніўся перад яго дваром, пачаў запрашаць:
Читать дальше