— Я не маўчу,— сказаў Махахей.— Ты толькі не чуеш мяне цяпер, а я гавару: усё спачатку, гавару.
— Во-во, дурня работа любіць.
— Дурня работа любіць...
— Ой, пагавары ты яшчэ, дык за ёмку ды ёмкай.
— Ёмкай... Толькі ты, баба, не ў хаце, не каля печы і гаршкоў. Няма тут, у лесе, ёмак.
— Трэба, дык знойдзем, не перажывай.
— Ідзі, пашукай,— дазволіў Махахей і засмяяўся.
— Паглядзіце на яго, яно яшчэ і пасміхаюцца. Усё жыццё толькі бабай камандуеш і здзекуешся, чужому чалавеку і слова папярок не скажаш.
— Не скажу.
— А то скажаш, насмелішся?
— Трэба, дык скажу, насмелюся.
— Калі толькі тое трэба ў цябе настане.
— Настане.
— Усё жыццё так: настане, настане. А ўжо вось і смерць настала, а табе яшчэ і не развіднела.
— Развіднела. Глядзі, як раз'ясніла. То раней з-за дрэваў, кустоў свету божага не відно было, а цяпер глядзі, аж пакуль вочы не навылазяць. I дыхнуць тут нечым было, камарэчы столькі, надыхаешся, наглытаешся. I мяса не трэба. А цяпер — во.— I ён павёў рукой, паказаў ёй, колькі тут святла і як тут ясна, але збіць з таго, што ўзяла сабе ў галаву яго Ганна, было не надта проста.
— Дык глядзі ж, глядзі ў мяне, пачнуць новы сенакос дзяліць, каб не маўчаў да астатняга: на, божа, што нам нягожа.
Не буду маўчаць, Ганна, лепшы сенакос наш з табою будзе,— паабяцаў Махахей, але баба Ганна яму не паверыла, і мела рацыю, яна таксама добра вывучыла свайго чалавека.
— Так ты ім і адгукнешся: дайце мне лепшы. Зноў у карчы, зноў іх секці, ламачча, лазу цягаць. Глядзі ўжо, каб хоць пад'ехаць можна было ды вывезці. Надзьцы волі не давай, няхай робіць, каб дурніца ў галаву не лезла... Я ў яе годы...
— Ды ты і цяпер, у свае годы, у мяне яшчэ на ўсе сто і з гакам.
— Так ужо і з гакам,— зардзелася баба Ганна; знайшоў ён усё ж ёй слова.— Старое ўжо ўсё, не здолею я ўжо, Цімох. Саскочу раненька, у думках маладая, здаровая, і за тое б схапілася, і таго б хацелася, і з'ела б усё, і работу ўсю перарабіла б, а пачну — не, не тая ўжо сіла, за стол — і кусок ужо горла дзярэ.
— Ды што ты, Ганна, мы з табою яшчэ сына маглі нарадзіць.
— Ото, дочкамі мяне папікаеш. Сораму няма, ссівеў жа ўжо.
— I ты не маладзенькая. А дочкамі я цябе не папікаю. Чаго мне іх саромецца. У цябе яны ўсе.
— Ой, не кажы так, Цімох. Дочкі ў цябе ўдаліся, як і трэба: у бацьку дочкі павінны ісці — шчасце будзе.
— Твая праўда, Ганна, у мяне яны пайшлі.
