— Вой-ё-ёй, падсудная справа, старшынька,— захітала галавою Махахеіха.
— Ведаю, баба Ганна. I гатовы адказаць за хлеб. Хлеб жа, хлеб...
— Маць тваю, гаспадар,— вылаяўся і выплюнуў недакурак Барздыка, кінуўся на вуліцу да камбайна. Камбайн з перапоўненым бункерам рабіў стомлена, уздрыгваў хобатам пагрузчыка, на якім, што сцяг, матляўся мох, каб пры перагрузцы не згубілася ні зярнятка. Васька мэнтам ускінуў сябе на мосцік, паклаў рукі на штурвал і нейкае імгненне разглядваў іх, свае рукі, не надта чыстыя, у ма- шынным масле, якое ўжо ўелася ў скуру. Схіліўся, выцягнуў са скрынкі з інструментам стары, загорнуты ў газету ручнік і доўга і старанна выціраў ім рукі. Чысцей ад гэтага яны не сталі, брудным зрабіўся толькі ручнік, ён правёў ім і па твары і зноў склаў рукі на штурвале, цяжка ўздыхнуў, нерухома замёр на добрую хвіліну. I раптам рэзка націснуў на газ. Камбайн скалануўся ад нечаканасці і неспадзяванкі і амаль што скочыў уперад, і, як сцяг, затрапятаў на ветры мяшок на пагрузчыку. Але на гэты скачок рухавік камбайна, як падалося Ваську, патраціў усю сваю моц, і камбайн не паспеў набраць хуткасці, калёсы круціліся ціха, а Ваську патрэбна была зараз хуткасць. Ён ашчэрыў зубы і шалёна круціў штурвал і крычаў нешта незразумелае і каціў на калдобінах, бы скакаў на кані. Насустрач яму з праўлення выбеглі людзі.
— Куды, куды! Стой! Стой!— кінуўся напярэймы яму Роўда, размахваючы рукамі, спрабуючы пераняць і завярнуць камбайн, як пераймаюць і заварочваюць худобу.
— Стой сам, як...— Васька крута вільнуў убок і пакінуў адзаду праўленне і Роўду, што ўсё яшчэ, як пудзіла, махаў рукамі. Прамільгнуў і адстаў Княжбор, цьмяныя і разгубленыя твары аднавяскоўцаў, разгублены і спалатнелы твар Надзькі, што выхапілася на той галас і грукат з хаты. Ён праскочыў і паўз яе, краем вока толькі прыкмеціў: Надзька пабегла за ім, скочыла ў клуб пылу, узнятага камбайнам, і капаціць следам, смешна, што жарабя, ускідваючы дзыбатыя ногі. Васька хацеў адарвацца ад яе. Надзька цяпер толькі б перашкаджала яму, але выціснуць з камбайна больш таго, на што ён быў здатны, было немагчыма, і ён трошкі адпусціў газ, прыпыніўся. Надзька залезла да яго, на мосцік, на хаду, стала за плячыма, аддыхалася, абхапіла яго рукамі за шыю. Камбайн быў ужо каля току, ішоў паміж двух доўгіх буртоў збажыны, ад якой у прахалодзе раніцы курэў, уздымаўся шызы дым. I ад гэтага дыму зерне выглядала ўжо не жоўтым, а зялёным. Надзька, пэўна, падумала, што тут камбайн спыніцца і будзе разгружацца, і зняла рукі з Васькавай шыі. Але Васька адмоўна хітнуў галавой.
— Куды ж гэта ты? — казытліва прыпала да яго вуха Надзька.
— Туды,— Васька няпэўна хітнуўся ўсім целам.
— Добра, добра, і я з табою.
«Куды гэта яна са мной?» — адчужана падумаў Васька, таму што і сам толкам не ведаў, куды гэта «туды» гоніць ён гружаны камбайн. Пакуль што ён бачыў перад сабою толькі дарогу, яна была незанятая, а куды гэтая дарога прывядзе яго, дзе ён спыніцца, Васька і сам не ведаў. Яму цяпер неабходныя былі толькі рух і хуткасць, і ён маліў адно: каб не заглох і не падвёў матор, таму што, калі ён спыніцца, здавалася яму, гэта будзе сапраўднае крушэнне. Спыніцца камбайн, замрэ бездапаможны, замрэ і ён. I тады нічога нельга ўжо будзе зрабіць, выправіць. Гэтае імкненне да якой-небудзь дзейнасці, прага да руху абудзіліся ў ім яшчэ ўчора. I вінаваты ў гэтым быў бацька. Дзень назад, яшчэ ўчора, такой жа парой чорта б лысага кінуўся б ён вось так на злом галавы. А ўчора вечарам, ужо на схіле дня, калі ён дабіваў участак пшаніцы каля былога ляда...
