Раптам налазіць на нас групка хлапчукоў і дзяўчынак з торбамі арэхаў. Што ж, вясковыя дзеці — не немцы, ад гэтых падшыванцаў нікуды не дзенешся. Тоўпяцца, разглядаюць нас вялікімі ад здзіўлення вачыма.
Лепш было б, каб яны нас не бачылі, ды цяпер ужо нічога не зробіш.
— Ну, здрастуйце! — стараюся супакоіць амярцвелых малых.
— Здра-а!..— шэпчуць хорам.
— Першы раз партызан бачыце?
— Пе-ершы!..
— То прыглядайцеся, прыглядайцеся добра, каб і ўнукам сваім расказалі!
Маўчаць.
Я пытаю:
— У школу ходзіце?
— Не-а, немцы закрылі. Ужо год! Дзядзя, а зімой, калі блакада на партызан была, немцы з бобікамі ўсе нашыя парты папалілі!
— Няўжо?!
— Ага! Есці сабе варылі!
— І ліпу з буслоўкай спілавалі на бункер!..
— Бо яны, дзеткі, фашысты! Нічога, хутка на іх згон прыйдзе, і буслы на школьны двор вернуцца ды новую буслоўку сабе зробяць — на даху, яны такія!.. А вы піянерамі былі?
— Ага!..
— Не ўсе-е...
Якраз гэткія самыя і мае, недзе пад Віцебскам. Мо калі засталіся жывыя, які-небудзь партызан і з імі праводзіць падобную палітгутарку.
— Як бачу, немцаў вы не любіце?
— Не-е! — крычаць ужо мацней.
— Хочаце ваяваць з імі?
— Хо-очам!
— То збірайце патроны. Кожны патрон для нас — адзін мёртвы фашыст.
Дзяўчынка, падобная на маю Галю, падняла запэцканую ў чарніцы вузенькую далоньку і, бытта перад настаўніцай у класе, пачынае гаварыць:
— Дзядзя-а, а ў мяне... А я маю...
— Стоп, маўчы! Пры людзях казаць нічога не трэба. Мы павінны з табой захоўваць канспірацыю, разумееш? У каго што ёсць, няхай адкліча мяне аднаго ўбок і скажа. Перад нашым адыходам гэты кіёчак я ўваткну пад тую разлапістую елку, і вы зносьце мне іх туды, на мох. Адно прыкырвайце карой, каб не моклі, бо ад вады яны не страляюць, ясна?
— Я-асна! — вельмі сур'ёзна адказвае дружны хор цалкам ужо асмялелых дзяцей.
— Цішэй, дзеткі, бо хлопцы спяць, бачыце?
Малыя на пальчыках пайшлі.
Праз паўгадзіны прыбягае памочнік машыніста.
— Даведаўся! — пацірае ад здавальнення рукі малады мужчына ў форменнай фуражцы з эмблемай чыгуначнікаў — кола і два крылы.— Напаіў за вашыя маркі свайго шэфа, паказваю платформу з бутлямі ды кажу:
«Ну, цяпер бальшавікам — капут, немцы іх газамі патруцяць, а яны, пан шэф, так гэтага баяліся, столькі панараблялі процівагазаў, і кожны валачыў з сабой у зялёнай сумцы!..»
«О, на-айн, Іван! — закруціў галавой немец.— У бутлях не газы мы з табой возім у Смаленск, а — кісларод, самалёты запускаць!»
«А што за цюкі з сенам?»
«А пад сенам — танкі. Сена — ад сама...»
Але скончыць паммашыністу не далі. Луснула галінка — і чалавек нырнуў у кусты.
З гушчару выходзіць перапалоханая да смерці дзяўчынка з запэцканай у чарніцы далонню ды нешта падае:
— Дзядзя, вазьміце...
Прымаю з дзіцячай рукі цёплы патрон. Счарнелы, з іржавай куляй. І... французскі. Мабыць, вытрас яго з падсумка тут легіянер Пілсудскага яшчэ ў 1919 годзе. Як вядома, з нашай вінтоўкі французскім патронам не стрэліш ніяк, але ж ці скажаш пра гэта дзіцяці, ці растлумачыш?
— Дзякуй табе, дачушка! От, харошая ты! Цяпер мы з табой аднаму фашысту зробім капут! Лічы — аднаго бандыта ўжо няма, мо якраз таго, што вам парты папаліў! Ну, бяжы сабе дамоў! Тату і маме перадай прывітанне!
— Добра...
— Дзякуй!
Пабегла яна, шчаслівая, а я гляджу на патрон ды ламлю галаву — што мне з ім рабіць?
І от, скажыце, фокус! Яшчэ два гады партызаніў я ў беларускіх балотах ды лясах, і бывала па-рознаму: уцякаў ад немцаў, тануў, галадаў, адступаў, наступаў, гарэў у нейкім хляве, ляжаў паранены ў зямлянцы, а патрон гэты так і пранасіў усю вайну ў кішэні!
Сержанта Гаўрылу з пярэдняга краю паслалі ноччу ў разведку. Ён пранік праз лінію фронту, разведаў што трэба, але заблудзіў і вырашыў пачакаць раніцы, каб разгледзецца. Разведчык не меў ні ежы, ні вады, ды лепш было дзень перацярпець і да сваіх прабірацца ноччу, чым па-дурному трапіць немцам у лапы.
Акапаўся салдат па статуту, травой прыкрыў пясок, чакае.
Калі развіднела, хлопец ад жаху абмёр. Кусцікі, сярод якіх ён выкапаў прыстанішча, аказаліся зусім рэдкімі, а ззаду — адкрытае поле. Крокаў за сорак перад ім, у гушчары — прытаілася стальная аграмадзіна «Фердынанда» з зялёна-шэрымі разводамі камуфляжа на пакатых баках, а бяздонны зеў яго стоміліметровай гарматы скіраваны быў сержанту проста ў душу.
Днём з-за брані асцярожна выглядвалі зялёныя каскі, немцы паказвалі нешта адзін аднаму ў яго бок. Некалькі разоў над вежай бліскаў сонечны зайчык ад перыскопа, затым варушыўся ствол — артылерыст, мабыць, яго даводзіў да цэлі, пасля чаго ўсё навокал як бы прытойвалася ды замірала, і тады сержанту здавалася — самаходка вось-вось грымне агнём і распаленым жалезам, ад яго не застанецца нават і следу.
Читать дальше