— Во, бачыш,— радавалася Ганна, радаваўся і ён: забылася жонка пра свой боль, удалося яму адвесці гэты боль. Так і тэпалі яны ўсе адзінаццаць кіламетраў. Дарога была знаёмая, не раз ходжаная, дзе можна яны скарачалі яе сцежкамі, якія вядомыя былі толькі ім. Але не заўсёды тыя сцежкі выводзілі іх, куды жадалася. Пераменлівы настаў час, змянялася і дарога, абрываліся, губляліся ў ламаччы, бураломе старыя сцежкі, абразаліся то вадой, то полем, якога раней тут не было, а цяпер во з'явілася. Абкружылі іх сяло, іх рэчку з двух бакоў, а мо і не толькі з двух, мо з усіх чатырох. Як і ў Княжборы, тут, за рэчкай, праводзілася меліярацыя, змянялася зямля. Па адну, левую руку ляжаў спляжаны лес: вольха, бярозы і дубок пракідваўся сярод іх, светлы і гонкі, бо хапала яму сонца — выцягнуўся ён, добра стаялі дрэвы, а цяпер во ляжалі, усе ў адной кучы, як раслі, выкарчаваныя з зямлі з каранямі і сцягнутыя ў адно месца. Іх спрабавалі, ужо як сцягнулі, падпаліць, але сырое дрэва не гарэла, толькі лісце ў бярозы пакруцілася ў колцы, сохла на сонцы. I суша стаяла вакол такая, што западаў язык, перасыхалі губы, Цімох увесь час аблізваў іх, бы ішоў праз агонь. I балела душа, гледзячы на гэтыя дрэвы, на багацце гэткае, не прымала, адмаўлялася верыць, што можна так з багаццем, з дрэвам, і балюча было думаць, што такое ж магчыма і з Княжборам. Ён адварочваўся ад загубленых дрэў, не трывала, сохла і запальвалася вока. Але па правую руку было не лепш, хаця там стаяла вада, вада сярод дрэў, гэткіх жа, як і злева ад яго: вольхаў, бяроз, дубоў. I дрэвы гэтыя стаялі. Але невядома, што было горай ім: суша ці вада, мёртва ляжаць у адной кучы ці жыць так, па пояс у вадзе. Яны чэзлі ў вадзе, высыхалі верхавінамі, і хутчэй за іншых вольха, а сярод вольхі — тая, якая вышэй і таўсцей — старыя вольхі і гінулі хутка. Макаўкі іх, голле зверху здаваліся ломкімі нават з дарогі, пайшлі ўжо шэрым мохам, з зялёнай яшчэ лістоты, як шэрыя свечкі, утыркаліся ў неба. А малады алешнік дужэў, чапляўся за купіны і ўзгоркі. «Старое, выспелае заўсёды падае першым, так ужо заведзена на гэтым свеце,— думаў Махахей, высмяглым языком выганяючы пустыя словы, каб толькі Ганна не пачула, аб чым ён маркоціцца, не ўбачыла нічога яго вачыма.— Падае першым не таму, што не трывалае ці аджыло сваё, а таму, што прымае ўдар на сябе». Гэтак і з дубамі. У дуброве самы стары, самы вялізны дуб у навальніцу прымае, бярэ на сябе маланку. Колькі вакол яго такіх жа дубоў, маладыя стаяць некранутыя, красуюцца, а стары дуб заўсёды пашчэпаны, бы асілак які лыка драў, і не толькі дуб, а і зямля каля каранёў узараная. Гэтак жа і сярод людзей, хаця па людзях гэта не так бачна, як на дрэвах. Людзі хаваюць свае балячкі над адзенне, прыкрываюць іх маўклівасцю, а распрані, як дрэва, іншага чалавека, дык на ім і месца жывога не знойдзеш, мо таму і ўгінаюцца па старасці людзі, ашчаджаюцца ўжо, бліжэй да зямлі, да дзяцей імкнуцца. Хаця і дзеці, маладыя сёння пайшлі, толькі і чуеш: той памёр, той памёр, а ні таму, ні другому і трыццаці яшчэ но было — сэрца. Паліць, паласуе сёння маланка і маладых. Мо таму і паласуе, што ўчвараюць во такое. Не верыцца Махахею, што пасля ўсяго гэтага — па левую руку, па правую руку — ацалее сэрца. Павінна яно надрывацца, крыкам крычаць, калі цішыня вось такая, мёртвая цішыня ў лесе, птушкі ніводнай не чуваць. I сарока-белабока не застракоча, і крумкач не закрумкае. А раней...
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу