Кідаюся ўцякаць.
— Сто-ой, пісацель з...ны! Сто-ой, не ўцячэ-эш!.. Трымайце яго!..
Валодзька гнаўся за мной праз усю плошчу Леніна да самага моста. На маё шчасце, у пачатку вуліцы Горкага ляжалі свежыя дошкі, стаяла вялізная скрыня з вапнай. Я праляцеў перашкоду адным махам, а п'янаваты хлопец адразу грымнуўся на будматэрыял, і толькі тады я ад яго адарваўся.
Адбегшыся, я спыніўся і думаю сабе:
«Цьфу, ліха на яго, я ж, здаецца, нічога кепскага такога пра Валодзьку і не напісаў!.. Вывеў толькі тое, што было! Чаго ж тады крыўдзіцца?!
За ўсімі аўтарамі так ганяюцца прататыпы? Вось табе і на-а!..»
1954 г. У тэатры Янкі Купалы ідзе III з'езд пісьменнікаў Беларусі. Тры дні ішоў дыспут, а цяпер — галасаванне. Усе разабралі бюлетэні. Колас таксама ўзяў свой бюлетэнь, пайшоў за кулісы, сеў на пянёк ад нейкай дэкарацыі і старанна кагосьці стаў выкрэсліваць.
Я на дзядзьку Якуба наляцеў знячэўку ды вельмі разгубіўся. Гляджу, а ён — разгубіўся таксама і таропка ды вінавата, як хлопчык, каб, барані божа, не ўбачылі, каго ён крэсліць, закрывае ад мяне бюлетэнь газетай, нецярпліва глядзіць мне на ногі ды чакае, калі я пайду.
Потым трапіў я ў Дом творчасці — Каралішчавічы. У час абеду нехта прынёс сенсацыю — Колас з нявесткай па грыбы прыехаў! Я хапіў на кухні нейкі кошык ды кінуўся даганяць незвычайнага госця, уяўляючы сабе ўжо, як буду аб гэтай сустрэчы калісьці апавядаць сваім унукам.
Яго з нявесткай знайшоў я ля дарожкі. Насцярожана-ветліва павітаўся. Дзядзька Якуб таксама даў мне «дзень добры» ды пацікавіўся, адкуль я родам, як мяне зваць і што пішу — прозу ці вершы.
Адказаўшы на ўсе яго пытанні, здаволіўшы сваё самалюбства, я, перапоўнены шчасцем, яшчэ крыху пахадзіў з імі па лесе і, каб не быць надакучлівым, нырнуў у гушчар ды панёс на кухню кошык.
Назаўтра дзядзька Якуб прыехаў па грыбы зноў, і я яго знайшоў каля той самай дарожкі. У нас адбылася дакладна такая самая размова. Колас зноў пацікавіўся — адкуль я прыехаў, як мяне зваць, пішу прозу ці вершы...
Вяртаўся я тады ад яго надта расчараваны, што на дзядзьку Якуба не зрабіў аніякага ўражання і ён мяне праз суткі забыў. У той жа час я быў уражаны прастатой гэтага чалавека — ну, дакладна, як звычайны вясковы стары, а гэтак узрушыў душу народа!..
У Гродзенскім педінстытуце імя Янкі Купалы ўсім паказваюць пісьмо Кірылы Арлоўскага — славутага старшыні калгаса «Рассвет» Магілёўскай вобласці.
Студэнтка першага курса філфака С., родам з «Рассвета», дрэнна стала вучыцца. Бацькі паскардзіліся свайму старшыні. Ён і напісаў зямлячцы ў Гродна:
«Вольга, зубры там навукі! — раіць дзяўчыне слаўны герой.— Старайся вучыцца, не ганьбі сваіх бацькоў! Калі вернешся ў вёску, не скончыўшы інстытута,— не прыму нават у свінаркі, зарубі сабе гэта на носе!»
Калі яшчэ Скідэль быў райцэнтрам, адправіліся мы аднойчы з Міхасём Васільком на яго радзіму праводзіць літаратурнае выступленне. Ехаў я і трывожыўся. Быў звычайны рабочы дзень, і не верылася, што выйдзе якая-небудзь карысць з нашай задумы. Сказаў я пра гэта Васільку, але Міхась прамаўчаў.
Прыбылі мы нарэшце ў Скідэль, зайшлі да начальства. Старшыня райвыканкома павёў нас у раённы Дом культуры. Па дарозе пахваліўся:
— Клуб у нас — новы, павінен вам спадабацца!
— Каб толькі былі ў ім людзі, каб недарэмна мы прыехалі! — заклапочана заўважыў я.
— Гэта наша бібліятэкарка прыдумала! — з раздражненнем прамовіў старшыня райвыканкома.— Я загадчыцы прапанаваў вечар на суботу вызначыць ці нядзелю, але яна ўперлася і — хоць ты што хочаш рабі з ёю, ведаеце, якія жанчыны ўпартыя?! Нічога, будзе мала народу, загадаем дырэктару школы прывесці вучняў старэйшых класаў, школа тут побач.
Міхась толькі хітра ўсміхнуўся.
Падыходзячы да клуба, яшчэ здалёк я ўбачыў фурманкі. Такое скапленне іх бывала толькі да вайны на кірмашах у мястэчках. Вазамі вакол новай будыніны былі літаральна забіты ўсе двары. Людзей не відаць. Распрэжаныя коні спакойна жавалі сабе аброк з торбаў. Ля сцен і платоў зіхацелі лакам шарэнгі веласіпедаў і матацыклаў.
— Вось і наш клуб! — аб'явіў узрадаваны старшыня.
Аднак увайсці ў яго было не проста. У калідоры мы наткнуліся на цесную сцяну людскіх спінаў і завязлі. Старшыня тады павёў нас хітрымі хадамі, і апынуліся мы адразу на сцэне. Зірнуў я ў залу, а там — галовы, галовы, галовы ды ў прагным чаканні напружаныя цікаўныя вочы.
Читать дальше