Ад таго ляда засталося хоць і не вельмі што, але ўсё ж які-ніякі гэта быў лес. I ад маладых бяроз, ясеняў, якім, пэўна, так ніколі і не стаць ужо старымі, таму што ляда, як чуў Васька, павінны былі выкарчаваць зусім, павявала вечаровай свежасцю і прахалодаю. Хлебны дух і дух лесу былі прыемнымі Ваську, ён нават спяваў нешта сам сабе, як раптам убачыў на ўзгорку тры ссечаныя і абабраныя да апошняй ягадкі рабінкі. Ён спыніў камбайн, падышоў да гэтых загубленых дрэўцаў. Рабіну, каб абіраць і здаваць ягаду, сек у Княжборы нехта і дагэтуль. Дні два назад Мацвей Роўда адну з іх прывязаў тросам да газіка і прыцягнуў у вёску. Крычаў на ўсю вёску, бы не сам паклаў пачатак гэтаму знішчэнню, бы не з яго нялёгкай рукі ўсё кранулася і пад гару пакацілася: «Калі гэта ў нашым Княжборы было такое, каб за кілаграм-два ягад дрэва цалкам пад корань, мужыкі...» Мужыкі панура маўчалі, такога, канечне, раней у іх вёсцы не ведалі, ясянёк на вясло і то шкадавалі секчы. «Барздыкі больш за другіх ягад нарыхтоўшчыку здалі»,— сказаў хтосьці. «Спаймаю, каровы не хопіць адкупіцца»,— прыгразіў Мацвей, не адрываючы вачэй ад Ваські. «Спаймай,— вытрымаў гэты яго позірк Васька.— Спаймай, а калі я цябе злаўлю з трактарам ці карчавальнікам у лесе, чым тады ты разлічвацца будзеш?» На тым яны і разышліся. Мацвей пашыбаваў у кантору, Васька да свайго камбайна. Але, крочачы да гэтага свайго камбайна, Васька ўпершыню паспачуваў Мацвею: ёсць і ў гэтым апошнім з Роўд душа, але чаго вартая гэтая душа, калі ёй не падпарадкоўваюцца рукі. А цяпер, стоячы на ўзгорку перад ссечанымі рабінкамі, ён зноў думаў аб гэтым і таму пашыўся ў глыб ляда, хоць і не хацелася яму туды шыцца, паглыбляцца. Рабінкі нехта ссек толькі-толькі, яны яшчэ і соку не паспелі даць. А Васька здагадваўся, каго ён можа, калі, канечне, пашанцуе, сустрэць у лесе. Ён ішоў па лесе і насвістваў, і збоку здавалася, што яму добра. Быў ён спрытны ў лесе, светлы тварам. Прасвятлёныя ўжо восенню, што свечкі, стаялі бярозы і асін. Ён пачуў незадаволены сарочы пераклік і адразу ж убачыў гэтых сарок, яны вылецелі на яго і ўбачылі яго таксама, кінуліся прэч ад яго, стракочучы яшчэ больш голасна і незадаволена. Затрашчалі кусты, задрыжала ад цяжкага тупату зямля. На гала перад ім выскачылі два ласі і ласянё, выплылі на роўнае з гушчару, як дзве лодкі пад ветразем і чаўнок. Ласі ўскінулі, нават адкінулі назад цяжкія разгалінаваныя рогі, прыпынілі сябе аб паветра, уперліся ў гэтае паветра шырачэзнымі грудзьмі, уталопіліся на чалавека, гарбаносыя, паджарыя, недаверлівыя. I ласянё, ужо прадчуваючы ў сабе звера, але яшчэ не пазбавіўшыся дзіцячай цікаўнасці, стаяла між імі, скоса назірала за чалавекам і ў той жа час цягнулася да яго.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу