Ля аграмадных варот — паласаты «грыб». Побач двое вартавых трымаюцца за рамяні ад аўтаматаў ды фліртуюць з дзяўчатамі. Нядзеля, камандзіраў блізка няма, а тут яшчэ цёпла, радасна свеціць сонца, шчабечуць ластаўкі.
Весела, гулліва, з выклікам бліскаюць вочы і зубы.
Зводдаль назіраюць за фліртам яшчэ два салдаты. Ім таксама хочацца, каб дзяўчаты зірнулі на іх. Толькі як жа ты гэта зробіш? І хлопцы пачынаюць спаборнічаць, хто з іх... даўжэй выстаіць на адной назе.
Я гляджу праз акно з клуба часці, і мне з трэцяга паверха добра відаць, як абодва салдаты стаяць з падкурчанымі нагамі, нібы буслы. Стаяць дзве хвіліны, тры...
У памяці маёй адразу ўзнік выпадак з мінулага года. Ішлі мы з дачкой па Варшаве, а перад намі крочыў юнак — ды неяк ненатуральна, хістка, нібы па дроціку ці хто яго спутаў.
«Тата, глядзі!» — пырснула раптам дачка ды паказала на ногі паляка.
Хлопец ішоў на жаночых «шпільках».
Ад таго, што мы заўважылі яго арыгінальнасць, твар худзенькага юнака аж расплыўся ў шчаслівай усмешцы.
А зусім нядаўна назіраў я і не такое дзіва.
Супроць нашага педінстытута сустрэў я трох волатаў з буйнымі шавялюрамі ды расхрыстанымі кашулямі. Мускулістая грудзіна ў крайняга кідалася ў вочы здалёк, а з яго магутнай шыі звісалі канцы нейкага шнура. Хлопцы крочылі памалу, упэўнена, ні на каго не пазіраючы, аднак сустрэчныя дзяўчаты чамусьці з жахлівым віскам кідаліся ад іх у бакі, а потым праводзілі кавалераў вачыма, у якіх гарэла ўжо вясёлае захапленне.
Толькі падышоўшы ўпрытык, я разгледзеў, што за «шнурочак» у крайняга волата. На ружовым целе атлета спакойна разлёгся балотны вуж, пытальным знакам выгнуў тонкую шыйку, выставіў раздвоены язычок ды блішчастымі вочкамі глядзеў на свет.
Прыйшлі мне на памяць і свае конікі, што я выкідваў у юнацтве.
Прайшло хвілін дваццаць, я зноў выглянуў праз акно, а салдаты ўсё так і стаялі з падкурчанымі нагамі. Ужо нават пачалі, бедныя, хістацца.
Перавёў позірк на вароты, а нездагадлівыя дзяўчаты з вартавымі па-ранейшаму нешта шчабечуць.
Захацелася выбегчы ды накрычаць на іх:
«Бессардэчныя, зірніце вунь туды!»
Ваўкавыск. Сын Д-ва трапіў за пакражу ў турму. На судзе падляцеў да яго бацька, дэманстратыўна выцяў наследніка па твары і заявіў:
— Ты больш мне не сын, ты мяне зганьбіў! Малады Д-оў толькі кпліва ўсміхнуўся.
— Калі мяне б'еш? — сказаў ён.— Чаму не біў, як я быў малы? Тады не толькі не біў! Ты нават сам пасылаў мяне красці цэглу і кафлю, калі хату ставіў! Што, мо скажаш, няпраўда? Пасылаў кожную ноч!..
У зале — рогат.
У аўтобус пнецца з кіёчкам сагнутая старая кабеціна. З тратуара бачыць яе намаганні малады рослы сержант. Ён падлятае, бярэ старую на рукі ды лёгка
і беражліва ўносіць, як малую, у машыну, прыгаворвае:
— О-о, та-ак, бабуля, та-ак! Цяпер мы вас сюды паса-адзім ля акенца, а кіёчак тут во пастаа-авім, і вы сабе памаленьку паедзеце! Ну, бабулечка, шчасліва!
Зрабіўшы добрую справу, сержант спрытна выскоквае на тратуар, пнеўматычныя дзверы зачыняюцца.
Аўтобус ужо едзе. Пасажыры жыва абмяркоўваюць выпадак ды кажуць, што вось якія трапляюцца добрыя маладыя людзі, а то іншы, зараза, не толькі не паможа, не ўступіць месца, а шчэ табе і папіхне старога чалавека.
Не прымае ўдзелу ў размове толькі старая; цьмяныя вочы яе глядзяць некуды ўдаль, застылы твар — без выразу.
— Цётко, то чаго ж вы яшчэ такая нездаволеная? — звяртаецца да яе праз два рады нейкая маладзіца.— Ён жа вас на руках нёс, так культурна абыходзіўся, бабулечкай назваў...
У аўтобусе ўсе змаўкаюць і з чаканнем узіраюцца на старую.
— Э-э, мілая, чаго тут радавацца? — раптам адзываецца яна глухім і абыякавым голасам.— Каб гэта ён назваў мяне дзе-евушкай!..
Пасля званка з задняй парты восьмага «А» ўстаў Андраюк Міша ды спытаў:
— Мар'я Іванаўна, скажыце, што такое каханне?
Памаўчаўшы крыху, класная заявіла:
— Цяпер, Міша, у нас Лермантаў. На перапынку падыдзі да мяне, і я скажу.
Вы думаеце, яна адвязалася ад яго?
Пасля ўрока ўжо дабягала да настаўніцкай, як вучань яе перапыніў.
— Мар'я Іванаўна, вы абяцалі мне расказаць, што такое каханне!
— Абяцала...— разгубілася яна вінавата.— О! Сёння, Міша, якраз я дзяжуру па школе да вечара і, разумееш, мне не да цябе!
— А калі скажаце?
— Ну-у... мо... А ты дома спытай у сваёй мамы!
Назаўтра Андраюк чакаў класную ў вестыбюлі.
Читать дальше