Паказалася ўрэшце і машына.
— Канчай перакур,— кінуў Мацвей і пакрочыў насустрач машыне. Вецер дзьмуў ужо мацней, быў ён роўны, як па вялікай вадзе. I як на вадзе, бегла па полі маленькая хваля, скакалі на зямлі, па тарфяніку камячкі торфу, што конікі, спачатку маленькія, з тых жа конікаў, гарошыны, церліся адзін аб адзін, размаўлялі, пераказвалі нешта адзін аднаму, як жылі раней, кім ці чым былі да таго, як сталі торфам, ляглі ў зямлю, як бегалі і стаялі яны пад сонцам і месяцам, як плавалі на моры і рэках і як не хочацца ім развейвацца пылам па свеце, пылам, які ўжо не сабраць, не скласці, не аб'яднаць. Пыл гэты забудзе ўсё аб сабе, і ўжо забудуць, кім і чым ён быў да гэтага, таму што на ім нічога ўжо не ўзыдзе, не вырасце, бачны ён будзе толькі месячнай ноччу, прывідна ўваскрэсне ён на месячнай сцежцы. У вычварнай гульні месячнага святла будуць ганяцца адна за адною пылінкі, дарэмна імкнучыся зноў легчы на зямлю, умацавацца на ёй, знайсці зноў сябе, не дадзена ім гэтага ўжо, як не дадзена чалавеку нарадзіцца двойчы.
Машына ў гэтым віхурным тарфяным моры была падобна на лодку, як лодка падышла да вагончыка і спынілася, з кузава яе скочыў Аркадзь Барздыка і адразу ж:
— Нешта мне вецер, Мацвей, но падабаецца.
Мацвей азірнуўся, здзіўлены.
— Туды зірні,— Барздьтка паказаў на неба. Неба цямнела, сонца на вачах налівалася гарачкаваю чырванню і тухла. Глядзела на людзей, на зямлю, на трактары запаленым хваравітым сваім вокам. А поле ўжо гуло, крычала ўголас, шамацелі, скакалі па ім ужо буйныя конікі, з лясны арэх, спечаныя: камячкі торфу, вецер мацнеў, выганяў ужо саму зямлю, чорныя камячкі торфу наспешліва разбягаліся, як разбягаюцца, распырскваюцца ва ўсе бакі малыя, толькі-толькі з апалонікаў, жабяняты. Пэўна, за жабяня палічыў і бусел гэтыя чорныя шарыкі, што скакалі па ўсім полі, палічыў за нешта жывое і пачаў лавіць торф, чорную высахлую памяць зямлі, лавіць, і глытаць, і давіцца, і задаўлена ляскатаць.
— Вой-ё-ёй, зачаравана запрыгаворвала Барздычыха.— Бусел зямлю есць. Бусел, што чалавек, звар'яцеў.
— - Што ж гэта такое, што ж гэта будзе, людцы! — закрычала Махахеіха.
— Чорны смерч, віхура па нас насоўваецца,— сказаў Барздыка.
I імгненна ён, Мацвей, і Барздыка, і машына, каля якой яны стаялі, :і бусел патанулі ў чорнай віхуры. Мацвей з Барздьгкам кінуліся да людзей і адразу ж згубіліся. Пераадольваючы вецер, плачучы ад чорнага пылу, Мацвей вобмацкам ішоў па плі. I як ён, нічога не бачачы перад сабою, брылі і іншыя. Мацвей спатыкнуўся аб нешта, здаецца, жывое, схіліўся пад гэтым жывым. Па зямлі паўзла Махахеіха, вецер загаліў ёй спадніцу, і яна ёрзала ў гэтай сваёй спадніцы на адным месцы. Мацвей кінуўся дапамагчы ёй, яна адпіхнула яго:
— Згінь, бессаромнік, згінь, злыдзень.
Вецер раскідаў людзей па полі. Мужыкі згубілі жонак, жонкі — мужыкоў. На Мацвея наскочыў Цімох Махахей:
— Ганна?..
Абмацаў яго, зразумеў, што памыліўся:
— Ты... прападзі ты пропадам.
Раўла бура, кругамі круцілі смерчы, і па крузе ў гэтых смерчах, бы вялі нейкі карагод, хадзілі людзі, хадзіў бусел. Хадзілі, патыкаліся на Мацвея, крычалі нешта нячутнае яму :і злое, яраснае. I вецер выў і крычаў у вушы галасамі княжборцаў:
— Быў лес...
— Была вада...
— I стала пекла. Пекла, пекла, пекла... Прэч, прэч, прэч...
I Мацвей кінуўся прэч ад гэтых галасоў, ад людзей, і здавалася, збег, пазбавіўся іх. Наскочыў на бусла, спатыкнуўся, упаў побач з ім. Бусел ляжаў у разоры, схаваўшы пад крыло чырвоную дзюбу, жыў адным толькі вокам, але вока гэта было жудасна абыякавым. I нішто не адбілася ў ім, не зварухнулася, калі Мацвей падняўся, узяў бусла на рукі.
— Я ж! гаварыў, што прыйду да цябе. Чаму ж ты не рады? Я ж прыйшоў, прыйшоў...
Раптоўна, як і пачаўся, суняўся вецер. Мацвей быў недалёка ад княжборцаў. Яны стаялі шчыльнаю кучкаю там, дзе толькі што палуднавалі. Мацвей не рызыкнуў падысці і зліцца з імі. Махахеіха схілілася і пачала прыбіраць раскіданыя ветрам, чорныя ад торфу скібы хлеба, пачала падымаць і ставіць на зямлю перакуленыя бутэлькі з чорным, і толькі на дне, малаком.
— Вось табе, радзімы, хлеб, вось табе, апостал наш, малако.— Махахеіха падышла да Мацвея, пакланілася да зямлі яму і падала чорную, што вугаль, скібку хлеба, бутэльку з чорным малаком.
Нарабіла бяды бура і ў самім Княжборы, падняла і панесла і немаведама куды занесла сянажную вежу, мо на месяц нават закінула, ні ў самім Княжборы, пі па-за Княжборам яе так і не знайшлі, паздзірала стрэхі з кароўнікаў, а адзін з іх разбурыла да фундамента, здзьмула, як пыл з далоні. Але старога Кпяжбора не кранула, толькі паспрабавала, ці моцна стаіць на зямлі хата Мацвея і дзеда Дзям'яна. Дзед Дзям'ян якраз быў у хаце і расказваў ужо вечарам Мацвею:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу