— Я пытаўся ў мамы, яна не ведае. Сказала, каб растлумачылі вы.
— Гм... Дарагі Міша, як табе ўталкаваць больш зразумела... Ну, слухай! Ты маму сваю любіш?
— Люблю!
— І брата, і сястру, і мяне, сяброў, з якімі ў хакей гуляеш ды ў кіно ходзіш?
— І іх!
— Ну, дык чаго ж ты яшчэ пытаеш, калі сам ведаеш?
— Тады што такое дружба? Не, Мар'я Іванаўна,— закруціў ён галавой, расчараваны ў настаўніцы.— Паміж каханнем, любоўю да мамы і сяброў — розніца. Але — якая, каб хто растлумачыў? — уздыхнуў ён заклапочана.
«Вось і выраслі мае дзеці! — падумала яна журботна аб сваіх выхаванцах, якіх вяла з пятага класа.— Што ж, гэтага трэба было і чакаць. Трэба пагаварыць з дырэктарам і арганізаваць школьны дыспут».
І ў актавай зале ў бліжэйшую суботу ідзе ўжо дыспут на тэму: «Што такое каханне і што такое дружба». Выступаюць вопытныя людзі, заслужаныя дзеячы мастацтва, нават — адзін прафесар, які прыводзіць вельмі разумныя словы класікаў — ад грэчаскіх да сучасных. Усе гэтыя цытаты для выхаванцаў Марыі Іванаўны — гарох аб сценку. Ім трэба гаварыць канкрэтна, але што і як — класная і сама не ведае.
У зале моладзь сумуе — такога дыспуту лепш было б і не пачынаць. Сыплюць у прэзідыум яхідныя запіскі — так, усё ж такі, што такое каханне і якая розніца паміж адным і другім?
Раптам слова бярэ стараста восьмага «Б», пятнаццацігадовая Таня Гайко.
— Пра што тут доўга гаварыць — гэта ж так проста! — заяўляе яна ды ставіць кропкі: — Каханне, як сказаў паэт, словамі не акрэсліш, яго трэба адчуць сэрцам! А розніца паміж адным і другім такая: калі ты з хлопцам можаш у адным пакоі спакойна рабіць урокі — гэта будзе дружба, калі не — каханне!
Вячэраю ў рэстаране. Прыблізна прыкінуў, колькі плаціць, і падрыхтаваў папяровага рубля.
Падыходзіць афіцыянтка і, гледзячы на мяне нахабнымі вачыма, ашуквае на пяцьдзесят капеек. Гэта так нечакана, што я моўчкі і таропка падаю пяцёрку. Гляджу ёй у вочы ды выразна бачу — афіцыянтка выдатна ведае, што я разумею яе падман.
Бянтэжуся, бытта вінаваты. А жанчына з развязнай упэўненасцю кладзе мне рэшту, адыходзіць да суседняга століка ды пачынае чагосьці крычаць на пажылога кліента:
— З-за вас разарвацца я тут павінна? Жонцы сваёй дома ўказвайце!
Гэтым крыкам, хітруня, хочаш мяне запалохаць, заглушыць ва мне жаданне ўзбунтавацца? Ці тлуміш у сабе голас сумлення?.. Ат, ліха цябе бяры, карыстайся маімі капейкамі, мо не збяднею!..»
Прыглядаюся да грошай на стале. Гэ! Афіцыянтка памылілася — рэшты дала з пяцідзесяці рублёў! Што ж; толькі што адбылася грашовая рэформа, і з новымі купюрамі яшчэ блытаніна.
Падзываю жанчыну і аддаю лішнія грошы. Яна раптам... расплакалася.
Цёплай восенню Т. накіраваўся да аднаго дзядзькі па матэрыял для нарыса. Гадзін шэсць прасядзелі яны ў садку. За гэты час мужчыны абгаварылі пра ўсё на свеце. Т. уважліва выслухаў пра выпадкі, якія здарыліся ў гэтай вёсцы ў час вайны; хоць здарэнні былі значныя, але ж даўно ўжо апісаныя іншымі. Журналіст усё ніяк не вывуджваў ад чалавека такога, што б ярка яго характарызавала, не знаходзіў той крупінкі, якая дае іскру аўтару, а матэрыялу — аснову, сарцавіну. Ну, хаваў ды лячыў параненых. Ну, вадзіў партызан на жалезку, ездзіў па іх заданні ў гарнізон, як ездзілі многія, пераправіў у лес тры вінтоўкі і аўтамат.
Мужчыны выпілі ўжо не адну чарку. Паелі ўсю смажаную рыбу. Т. перакаштаваў яблыкі з кожнага дрэва, даведаўся, які гатунак найбольш стойкі ад чарвякоў і ад марозу, а які дае ўраджай кожны год...
Сядзяць яны далей ды маўчаць. Т. пачаў у душы сябе лаяць, што дарэмна пёрся ў гэтую вёску. Ён падумаў з роспаччу — трэба развітвацца, ці што? Але ж як разлічыцца з камандзіроўкай? Т. з тугой у вачах павёў вачыма па вялізным садку, у якім цяжкія галіны з налітымі яблыкамі падпіралі сучкастыя рагулі.
— Гм, а як жа вы, дзядзьку, давалі сабе рады ў вайну з гэткай прорвай фруктаў? — пацікавіўся Т.— Іх жа тут, мабыць, столькі, што ў вагон не ўбярэш!
Гаспадар ажывіўся.
— Ай, не кажыце! Сэрца разрываецца, калі ўспомню пра той час! У 1942 яблыні, як ніколі, далі многа цвету. Прыпёрся з гарнізона амтскамісар на машыне, пахадзіў па садку, пахадзіў, палічыў дрэвы ды запісаў сабе ў блакнот.
«Гут! — гаворыць і паказвае на дошкі, што ляжалі ў мяне пад акапам.— Пойдуць на тару. Калі возьмеш да восені на што-небудзь хоць адну дошку, пасаджу адразу ў Калдычава, фэрштэен?»
«Фэрштэен, пан,— кажу яму, а сам сабе думаю: — Табе гадаваць яблыкі? Дачакаешся, гад, але — трасцы ў бок!»
Читать дальше