О не, пра гэта ім якраз і не трэба, аб гэтым якраз госці і не хацелі нічога ведаць. Таму што ўсё мелі і самі. I дамы такія ж самыя, і тэлевізары такія ж, але ведаеце, чаго ў іх няма, не было, калі яны пакідалі гэтую зямлю, а вось цяпер з'явілася? Яны беларусы, і тут засталіся беларусы, і ў тых беларусаў, якія засталіся тут, з'явілася, а ў іх — не. Вось ім зразумець бы гэта, зразумець бы, хто такі ёсць ён, Мацвей Роўда, старшыня княжборскага калгаса?
— Паляшук,—- адказаў Мацвей,— карэнны, княжборскі. А сярод вас ёсць палешукі?
Палешукі былі. Дзядок, з носам, падобным на дзюбу арла. Мацвей даўно ўжо прыглядваўся да яго і думаў, што сярод усіх іншых ён, пэўна, адзіны сапраўдны канадзец. Але ён аказаўся суседам. Да адбыцця ў Канаду стары жыў цераз рэчку ад Княжбора.
— Вы памятаеце, што тут было раней? — спытаў Мацвей.
Ён памятаў, што тут было раней, таму колісь і збег адсюль, збег, але не забыў сваёй радзімы, хаця гэта было яшчэ да Канады, у Амерыцы, у Штатах, ведаеце, ён ужо быў не мужык, не, паважаны чалавек, прадпрымальнік, завёў сваё дзела, варочаў мільёнамі, Мацвей пацікавіўся, як гэта ён нажыў свае мільёны. Дзядок узрадавана ажывіўся, наліўся сокам і яго нос. Ён нажыў свае мільёны на сметніку, на макулатуры. Збіраў, сартаваў, непрыгоднае ва утыль, а тое, што яшчэ неяк можна было выкарыстаць — на продаж. Вельмі-вельмі прыбыльнае дзела было. Пакуль не апамяталіся, не ўбачылі гэтага амерыканцы, і тады бізнесу яго прыйшоў капец. Але ён, ведаеце, яшчэ паспеў дапамагчы радзіме, трыста пар абутку падараваў нейкаму дзіцячаму дому на Беларусі.
— Не з утылю, не са сметніку былі тыя чаравічкі? — спытаў яго Мацвей.
— Што вы, як гэта можна, гэта ж для сваіх, сам і купляў самыя лепшыя, як сабе купляў.
Мацвей успомніў гэтыя самыя лепшыя амерыканскія чаравікі, адны на двух з дзедам Дзям'янам, што атрымалі і яны праз Чырвоны Крыж. Чаравікі былі і на самай справе добрыя, як яны з дзедам Дзям'янам ці насілі іх, не знасілі. I таму зноў пераабуліся ў лапці. I цяпер Мацвей не без злосці пацвердзіў, што ён атрымаў амерыканскія чаравікі ад свайго заакіянскага земляка... Што яму былі тады тыя чаравікі амерыканскія, калі ён есці хацеў. Яшчэ ён падумаў, што гэтыя чаравікі, яго адносіны да іх тады і цяпер якраз і ёсць тое, чаго не здольныя зразумець гэтыя былыя беларусы і нават палешукі сярод іх, бо на чужой зямлі без каранёў і палын не расце. Яны адсюль з'ехалі, так і не адчуўшы сябе беларусамі, саромеючыся таго, што яны беларусы, не пазбавіўшыся гэтага сораму, і пражылі жыццё за акіянам, імкнучыся як мага хутчэй збыць, знішчыць у сабе беларуса. А калі знішчылі, звярнуліся да радзімы, усцешваючы, абнадзейваючы сябе, што ў іх знішчальным вопыце ёсць нешта вельмі карыснае, прыдатнае іх землякам. Былы мільянер і утыльшчык так і сказаў аб гэтым, аб тым, што толькі ў Канадзе жывуць сапраўдныя гаспадары і ён мае нешта сваё расказаць калгаснікам, калі трэба, калі яго папросяць, нават можа застацца тут, цяпер у яго ў Канадзе ферма, невялічкая такая ферма, па той ферме ўсё вельмі разумна, вось гэтаму разумнаму ён навучыць і беларусаў.
— Можаце прыступаць, вучыце, толькі спачатку паглядзіце, як гаспадарым мы,— Мацвей падняўся і павёў канадцаў на свінагадоўчы комплекс і адышоў душой.
— Будуецца такі комплекс і для буйной рагатай жывёлы,— расказваў канадцам сакратар,— на шэсць тысяч галоў.
— Тыя шэсць тысяч трэба спачатку забяспечыць кармамі, стварыць кармавую базу,— перабіў яго Мацвей.
— Вось ты і забяспечвай, і стварай. Забяспечыш?
— Не,— адказаў Мацвей.— Мяркуючы па тым, як вы адносіцеся да гэтай кармавой базы,— не.
— Будуць вывады...
— Хоць дзесяць вывадаў.
— Ну, Роўда,— сакратар прыціснуў яго да аўтапаілкі.— Ехаў да цябе, каб памірыцца, старшыня райвыканкома павінен быў везці канадцаў. А павёз я. Я да цябе прыехаў.
— Дзякуй за гонар.
— Пра гонар пагаворым потым. Пагаворым і аб іншым. Як і перад кім ты сябе паводзіш.
Ніхто не прыкмеціў і не чуў, аб чым яны спрачаліся. Канадцы, бабулькі і дзядулькі, былыя беларусы, шчабяталі, шчоўкалі і цёхкалі, што ў маі салаўі. О, яны, канечне, ведалі, што такое Савецкая Беларусь, цяпер ім зразумела ўсё, чаго яны не маглі зразумець раней: калі ў цябе есць такая гаспадарка, такая ферма, ты ўжо зусім іншы чалавек. Уласнасць заўсёды ўзнімала і ўзвышала чалавека. Уся справа, канечне, у тым, што мае чалавек, чым валодае. Яны ганарацца сваімі землямі, і землякі таксама могуць ганарыцца імі, яны ж заўсёды былі патрыётамі, змагаліся з фашызмам, ахвяравалі не толькі чаравікі, але і цёплыя рэчы пасылалі, пасылалі грошы і нават скрынкі. Такія мілыя парасяткі, такія прадпрымальныя людзі. I ўсё гэта дзе? Сярод галоўнага балота Еўропы. Ёсць, ёсць яшчэ цуд на свеце.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу